25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскія санкцыі могуць «ударыць» па пастаўках нафты ў Беларусь

26
Амерыканскія санкцыі могуць «ударыць» па пастаўках нафты ў Беларусь

ЗША вызначылі новы, больш жорсткі, чым раней, механізм рэгулявання санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

Выбар для транзіту венесуэльскай нафты паміж партамі Адэсы і Клайпеды быў зроблены на карысць Украіны зусім не з эканамічнай мэтазгоднасці, а хутчэй, - з разліку магчымага ўжывання санкцыяў з боку ЗША - ва Украіне, пры цяперашняй уладзе, амерыканскія санкцыі будзе рэалізаваць складаней, чым у Літве, піша ўкраінскі інфармацыйны партал «Транспартны бізнэс».

Пастаўка першай танкернай партыі нафты з Венесуэлы для Беларусі ў Адэскі МТП, з далейшым чыгуначным транзітам на Мазырскі НПЗ канцэрна «Белнафтахім», была распачатая 24 красавіка. Падставай для паставак стаў падпісаны 15 сакавіка кантракт паміж венесуэльскай дзяржаўнай нафтакампаніяй PDVSA і ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія БНК» канцэрна «Белнафтахім». Кантракт стаў другім крокам, пасля стварэння ў Венесуэле ў 2007 годзе нафтаздабываючага СП Petrolera BeloVenesolana. Калі другі крок будзе мірным і транзіт пойдзе паспяхова, бакі распачнуць трэці крок: у прапорцыях 75% і 25% адпаведна створаць гандлёвае СП для рэалізацыі нафтапрадуктаў у Беларусі і суседніх з ёй краінах.

Першапачаткова, адразу пасля стварэння здабыўнага СП, мелася на ўвазе, што лёгкія гатункі нафты з Венесуэлы пачнуць паступаць у Беларусь альбо па схеме замяшчэння, альбо праз літоўскі нафтатэрмінал Klaipedos Nafta. Аднак, праведзены ў 2007 годзе ўладамі ЗША арышт замежных рахункаў «Белнафтахім» выключыў выкарыстанне гэтага тэрмінала. Больш за 70% яго акцыяў належыць цалкам лаяльнаму ў дачыненні да ЗША ўраду Літвы. Яшчэ 11,3% акцыяў валодае кампанія Osman Trading (Дубаі), а астатні пакет размеркаваны паміж дробнымі еўрапейскімі прыватнымі акцыянерамі-аператарамі паставак.

Па неафіцыйных дадзеных, пры прапрацоўцы перспектываў літоўскага транзітнага кантракту большасць гэтых сузаснавальнікаў былі прызнаныя вельмі адчувальнымі да механізму амерыканскіх санкцыяў. У той жа час, выкарыстанне нафтагавані Адэскага марскога парта абяцала «Белнафтахіму» больш высокую стабільнасць. Гэта нафтагавань знаходзіцца ў сумесным выкарыстанні дзяржавы і днепрапятроўскага ЗАТ «Сінтэз Ойл», якое з'яўляецца ўласнасцю шэрагу кіпрскіх афшорных кампаніяў, а тыя ў сваю чаргу належаць грамадзянам Ізраілю. У той жа час, з прычыны спецыфікі амерыкана-ізраільскіх стасункаў, інвестыцыі грамадзянаў Ізраілю лічацца «цяжкадасягальнымі» для санкцыяў з боку ўрада ЗША.

Апошняя акалічнасць вельмі задавальняе ўлады Беларусі, паколькі на працягу апошніх месяцаў палітыка санкцыяў узмацніла жорсткасць. Роўна за месяц да заключэння венесуэльска-беларускага кантракту, 16 лютага, Офіс кантролю замежных актываў Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікаваў дадатак да 5-га раздзела Кодэкса федэральнага рэгулявання (CFR) ЗША, пашырыўшы яго новым 548-м раздзелам Belarus Sanctions Regulations.

Гэты дакумент вызначыў новы, больш жорсткі, чым раней, механізм рэгулявання санкцыяў у дачыненні да Беларусі. Першая са зменаў - маёмасць якога кшталту падлягае блакаванню і арышту; другая - якія юрыдычныя працэдуры павінны ажыццяўляцца на тэрыторыі ЗША, а якія ў дачыненні да амерыканскіх прадпрыемстваў за мяжой; трэцяя - што павінна адбывацца са сродкамі на замарожаных рахунках; чацвёртае - як будуць налічаюцца адсоткі на арыштаваную маёмасць; пятае - які будзе парадак арышту нерухомасці і хто панясе выдаткі па яе ўтрыманні. Акрамя гэтага, новы «беларускі» раздзел Кодэкса CFR у сваёй выніковай частцы вызначыў тарыфную сетку штрафаў за парушэнне гэтага распараджэння, а таксама, вызначыў юрыдычны парадак вываду актываў з-пад сілы дзеяння згаданага дакумента.

Да прыняцця «548 раздзела» асноўным інструмантам амерыканскай палітыкі санкцыяў у дачыненні да Беларусі з'яўляўся дакумент прамога дзеяння, які пакідаў месца для юрыдычных шчылінаў - гэта распараджэнне прэзідэнта ЗША №13405 ад 16 чэрвеня 2007 года «Аб блакаванні ўласнасці асобных асобаў, што падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі». Упершыню гэты дакумент быў уведзены ў дзеянне ў лістападзе 2007 года, калі былі арыштаваныя замежныя рахункі канцэрна «Белнафтахім». У далейшым, у 2008-2009 гадах, санкцыі былі пашыраныя на ўсе роднасныя прадпрыемствы з удзелам капіталу гэтага канцэрна. Пасля прыходу да ўлады адміністрацыі Барака Абамы, палітыка санкцыяў яшчэ больш узмацніла жорсткасць: паралельна з дадаткамі да Кодэкса CFR, амерыканскія заканадаўцы ўхвалілі законапраект кангрэсмэна Ілеаны Рос-Лехцінен «Акт аб ўліку беларускіх паставак узбраенняў».

19 красавіка, за тыдзень да пачатку венесуэльскага транзіту нафты праз Адэсу, новыя меры OFAC былі ўпершыню агучаныя на афіцыйным узроўні. Іх сэнс раскрыла дарадца намесніка дзяржсакратара Карэн Сцюарт (былы амбасадар ЗША ў Беларусі), якая заявіла, што ў новай палітыцы ЗША ў дачыненні да Менска шмат пераемнасці: «Мы па-ранейшаму занепакоеныя абмежаваннем свабоды слова і прэсы ў краіне, нас турбуюць апошнія падзеі, звязаныя з ператрусамі ў кватэрах незалежных журналістаў. Раней ЗША, адрэагаваўшы на змены, дазволілі дзвюм кампаніям канцэрна «Белнафтахім» весці ў нас гандлёвую дзейнасць. Гэта была разумная рэакцыя на той момант… Але праўда ў тым, што ў Беларусі няма ніякага прагрэсу», - патлумачыла Карэн Сцюарт.

Усе гэтыя нюансы робяць цалкам верагодным ужыванне амерыканскіх санкцыяў і да прадпрыемстваў «Белнафтахіма», і да яго верагодных украінскіх партнёраў. Пры гэтым, акрамя істотных знешнепалітычных рызыкаў, ва Украіне вакол транзіту венесуэльскай нафты стварыліся не менш складаныя ўнутрыпалітычныя расклады. Паралельна з заключэннем у Каракасе 15 сакавіка венесуэла-беларускага кантракту, у Кіеве адбылося XVIII паседжанне Міжурадавай украінска-беларускай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Па яе выніках, Кабмін даручыў Мінпалэнерга да 1 чэрвеня 2010 года падрыхтаваць прапановы па транспартыроўцы нафты на Мазырскі НПЗ з выкарыстаннем украінскіх і беларускіх нафтаправодаў - украінскага нафтаправода «Адэса-Броды» і адной з галінаў нафтаправода «Дружба» на ўчастку Гомель-Броды.

Гэты варыянт транзіту нафты праз Адэсу ў Беларусь, на першы погляд, падаецца цалкам рэальным, паколькі афіцыйна ён быў напрацаваны ўрадам Віктара Януковіча яшчэ ўвосень 2004 года па ініцыятыве віцэ-прэм'ер-міністра па пытаннях ПЭК Андрэя Клюева. Аднак сёння на справе ўсё не так проста, паколькі ўкраінскае Мінпалэнерга пакуль устрымліваецца ад любых каментароў гэтага даручэння. Справа ў тым, што кіраўнік гэтага ведамства Юры Бойка, вядомы як прынцыповы апанент Андрэя Клюева. Акрамя гэтага, Ю.Бойка ў 2002-2003 гадах лічыўся перакананым прыхільнікам выкарыстання нафтаправода «Адэса-Броды» не ў інтарэсах Беларусі ці краінаў ЕЗ, а наадварот, у інтарэсах расейскай кампаніі ТНК ВР і кіпрскага афшора Kollide Ltd.

Такую прыхільнасць міністра можна даволі проста патлумачыць. Прадстаўніцтва Kollide Ltd. у РФ размешчанае ў Маскве па вул. Новы Арбат 14, у адным офісе з прадстаўніцтвам блізкай да Ю.Бойкі афшорнай газатрэйдэрнай кампаніі Eural Trans Gas KFT. У пацверджанне такога супадзення, у сакавіку гэтага года, па прадстаўленні Ю.Бойкі адзін з дырэктараў кампаніі Kollide Ltd. Юры Барысаў быў прызначаны на вельмі ўплывовую ў нафтагазавым сектары пасаду (кіраўніка праўлення ДП «Газвыдобування» НАК «Нафтагаз Украіны»). Як відаць, з прычыны гэтых, другіх і трэціх, не менш уражлівых супадзенняў, на працягу працяглага перыяду 2001-2008 гадоў у афшора Kollide і ТНК ВР атрымлівалася выкарыстоўваць Адэса-Броды ў сваіх інтарэсах, без усялякай аглядкі на інтарэсы Беларусі.

У апошнім моманце, мяркуючы па ўсім, і заключалася галоўная і глыбокая карпаратыўная інтрыга беларускага нафтавага транзіту праз Украіну, які зараз нарастае. Верхавіна гэтай інтрыгі - расейская ТНК ВР сумесна з канцэрнам «Белнафтахім» валодае 47% акцыяў расейска-беларускага нафтавага гіганта «Слаўнафта» (Беларусь унесла ў лік 51% капіталу гэтай карпарацыі ўсе свае НПЗ), а корань інтрыгі - ТНК ВР разлічвае займець яшчэ большы кантроль над беларускай нафтаперапрацоўкай метадамі нафтавай ізаляцыі краіны.

З такога пункту гледжання, магчымае ўжыванне санкцыяў ЗША да тэрміналаў Літвы ці Украіны выглядае цалкам рэальным мерапрыемствам. І мерапрыемствам цалкам заканамерным. Таму што з расейскага боку вядучымі акцыянерамі карпарацыі ТНК ВР з'яўляюцца грамадзяне ЗША Леанід Блаватнік, Сямён Кукес, Іосіф Бакалейнік і Эдуард Шпіц. А ўжываць санкцыі супраць каго-небудзь, абараняючы інтарэсы буйных амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў, Вашынгтону заўсёды было вельмі і вельмі ўласціва.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках