25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аўтуховіча засадзяць і будуць глядзець, як гэта праглынуць беларусы»

20

На прэс-канферэнцыі ў Менску праваабаронцы распавялі, чаму «справа Аўтуховіча» тычыцца кожнага беларуса, і заклікалі прыйсці з кветкамі на абвяшчэнне прысуду 6 траўня.

Прысуд па «справе тэрарыстаў» будзе агучаны 6 траўня ў 14.30. Да гэтай падзеі праваабаронцы падзяліліся з журналістамі тым, што яны бачылі на судзе, і распавялі, хто такі Мікалай Аўтуховіч і чаму сядзіць менавіта ён, піша газета «Салідарнасць».

- Тое, што мы ўбачылі на судзе, стала для нас шокам, - заявіла старшыня Цэнтра па правах чалавека Раіса Міхайлоўская. - Мы сутыкнуліся з такой вялікай колькасцю працэсуальных парушэнняў. Грамадству неабходна задумацца, чаму сядзіць менавіта Аўтуховіч? Яшчэ падчас працэсу ў 2006 годзе ў сваім заключным слове ён сказаў: «Гэты суд - следства маёй барацьбы з карупцыяй у Гарадзенскай вобласці». Сёння ўсё гэта паўтараецца зноў.

Па словах праваабаронцаў, усё пачалося яшчэ ў 2005 годзе, калі за нежаданне даваць хабар і спробу змагацца з карупцыяй Аўтуховіча спрабавалі зламаць, нацкаваць на яго шматлікія праверкі. Яшчэ тады падчас следства на яго спрабавалі «павесіць» і знойдзены гранатамёт, і падпал. Але не змаглі.

- Думалі, што пасля суду Аўтуховічу хопіць і «справы пра падаткі», і, адседзеўшы, ён супакоіцца. Але ён не супакоіўся. І зноў пачаў сваю праваабарончую дзейнасць. Таму з'явілася новая справа.

Тое, што прадпрымальнік так прыцягнуў увагу ўладаў, на думку праваабаронцы Алега Воўчака, тлумачыцца тым, што ён разам са сваімі аднадумцамі даведаўся і паказаў, як сістэма зарабляе грошы.

- Яны знайшлі карупцыю ў тым воргане, дзе яе не можа быць, у аддзяленні Міністэрства па падатках і зборах. Яны раскрылі тайную ценявую эканоміку уладаў, калі ўбачылі, як дзяржава зарабляе, калі частка грошай ідзе мясцовым чыноўнікам, а астатнія дзяржаве. Улады ўбачылі, што гэтых людзей па-іншаму не спыніць.

Праваабаронца таксама выказаў занепакоенасць адносна бяспекі жыцця Мікалая Аўтуховіча.

- Успомніце, на судзе Аўтуховіч неаднаразова казаў «калі я дажыўшы», - нагадаў Алег Воўчак. - І гэта не проста так. У турме ён сапраўды не абаронены. І ўлады зробяць усё, каб ён не выйшаў.

Па словах праваабаронцаў, факты, да якіх звярталася следства, былі абсалютна бяздоказныя, у той час як доказы невінаватасці былі цалкам праігнараваныя. Аднак гэта зламала людзей.

- Я бачыла, як паводзяць сябе на судзе Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў. Годна, сумленна, яны не выглядалі прыгнечана - адзначыла Людміла Гразнова. - Можна смела сказаць, што гэтыя людзі - героі сённяшняга дня, героі Беларусі. А вось той жа Аляксандр Ларын - гэта зусім іншы тып беларусаў, і мне вельмі горка ўсведамляць, што такія сярод нас таксама ёсць.

- Дык Ларын - не беларус, ён рускі, - заўважыў нехта з прысутных.

- Гэта чысты палітычны заказ, - упэўненыя сустаршыня аргкамітэта па стварэнні руху ветэранаў вайны ў Аўганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандар Камароўскі. - Мы павінны разумець, што гэта значыць для ўсіх нас. Што такая наша сістэма: калі захоча адзін чалавек, то любы з нас можа атрымаць 20 гадоў. Знойдуць гранатамёт, выбухную прыладу ці яшчэ што ... Ніхто не застрахаваны. А зараз Аўтуховіча засадзяць і будуць глядзець, як павядуць сябе беларусы, як праглынуць гэта.

У сувязі з гэтым праваабаронцы заклікалі ўсіх прыйсці 6 траўня да будынка Вярхоўнага суду, каб падтрымаць Мікалая Аўтуховіча ў знак салідарнасці. Вырашана было таксама прынесці з сабой кветкі, каб прадэманстраваць, што мы верым у невінаватасць гэтых людзей і чакаем іх вызвалення.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках