25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагромы ў кватэрах апазіцыянераў: канфіскаваныя тэхніка і ўлёткі (Фота, абноўлена)

138
Пагромы ў кватэрах апазіцыянераў: канфіскаваныя тэхніка і ўлёткі (Фота, абноўлена)

Масавыя ператрусы правялі супрацоўнікі міліцыі і КДБ у дэмакратычных актывістаў у Менску, Гародні, Берасці, Гомелі, Магілёве. Міліцыянты ламалі дзверы.

Ператрусы праходзілі ў межах крымінальнай справы, заведзенай па артыкуле 250 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах).

Першы ператрус сёння прайшоў у Менску ў офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». Яго праводзілі, у тым ліку, міліцыянты спецбрыгады Савецкага РУУС з аўтаматамі і бронекамізэльках. З офіса канфіскавалі ўсе кампутары, улёткі, буклеты, кнігі.

Супрацоўнікі АМАПа перашкаджалі прадстаўнікам СМІ ў фота- і відэаздымцы таго, што адбывалася. Пасля ператрусу офіс кампаніі на вуліцы Машэрава апячаталі.

«Радыё Свабода» паведамляе, што 11 актывістаў кампаніі былі затрыманыя і дастаўлены ў Ленінскі РУУС. Усяго ў аддзяленне міліцыі даставілі каля 20 чалавек, затрыманых падчас ператрусаў у розных месцах сталіцы.

Іх дапыталі пра дзейнасць кампаніі «Гавары праўду!»: дзе друкуюць улёткі, якія мерапрыемствы плануюцца.

Ператрус таксама прайшоў у кватэры лідэра кампаніі, паэта Уладзіміра Некляева. У яго забралі кампутары, мабільныя тэлефоны, улёткі, кнігі і таксама даставілі ў Ленінскі РУУС на допыт.

Абшукалі кватэры журналістаў Аляксандра Уліцёнка, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка, якія супрацоўнічаюць з кампаніяй. У іх канфіскавалі кампутары, носьбіты інфармацыі і друкаваныя матэрыялы. Журналістаў таксама адвезлі ў Ленінскі РУУС для допытаў.

Увечары стала вядома, што рэдактара газеты "Таварыш" Сяргея Вазьняка перавялі ў статус падазраваных і затрымалі на трое сутак. Яго даставілі ў следчы ізалятар.

У офісе сацыялагічнай лабараторыі «NOVAK», якой кіруе Андрэй Вардамацкі, канфіскавалі ўсе фінансавыя дакументы. Відаць, лабараторыя таксама супрацоўнічала з Уладзімірам Някляевым. Прайшоў ператрус і ў выкладчыцы паліталогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Святланы Навумавай.

Ператрус прайшоў і ў кватэры каардынатара кампаніі «Гавары праўду!» па Фрунзенскім раёне Менска Юрыя Фабішэўскага. У яго забралі кампутар і ўлёткі кампаніі. Затым актывіста павезлі на допыт у Ленінскі РУУС. Абшукалі кватэры актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі і ўдзельнікаў гэтай кампаніі Аляксандры Васілевіч і Зміцера Бандарчука. Канфіскавалі ноўтбукі, тэлефоны, флэшкі, прынтэр.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду!» з Менска Міхась Башура паведаміў пасля допыту ў РУУС, дзе знаходзіўся больш за чатыры гадзіны, што ў яго канфіскавалі кампутар, ноўтбук, носьбіты інфармацыі.

Яфім Васільеў з Барысава, якога пратрымалі ў Ленінскім РУУС таксама не менш за чатыры гадзіны, паведаміў, што яму так і не сказалі ў межах якой крымінальнай справы ён быў дапытаны ў якасці сведкі.

У Магілёве супрацоўнікі міліцыі і КДБ правялі ператрусы ў офісах дзвюх няўрадавых арганізацыяў – «Рух наперад» і дабрачынным фондзе «Шчырасць». Канфіскаваныя кнігі Уладзіміра Някляева, сістэмныя блокі, буклеты «Гавары праўду!».

18 траўня ў Гомелі каля дзесятка міліцыянтаў і людзей у цывільным блакавалі кватэру экс-дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Юрыя Варонежцава. Падчас ператрусу, які доўжыўся каля пяці гадзінаў, міліцыянты канфіскавалі тры ноўтбукі, адзін з якіх належыць яго 10-гадовай дачцы, кампутар сына, відэакамеру, мабільныя тэлефоны, носьбіты інфармацыі — дыскі, дыскеты, флэш-карты і відэакасеты, кнігі і грошы — ад 5 да 7 тыс. даляраў.

«Выграблі ўсе грошы, усё, што было ў розных месцах. Большая частка грошаў належала маёй жонцы. Нават не ведаем, на што жыць», — адзначыў палітык у інтэрв'ю БелаПАН.

Міліцыянты таксама забралі з офіса АГП старшыні гарадской арганізацыі гэтай партыі Андрэя Толчына. Міліцыянты паказалі ордэр на ператрус яго кватэры. У Толчына былі канфіскаваныя два сістэмныя блокі кампутара, два сканэра, два мабільных тэлефона, кампакт-дыскі, фатаграфіі з асабістага альбома, флэш-карта, прынтэр і партыйная літаратура.

У Берасці прайшлі ператрусы ў кватэрах сацыял-дэмакратаў, чальцоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Свабоднага прафсаюза, а таксама актывістаў кампаніі «Гавары праўду!».

У старшыні Берасцейскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганны Канюс падчас ператрусу ў кватэры канфіскаваны сістэмны блок кампутара і два ноўтбукі, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні абласной структуры партыі Валянцін Лазарэнкаў.

Паводле яго словаў, ператрус па месцы жыхарства Канюс праводзіўся 18 траўня прыблізна ў адзін час з ператрусам у офісе абласной арганізацыі БСДП (Грамада) чатырма супрацоўнікамі міліцыі.

«Канюс у той час была ў нашым офісе. Дома знаходзіўся яе бацька. Як вынікае з пратаколу ператрусу, падставай для яго, таксама як і ў офісе, паслужыла крымінальная справа, узбуджаная ў Менску», — дапоўніў Лазарэнкаў.

Ператрус прайшоў у офісе Берасцейскага аддзялення Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП. У офісе нікога не было, таму ўваходныя дзверы ў яго былі ўскрытыя працаўніком аварыйнай службы.

У Гародні абшукалі кватэру актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Ігара Ламекі. Яго забралі з працы супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

У Ваўкавыску прайшоў ператрус у кватэры чальца АГП Віталя Гуляка. Яго праводзілі міліцыянты з Гародні.

Ва ўсіх канфіскоўвалі тэхніку і друкаваныя матэрыялы. А ў Віталя Гуляка міліцыянты забралі нават «карту паляка».

У кватэрах актывістаў кампаніі «Гавары праўду!» у Барысаве таксама праводзіліся ператрусы. Як паведаміў БелаПАН адзін з актывістаў грамадзянскай кампаніі, прадпрымальнік Віктар Гарбачоў, у яго адсутнасць у кватэры, дзе ён пражывае, супрацоўнікі міліцыі ўзламалі ўваходныя дзверы. Былі канфіскаваныя тэхніка, дакументы і іншыя матэрыялы.

Ён паведаміў, што аналагічная сітуацыя ў барысаўскага актывіста кампаніі Міхаіла Васільева, які зараз знаходзіцца ў Менску. «Адзінае адрозненне — у яго дзверы не ламалі. Але пад пагрозай узлому дзвярэй супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў кватэру і таксама пачалі канфіскоўваць тэхніку і дакументы», — заявіў Гарбачоў.

Віцебскую актывістку Лідзію Сагідуліну выклікалі ў Кастрычніцкі РУУС на допыт адносна друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду!», канфіскаванай у яе ў канцы красавіка. Але ва ўчастку яе дапыталі ў межах крымінальнай справы па артыкуле 250 КК РБ.

Яшчэ да адной актывісткі Галіны Багданавай міліцыянты прыйшлі дахаты і прад'явілі пастанову на ператрус па гэтым самым артыкуле. У жанчыны канфіскавалі 50 буклетаў кампаніі і канцылярскую прадукцыю з лагатыпам кампаніі.

Нагадаем, што тактыка ўладаў праводзіць ператрусы ў адзін дзень не новая. 16 сакавіка ў офісах і кватэрах лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, журналістак Наталлі Радзінай, Ірыны Халіп, Святланы Калінкінай і Марыны Коктыш былі праведзеныя ператрусы і канфіскаваныя кампутары. У офісе charter97.org было канфіскавана больш за ўсё тэхнікі – 8 кампутараў.

Фота «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 138

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках