25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ спыняе кантакты з беларускім рэжымам (Абноўлена)

50
ПАРЕ спыняе кантакты з беларускім рэжымам (Абноўлена)

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыпыняе кантакты з Беларуссю на высокім узроўні.

Адпаведная рэзалюцыя прынятая 29 красавіка большасцю галасоў на паседжанні ПАРЕ ў Страсбурзе.

У галасаванні прынялі ўдзел 67 дэпутатаў, 58 з іх прагаласавалі за прыняццё рэзалюцыі, шэсць — супраць, трое ўстрымаліся, паведамляе БелаПАН.

«Ды пайшлі б вы да д'ябла!» - так падчас дэбатаў у Страсбурзе пракаментаваў пазіцыю беларускіх уладаў у дачыненні да Рады Еўропы і ПАРЕ Хрыстас Пургурыдзес, дакладчык па Беларусі юрыдычнага камітэта Асамблеі.

Як паведамляе ucpb.org, дэпутат з Кіпра таксама заявіў, «што Лукашэнку напляваць на нашыя рэзалюцыі. Ён упэўнены, што мы кінемся да яго ног. Мы павінны пакласці гэтаму канец. Не павінна быць ніякіх кантактаў з беларускімі ўладамі».

У рэзалюцыі звяртаецца ўвага на «недастатковы прагрэс» Беларусі ў галіне адпаведнасці стандартам Рады Еўропы. У прыватнасці, у дакуменце кажацца, што ў рэспубліцы «ў атмасферы сакрэтнасці» былі выкананыя два смяротныя прысуды, калі скаргі асуджаных разглядаў Камітэт ААН па правах чалавека. Адзначаюцца таксама выпадкі парушэння ў Беларусі правоў польскай нацыянальнай меншасці і адсутнасць міжнародных назіральнікаў на «выбарах» у мясцовыя саветы.

У дакуменце выказваецца шкадаванне ў сувязі з «недастатковай палітычнай воляй беларускіх уладаў падзяліць каштоўнасці Рады Еўропы». Пры гэтым у рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік працягнуць дыялог з Беларуссю.

У сувязі з выкананнем прысудаў аб смяротным пакаранні Асамблея прыняла рашэнне «прыпыніць сваю дзейнасць, уключаючы кантакты на высокім узроўні паміж ПАРЕ і «парламентам» Беларусі і ўрадавымі органамі гэтай рэспублікі», кажацца ў рэзалюцыі ПАРЕ, паведамляе «Інтэрфаксу».

Каментуючы гэты дакумент журналістам, кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Асамблеі Канстанцін Касачоў адзначыў, што расейскія парламентары галасавалі супраць прыняцця гэтага дакумента.

«Мы не згодныя з гэткімі паспешлівымі ацэнкамі і рашэннямі Асамблеі. Мы выказаліся за тое, каб не ўзмацняць жорсткасць далейшых кантактаў парламента РЕ з Беларуссю», - падкрэсліў Касачоў.

Разам з тым ён адзначыў, што пры галасаванні большасць чальцоў ПАРЕ падтрымала гэтую рэзалюцыю.

Учора таксама стала вядома, што старшыня ПАРЕ адмяніў візіт у Беларусь.

29 красавіка лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сустрэўся са старшынём Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Меўлютам Чавушоглу.

«Размова датычыла цэлага шэрагу пытанняў, — паведаміў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька адразу пасля сустрэчы. — Я перадаў старшыні нашае бачанне дарожнай карты па ўступленні Беларусі ў Раду Еўропы і ПАРЕ, а таксама маніторынг мінулай выбарчай кампаніі, падрыхтаваны ў фармаце кампаніі «Кажы праўду». Я паспрабаваў, каб размова была максімальна канкрэтнай, і таму сканцэнтраваў увагу на прыкладах пераследу незалежных журналістаў, сітуацыі з Саюзам палякаў, тэндэнцыі да ўвядзення кантролю над інтэрнэтам. Галоўнае пытанне што рабіць? І цяпер шмат што залежыць ад палітычнай волі Асамблеі. Мы гатовыя абмяркоўваць пытанне пра змест дарожнай карты як з дэпутатамі Асамблеі, так і прадстаўнікамі беларускай улады».

У сваю чаргу прэзідэнт ПАРЕ заявіў, што ён «быў вымушаны адмяніць запланаваны візіт у Менск, і гэта звязана з апошнімі дзеяннямі беларускіх уладаў».

Як паведамлялася раней, у гэтым годзе ў Беларусі былі выкананыя два смяротныя прысуды, вынесеныя ў 2009 годзе. Тады да выключнай меры пакарання быў прысуджаны Васіль Юзэпчук, які здзейсніў серыю забойстваў сталых жанчынаў у Драгічынскім раёне Берасцейскай вобласці. Акрамя таго, у 2009 годзе Менскі абласны суд прысудзіў да смяротнага пакарання забойцу двух супрацоўнікаў СВК «Бальшавік-Агра» Салігорскага раёна Менскай вобласці, якія перавозілі зарплату супрацоўнікаў прадпрыемства - больш за Br60 млн.

Як раней паведаміў журналістам міністр унутраных справаў Беларусі Анатоль Куляшоў, наяўнасць ці адсутнасць інстытута смяротнага пакарання не вырашае праблемаў, звязаных са злачыннасцю ў краіне.

«Адмена ці мараторый на смяротнае пакаранне не вырашаць праблемы, звязаныя са злачыннасцю ў краіне», - заявіў ён журналістам.

«Пытанне пра ўвядзенне мараторыя і адмену смяротнага пакарання патрабуе прапрацоўкі на ўсіх узроўнях», - падкрэсліў Куляшоў. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі за існаванне інстытута смяротнага пакарання выказаліся на рэферэндуме 80% жыхароў рэспублікі.

Камітэт ААН па правах чалавека ў спецыяльнай заяве выказаў абуранасць у сувязі з пакараннем смерцю двух чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе камітэта.

Дзеянні беларускіх уладаў асудзілі кіраўніцтва Рады Еўропы, «Міжнародная амністыя», беларускія праваабаронцы.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне. У чэрвені 2009 года Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў асамблеі пры ўмове ўвядзення ў рэспубліцы мараторыя на смяротнае пакаранне. Да ўвядзення мараторыя таксама заклікае Еўразвяз. Гэта адна з умоваў адмены візавых санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія ЕЗ падоўжыла да кастрычніка 2010 года.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках