25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва ўсіх заробкі падаюць, аклад Лукашэнкі - хаваецца

40

Пра тое, колькі зарабляе беларускі кіраўнік, не ведаюць нават у яго прэс-службе.

«Еўрарадыё» паспрабавала высветліць, ці паўплываў крызіс на даходы прэзідэнтаў суседніх краінаў і кіраўніка Беларусі.

Заробак прэзідэнта Літвы, як і раней, складаецца з 12 сярэднестатыстычных зарплатаў. Аднак цяперашні літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ зарабляе менш за свайго папярэдніка Валдаса Адамкуса прыкладна на 12%, то бок яна атрымлівае каля 7 тысячаў 200 еўра ў месяц, паведаміла Еўрарадыё загадчыца Аддзела фінансаў і ўліку Адміністрацыі прэзідэнта Літвы Рыта Хапянене.

«24 тысячы 750 літаў, гэта калі не адлічваць падаткі» - паведаміла Рыта Хапянене. А вось «чыстымі» заробак Далі Грыбаўскаўтэ складае 18 тысячаў 810 літаў, то бок каля 5,5 тысячаў еўра.

Зменшыўся ў сувязі з крызісам і заробак прэзідэнта Латвіі Валдзіса Затлерса. Паводле дадзеных «Интерфакса», летась ён таксама зарабіў на 12% менш, чым у 2008 годзе, агулам за 12 месяцаў — 38 тысяч латаў. То бок у сярэднім 4,5 тысячы еўра штомесяц.

Заробак жа польскага прэзідэнта Леха Качыньскага істотна не змяніўся, паведамілі нам у яго канцылярыі. Праверыць гэта можа кожны ахвотны — дастаткова толькі наведаць прэзідэнцкі сайт.

На старонцы www.prezydent.pl ёсць такая закладка: «Пытанні і адказы». І там ёсць такое пытанне: «Колькі зарабляе прэзідэнт?». І там усё напісана, колькі агулам ён атрымлівае і з чаго складаецца ягоны заробак». Штомесяц Леху Качыньскаму плацяць 20 тысячаў 137 злотых разам з падаткамі. Гэта прыкладна 5 тысячаў 240 еўра.

Дбае пра празрыстасць сваіх даходаў і расейскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў. Даведацца, колькі ён зарабляе, якую мае маёмасць, а таксама колькі грошай трымае ў банках, можа кожны інтэрнэт-карыстальнік на яго сайце, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Расейскай Федэрацыі.

За 2008 год Дзмітрый Мядзведзеў зарабіў больш за 4 мільёны 140 тысячаў расейскіх рублёў — то бок больш за 140 тысячаў долараў. Аднак ці паўплываў на яго даход крызіс, невядома, паколькі дадзеныя за 2009 год Дзмітрый Мядзведзеў яшчэ не даў.

Што ж тычыцца зарплаты новага кіраўніка Украіны, дык высветліць яе дакладны памер не так проста. У Фінансавым упраўленні Адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта пацвердзілі толькі тое, што прэзідэнцкі заробак сапраўды скараціўся ўдвая, як і абяцаў перад выбарамі Віктар Януковіч.

У 2008 годзе Віктар Юшчанка зарабіў каля 46 тысячаў еўра. То бок прыкладна 3,8 тысячы еўра ў месяц. Значыць, заробак цяперашняга ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча павінен складаць менш за 2 тысячы еўра.

А вось колькі зарабляе беларускі кіраўнік, не ведаюць нават у яго прэс-службе. Няма даведкі пра даходы і на прэзідэнцкім сайце. Як паведаміў «Еўрарадыё» прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Павел Лёгкі, гэтая інфармацыя не вельмі цікавіць СМІ і народ.

«Я ж не ведаю, ці будзе цікавіць людзей гэтая інфармацыя. Шчыра кажучы, ніколі не задумваўся. Наконт прэзідэнта мне асабіста, напрыклад, не вельмі цікава ведаць. А вось колькі зарабляе журналіст «Еўрапейскага радыё для Беларусі», вельмі цікава. Ці не будзеце ў сябе вывешваць на сайце, колькі зарабляеце?», - запытаўся Лёгкі.

Нагадаем, што апошняя адкрытая інфармацыя пра даходы Аляксандра Лукашэнкі датуецца 2005 годам і была пазначаная ў перадвыбарчай дэкларацыі аб даходах. Тады беларускі прэзідэнт зарабіў крыху больш за 59 мільёнаў рублёў за 12 месяцаў — гэта каля 20 тысячаў еўра.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках