25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За нацыянальны сцяг Сяргею Каваленку пагражае 3 «хіміі»

19
За нацыянальны сцяг Сяргею Каваленку пагражае 3 «хіміі»

Прысуд віцебскаму актывісту за вывешванне нацыянальнага сцяга на навагодняй ёлцы будзе вынесены сёння.

13 траўня, у другі дзень судовага працэсу па справе віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі, пракурор папрасіў суд прысудзіць абвінавачванага да трох гадоў абмежавання волі. Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

Паводле яго словаў, усё ішло да таго, што прысуд будзе вынесены познім вечарам 13 траўня. Аднак Каваленка заявіў, што вельмі стаміўся і не можа выступіць з апошнім словам. Суддзя Яўген Буруноў выклікаў хуткую дапамогу, каб высветліць сапраўдны стан абвінавачванага. Пасля агляду суд быў перанесены на раніцу 14 траўня.

Падчас учорашняга паседжання Каваленка тройчы патрабаваў адводу абвінаваўцы, тройчы – усяго суда ў поўным складзе і чатыры разы – асабіста суддзі Яўгена Бурунова. На думку актывіста, суд відавочна стаіць на баку міліцыянтаў - падпалкоўніка Андрэя Іванова, малодшага сяржанта Максіма Максімава і старэйшага сяржанта Васіля Палітыкі, якія сцвярджаюць, што Каваленка аказваў ім супраціў і што яго ўчынак – гэта злоснае хуліганства, паведамляе «Радыё Свабода».

«Суддзя, абвінаваўца і сведкі спяваюць ва ўнісон. А «пацярпелыя» задаюць пытанні, якія іх справы не датычаць. За ўсіх адказвае падпалкоўнік Іваноў – заўсёды за ўсіх траіх. Абвінаваўца задае сведкам навадныя пытанні, а суддзя, калі я штосьці кажу, глядзіць праз мяне як праз шкло і ніводнага хадайніцтва не задавальняе», - распавёў Сяргей Каваленка.

На тым, што Сяргей Каваленка здзейсніў хуліганскі ўчынак, вывесіўшы нацыянальны бел-чырвоны белы сцяг на навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебска, настойваюць міліцыянты. Яны запатрабавалі ад Каваленкі кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў кожнаму – за тое, што апазіцыянер быццам бы публічна іх абражаў, а таксама «наносіў адзінкавыя ўдары». Яны таксама сцвярджаюць, што актывіста не збівалі, хаця цялесныя пашкоджанні ў Сяргея Каваленкі зафіксавала медыцынская экспертыза.

34-гадовы Каваленка быў затрыманы 7 студзеня 2010 года каля галоўнай навагодняй ёлкі Віцебска неўзабаве пасля з'яўлення на ёй бел-чырвона-белага сцяга. У дачыненні да актывіста ўзбудзілі крымінальную справу. Ён абвінавачваецца па двух артыкулах: ч. 1 арт. 339 (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства; прадугледжанае пакаранне — да трох гадоў пазбаўлення волі) і арт. 363 (супраціў супрацоўніку ўнутраных справаў ці іншай асобе, які ахоўвае грамадскі парадак; пакаранне — ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі).

Працэс над Каваленкам павінен быў распачацца 20 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска, аднак быў адкладзены на 12 траўня ў сувязі з сямейнымі абставінамі суддзі.

Варта адзначыць, што 14 траўня спаўняецца 15 гадоў з дня правядзення рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках