25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ААН абмеркавалі парушэнне правоў чалавека ў Беларусі (Адноўлена)

8

Савет ААН па пытаннях правоў чалавека разгледзеў сітуацыю ў Беларусі. У слуханні ўдзельнічалі афіцыйная і незалежная беларускія дэлегацыі.

У Жэневе адбылося прадстаўленне універсальнага перыядычнага даклада па Беларусі.

Афіцыйную беларускую дэлегацыю, якая прадставіла свой даклад, узначальваў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Міхаіл Хвастоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Паралельна некалькі няўрадавых арганізацый Беларусі («Вясна», «Асамблея НДА», БХК, БАЖ) падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад, у якім вылучылі каля 50 рэкамендацый паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Па словах лідэра праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, асноўнае пытанне, на якім спыніліся дэлегаты практычна ўсіх краін - адмена смяротнага пакарання ў Беларусі. Краіны запатрабавалі неадкладнага ўвядзення мараторыя, а потым і адмены смяротнага пакарання.

Вялікую ўвагу прыцягнула таксама і пытанне адмены артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ "Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі". Краіны патрабавалі большай свабоды сходаў, мітынгаў, права на асацыяцыю, на стварэнне няўрадавых арганізацый.

«У адказ на гэта беларуская дэлегацыя часта адмоўчваецца. Напрыклад, зусім нічога не было сказана пра зніклых лідэраў апазыцыі, хоць некалькі краін нагадвалі, што беларускія ўлады павінны расследаваць гэтую праблему ў Беларусі», - адзначыў Алесь Бяляцкі.

Таксама не было адказу на заўвагу аб змяненнях у крымінальным кодэксе, якія тычацца артыкула 193.1.

«Што тычыцца смяротнага пакарання, Міхаіл Хвастоў адказаў, што быў рэферэндум, з вынікамі якога беларусы павінны лічыцца і нічога большага пакуль зрабіць немагчыма, акрамя таго, што пачаліся кансультацыі з людзьмі і створана спецыяльная камісія», - сказаў Алесь Бяляцкі.

«Нягледзячы на тое, што працэдура мела шмат у чым фармальны характар, тым не менш ўпершыню так востра прагучалі тыя пытанні, пра якіх мы бясконца гаворым на такі шырокай міжнароднай арэне», - адзначыў кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна".

Няўрадавыя праваабарончыя арганізацыі таксама правялі брыфінг, прысвечаны артыкулу 193.1.

«Мы распавялі, як працуе гэты артыкул у нас. У некаторых замежных дэлегатаў гэта выклікала проста шок, таму што такі артыкул - гэта вялікая рэдкасць. Нават на былой постсавецкай прасторы яна існуе толькі ў Туркменістане», - распавёў Алесь Бяляцкі.

Не засталася без увагі і праблема неабходнасці далейшай выбарчай рэформы. Нават дэлегацыя з Турцыі паказала на тое, што да іх дайшлі звесткі аб парушэнні выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у ходзе адбыліся выбары ў мясцовыя саветы. Турцыя рэкамендавала працягваць рэформу выбарчага заканадаўства.

Абмяркоўвалася і праблема палітычных знікненьняў. У прыватнасці, дэлегацыі Францыі, Нідэрландаў казалі аб неабходнасці даследаванняў сітуацыі са зніклымі ў Беларусі.

Выказвалася меркаванне пра тое, што Беларусь павінна падпісаць адпаведны факультатыўны пратакол супраць катаванняў, паколькі ў краіне зафіксаваныя факты катаванняў падчас затрымання і знаходжання людзей у турмах і следчых ізалятарах.

Французская дэлегацыя акцэнтавала ўвагу на наяўнасці палітвязняў у Беларусі і заклікала спыніць гэтую практыку.

Шмат прэтэнзіяў да беларускіх уладаў было, у прыватнасці ад прадстаўнікоў Чэхіі, Польшы, па праблеме свабоды сходаў.

На гэтыя прэтэнзіі Міхаіл Хвастоў таксама нічога не мог сказаць па сутнасці.

«У сваіх адказах ён спыніўся на праблемах смяротнага пакарання, мірных дэманстрацый, катаванняў, свабоды асацыяцыяў і свабоды СМІ. І тут ён ці ўхіляўся ад прамых пытанняў, пастаўленых нацыянальнымі дэлегацыямі, альбо казаў няпраўду, - адзначае Алесь Бяляцкі. - У прыватнасці, гэта тычылася пытання свабоды асацыяцыяў, дзе ён казаў, што ніякіх праблем няма і ўсё аб'яднання могуць рэгістравацца. Таксама Хвастоў сказаў, што няма ніякіх праблем і са свабодай СМІ. А далей цытую: «па ступені свабоды ў Інтэрнэце Беларусь знаходзіцца ў лідэрах сусветнай супольнасці» - гэта асабліва смешна чуць у кантэксце новага заканадаўства па ўрэгуляванні Інтэрнэту, якое яны хацелі прыняць».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках