25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» пагражае перакрыць газ Беларусі

52
«Газпрам» пагражае перакрыць газ Беларусі

Масква і Менск ізноў могуць пасварыцца з-за газу. Беларусь плаціць не кантрактны кошт, а $150 за 1000 кубаметраў.

У панядзелак «Газпрам» паведаміў, што «Белтрансгаз» запазычыўся яму $137 млн за I квартал. А ўчора высветлілася, што канцэрн пагражае Беларусі абмежаваннямі, калі тая не расплаціцца. Пра гэта паведаміла крыніца, блізкая да «Газпрама», і расейскі чыноўнік, які ўдзельнічае ў абмеркаванні пытання. Лісты з папярэджаннямі адпраўленыя ў «Белтрансгаз» і ўрад Беларусі, кажа адзін з суразмоўцаў: прамой пагрозы там няма, але «Газпрам» нагадвае, што пры даўгах можа ўжываць санкцыі па кантракце, у тым ліку абмежаванні на пастаўку, піша расейская газета «Ведомости».

Доўг назапасіўся з-за таго, што Беларусь плаціць за газ па $150 за 1000 куб. м, кажуць абодва суразмоўцы з расейскага боку. Хаця кошт I квартала па формуле з кантракту (гл. урэз) — $169,22. Уся справа ў тым, што Беларусь у 2010 г. хацела плаціць за газ $150, пра што неаднаразова заяўляла яшчэ ў канцы 2009 г., тлумачыць чыноўнік: у краіны складаная эканамічная сітуацыя, сур'ёзны дэфіцыт гандлёвага балансу, а напачатку 2011 г. — прэзідэнцкія выбары.

Прадстаўнік «Газпрама» Сяргей Купрыянаў пацвердзіў толькі, што доўг «Белтрансгаза» узнік з-за таго, што той плаціць не па формуле. Прадстаўнік беларускага ўрада ад каментароў адмовіўся, атрымаць іх у «Белтрансгазе» не атрымалася.

Беларусь і «Газпрам» неаднаразова спрачаліся аб коштах на газ. Апошні раз — у 2009 г., сітуацыя была вельмі падобная на цяперашнюю. У I квартале кантрактны кошт для «Белтрансгаза» быў $210,32 за 1000 куб. м, а прагноз на ўвесь год — каля $150. Таму Беларусь вырашыла не марнаваць лішнія грошы напачатку года і плаціла адразу «сярэднегадавыя» $150. Да сярэдзіны 2009 г. доўг дасягнуў $244 млн. І старшыня праўлення «Газпрама» Аляксей Мілер папярэдзіў, што канцэрн у адпаведнасці з кантрактам можа звярнуцца ў суд ці пайсці на скарачэнне паставак. Праўда, да гэтага не дайшло. Да IV квартала кошт для «Белтрансгаза» знізіўся да $121,98, невялікі доўг застаўся, але Беларусь яго заплаціла.

Паўтарыць гэта не атрымаецца, запэўнівае крыніца, блізкая да «Газпрама»: прагноз сярэдняга кошту для Беларусі на 2010 г. — $185-187. З улікам плану па закупцы (каля 21 млрд куб. м) атрымліваецца $3,9 млрд, а па кошце, які плаціць Беларусь зараз, — $3,15 млрд.

Перамоваў аб зніжэнні кошту няма, запэўнівае расейскі чыноўнік, хаця беларускія калегі просяць пра гэта ўвесь час.

Масква вельмі часта ўзгадвае пра беларускі доўг за газ, калі ёсць іншыя спрэчныя пытанні паміж краінамі. Напрыклад, мінулым летам Расея абмежавала доступ для беларускай малочнай прадукцыі, Беларусь прыстрашыла ўзмацніць рэжым кантролю за перасоўваннем грузаў на асноўных расейска-беларускіх магістралях, а «Газпрам» заявіў пра доўг за газ (хаця ён назапашваўся некалькі месяцаў). Канфлікт вырашыўся на працягу месяца.

Ці ёсць спрэчныя моманты гэтым разам, расейскія чыноўнікі не кажуць. Але, напрыклад, па Мытным саюзе супярэчнасці ёсць, адзначае Аляксей Партанскі з Інстытута гандлёвай палітыкі ДУ-ВШЭ, напрыклад, у галіне нафтавых пошлінаў і ўвазных тарыфаў на іншамаркі.

Якраз сёння пройдзе сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў Мытнага саюза. Сёння ж «Газпрам» чакае ад «Белтрансгаза» плацёж за красавік, кажа блізкая да яго крыніца.

Ці будзе абмяркоўвацца газавае пытанне, не зразумела. Але Масква і Менск павінны знайсці рашэнне, адзначае прэс-сакратар расейскага прэм'ера Дзмітры Пяскоў: «А пакуль не будзе іншых рашэнняў, Беларусь павінна прытрымвацца кантрактных коштаў на газ».

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках