25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узбуджаная крымінальная справа за каментары на сайце charter97.org

63

У каментарах да артыкулаў на сайце charter97.org Генпракуратура угледзела «абразу і паклёп».

Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла журналістка сайта charter97.org Наталля Радзіна.

«Сёння ад праваабаронцы Алега Воўчака мне стала вядома пра узбуджэнне другой крымінальнай справы за публікацыі на сайце charter97.org. Крымінальная справа ўзбуджаная Генеральнай пракуратурай таксама па факце паклёпу ў ... каментарах да апублікаваных на сайце артыкулаў. Гаворка ідзе пра артыкул, перадрукаваны з газеты адміністрацыі Лукашэнкі «Савецкая Беларусь», аўтарам якой выступіў былы «аўганец» Аляксандр Рыжанкоў і якая была напісаная ў традыцыях савецкай прапаганды: з асуджэннем воінаў-«аўганцаў», якія выступаюць супраць улады і адмовіліся ўзяць медалі з рук Лукашэнкі. Гэты артыкул выклікаў абурэнне многіх чытачоў сайта», - распавяла Наталля Радзіна.

На допыты ў Генпракуратуру ўжо выклікаліся сустаршыні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны ў Аўганістане «Абаронцы Айчыны» Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі.

Наталля Радзіна нагадала, што ў Еўропе, а з нядаўніх часоў і ў Расеі, паводле заканадаўства, інтэрнэт-СМІ не нясуць адказнасці за каментары чытачоў.

«Аднак у нашай краіне можна чакаць чаго заўгодна. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Інтэрнэт - сёння адзіная крыніца праўдзівай інфармацыі пра сітуацыю ў краіне. Акрамя таго, інтэрнэт ва ўсім свеце не толькі інфармуе, але і мобілізуе людзей напярэдадні выбарчых кампаній. Гэтага ўлады відавочна спалохаліся. Ніякай нецэнзурнай лаянкі ў каментарах не было. Было агульнае абурэньне «ганенню» у дзяржСМІ прынцыповых людзей», - паведаміла Наталля Радзіна.

Нагадаем, раней у рамках іншай крымінальнай справы аб паклёпе на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа былі праведзеныя ператрусы ў шэрагу незалежных журналістаў і канфіскаваная ўся кампутарная тэхніка. У офісе сайта www.charter97.org наладзілі сапраўдны пагром.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках