25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Сяргей Сідорскі спрачаўся з Уладзімірам Пуціным

51

Адным з рэальных вынікаў гэтай сустрэчы, на погляд карэспандэнта выдання "КоммерсантЪ", стала ачышчэнне ад дзмухаўцоў лужка перад прэс-цэнтрам.

У пятніцу ў Санкт-Пецярбургу прайшло паседжанне кіраўнікоў урадаў Мытнага саюза і ЕўрАзЭС. Перамовы па Мытным саюзе, якія перарываліся размовамі з калегамі па ЕўрАзЭС і СНД, працягнуліся да глыбокай начы, але пераадолець рознагалоссі так і не атрымалася. Дакументы, якія былі падрыхтаваныя экспертамі напярэдадні ўначы, падпісаныя не былі, распавядае Андрэй Калеснікаў, карэспандэнт выдання "КоммерсантЪ".

Вакол Канстанцінаўскага палаца лета, і дзесяткі працаўнікоў і працаўніцаў самазабыўна выполваюць з травы дзьмухаўцы, так спяшаюцца, нібыта ў кагосьці ў палацы такая на іх алергія, што, калі дзьмухаўцы не выдраць і не ўтылізаваць да пачатку паседжання, справа можа скончыцца дрэнна.

Унутры Канстанцінаўскага палаца Уладзімір Пуцін ужо выступае перад калегамі, удзельнікамі Мытнага саюза, распавядае, як віцэ-прэм'еры да дзвюх начы ўзгаднялі дэталі Мытнага кодэкса і амаль усё нават узгаднілі.

— Прапаную нашым калегам працаваць з яшчэ большай аддачай! — сканчае Уладзімір Пуцін сваю палымяную ўступную прамову, і па яго ўсмешцы зразумела, што сам жа ён мінулую ноч правёў інакш.

Прэм'ер Казахстана Карым Масімаў распавядае, як ён напярэдадні пабываў у Маскве, у Ашчадбанку, і як яго кіраўнік Герман Грэф паказаў яму ашчадкасу новага тыпу.

— Гэта ашчадкаса XXI ці XXII стагоддзя! — Карым Масімаў дагэтуль у захапленні, і я разумею, што XXII стагоддзе ў яго вуснах не перабольшанне і што ён так і ўяўляе яго сабе: з ашчадкасай Германа Грэфа ў цэнтры новага сусвету.

—- Распаўсюдзіць бы...— уздыхае Карым Масімаў.— У межах Мытнага саюза...

І яго святая ўпэўненасць у тым, што ў XXII стагоддзі Мытны саюз якраз набярэ сілу і праектную магутнасць, прымушае ставіцца да яго з трымценнем...

— Ну давайце ж паглядзім, чым нашыя калегі займаліся да дзвюх гадзінаў начы,— кажа Уладзімір Пуцін, і далей паседжанне працягваецца ў закрытым рэжыме. Зрэшты, усёткі сёе-тое можна высветліць, напрыклад, што да гэтага часу так і не атрымалася ўзгадніць з Беларуссю пошліны на газ і што, па разліках расейскага боку, Беларусь ужо запазычылася Расеі каля $200 млн, а па разліках беларускага — наадварот, усё ў парадку і Беларусь выконвае ўсе абавязальніцтвы, якія ўзяла на сябе.

Між тым расейскія перамоўшчыкі тлумачаць, што справа менавіта ў тым, што Беларусь сама вызначае для сябе суму ўзятых абавязальніцтваў і зніжак на газавыя пошліны, а потым у адпаведнасці з гэтымі зніжкамі і плаціць Расеі. І што напярэдадні гэтую праблему так і не атрымалася вырашыць.

Затое, мяркуючы па ўсім, дамовіліся наконт уніфікацыі і прывядзення да сярэдняга паказчыку (як распавядаюць тыя ж перамоўшчыкі) пошлінаў для фізічных асобаў на ўвоз аўтамабіляў. У Расеі яны вышэй, чым у Беларусі і Казахстане, прывядзенне да сярэдняга паказчыку павінна азначаць, што ў Расеі яны павінны знізіцца, а ў Беларусі і Казахстане — павялічыцца.

Пасля паседжання Мытнага саюза прайшла сустрэча прэм'ераў краінаў ЕўрАзЭС. Яна была адзначаная ўсплёскам актыўнасці прэм'ера Беларусі Сяргея Сідорскага, які раптам загаварыў словамі праўды і толькі праўды. І высветлілася, што з 36 мерапрыемстваў, якія павінны быць выкананыя да гэтага дня, выкананыя толькі сем. Што антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС, створаны для падтрымкі больш слабых краінаў супольнасці, не працуе. Ён распавёў, што Беларусь акрамя прапановаў аб арганізацыі дзейнасці фонду перадала туды заяўкі аб найхутчэйшым падаванні ёй дапамогі. Паводле яго словаў, заяўкі прайшлі ўсе неабходныя экспертызы. Але рэакцыі няма ніякай. Сяргей Сідорскі прызнаў, такім чынам, што не адносіць Беларусь да ліку моцных краінаў нават па мерках ЕўрАзЭС. Хаця б такіх амбіцыяў у Беларусі няма.

Акрамя таго, краіны ЕўрАзЭС, па словах Сяргея Сідорскага, нават не падступіліся да статусу рэгіянальнай валюты, які актыўна абмяркоўваўся на папярэдніх паседжаннях.

— І такая сітуацыя па большасці пытанняў! — з горыччу канстатаваў беларускі прэм'ер.

Зрэшты, калегі не звярнулі належнай увагі на ўсплёск актыўнасці Сяргея Сідорскага. Дакладней, яны не звярнулі на яго наогул ніякай увагі і разам з ім падпісалі некалькі дамоваў, якія не аказваюць вырашальнага ўплыву на лёс сваіх краінаў у посткрызісным свеце.

Пасля кароткіх і фармальных перамоваў у фармаце прэм'ераў СНД, у той момант, калі ўжо павінна была распачацца выніковая прэс-канферэнцыя, Уладзімір Пуцін, Сяргей Сідорскі і Карым Масімаў нечакана зноў адасобіліся. Іх перамовы пра Мытны саюз, лёс якога, мяркуючы па іх ранішніх заявах, быў безагаворачна вырашаны, і да лепшага для братэрскіх народаў, аднавіліся з незвычайнай сілай.

Перамовы працягваліся яшчэ пяць гадзінаў. У іх не было перапынкаў на абед, не было наогул ніякіх паўзаў. Хацелася напісаць — "сцямнела", але ў Пецярбургу пачаліся белыя ночы, і насамрэч ніяк не цямнелася, хаця ішла ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Ужо не было ніякай надзеі на тое, што яны прыедуць, як планавалася, у прэс-цэнтр (дзеля чаго і выкасілі дзьмухаўцы), які знаходзіцца ў метрах сямістах ад палаца. Журналісты самі прыйшлі да Магамета.

Пытанняў ніякіх не было, нас папярэдзілі, што прэм'еры абмяжуюцца заявамі. І яны абмежаваліся. Уладзімір Пуцін падзякаваў калегам за змястоўную працу. Пасля таго што ён сказаў далей, гэтыя словы страцілі сэнс.

— Пры гэтым не буду хаваць ад вас,— працягнуў ён,— што ўзгадніць усе пытанні ў нас пакуль не атрымалася.

У гэты момант стала зразумела, што дакументы па Мытным саюзе, над якімі так самазабыўна ўсю ноч працавалі эксперты, падпісаныя не будуць. Расейскі прэм'ер адзначыў, што ёсць "адчувальныя супярэчнасці", і беларускі з натхненнем пагадзіўся з ім.

Спадар Пуцін дадаў, што няма разумення па праблемах аўтапрама, авіяцыйнай прамысловасці, мытных пошлінаў, і сказаў, што эксперты будуць працаваць яшчэ два тыдні.

Спадар Сідорскі абмежаваўся фразай наконт таго, што "пакуль нашыя пазіцыі дагэтуль не збліжаныя". Так рэзка і дакладна ён дагэтуль не выказваўся.

Спадар Масімаў таксама адправіў усіх да экспертаў.

— Калі мы сёння зрушымся з антыкрызісных пазіцыяў, якія занялі, каб пераадолець крызіс, гэта нанясе страты нашай эканоміцы,— заявіў Уладзімір Пуцін, кажучы пра пошліны на ўвоз аўтамабіляў для фізічных асобаў (яны былі падвышаныя і, па сутнасці, з'яўляюцца загараджальнымі).

Гэта значыць няўступлівым зараз падаваўся расейскі прэм'ер.

Такім чынам, дапушчэнне пра тое, што пошліны будуць усярэдненыя, гэта значыць Расея знізіць іх, а Казахстан і Беларусь павялічаць, не пацвердзілася.

— Ёсць праблемы і з іншымі пошлінамі...— заявіў расейскі прэм'ер.

— На нафту і нафтапрадукты! — азартна перабіў яго спадар Сідорскі.

— Тут мітусня недапушчальная,— скончыў Уладзімір Пуцін, і суразмоўцы аддаліліся ў пакоі Канстанцінаўского палаца. У расейскага прэм'ера тут павінны былі прайсці яшчэ дзве сустрэчы — з малдаўскім і таджыкскім прэм'ерамі.

Між тым адразу пасля гэтага ў мяне атрымалася пагаварыць з крыніцай у казахскай дэлегацыі, якая распавяла, як насамрэч праходзілі гэтыя перамовы.

Перамовы, паводле яе словаў, распачаліся без усякай напругі, казахская дэлегацыя згаджалася з усімі прапановамі расейцаў. Праўда, Сяргей Сідорскі адразу сказаў, што Беларусь пакуль рэзервуе сваю пазіцыю. Пры гэтым не было выказана ніякіх пярэчанняў адносна таго, пра што напярэдадні дамовіліся віцэ-прэм'еры.

Але потым спадар Сідорскі заўважыў, што беларускія перамоўшчыкі і сапраўды згодныя з кожнай літарай праектаў дамоваў па Мытным саюзе, толькі з адной умовай: калі Расея знізіць мытныя стаўкі на нафту і нафтапрадукты, якія пастаўляе ў Беларусь. Спадар Пуцін на гэта заўважыў, што гэтая праблема не мае дачынення да дамоўленасцяў па Мытным саюзе. Спадар Сідорскі заявіў, што беларускі бок лічыць, што гэта не так.

Расейскі віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў адзначыў, што пра праблему мытных ставак Беларусь ведала і месяц таму, і два, і тры, але ні разу на перамовах па Мытным саюзе пра гэта нічога не было сказана: "Чаму ж зараз, калі ўсё гатова да падпісання, узнікла гэтая тэма? Чаму маўчалі?"

Спадар Сідорскі адказаў, што Беларусь заўсёды турбавала гэтая тэма. Атрымаўшы адказ, што гэтая праблема вырашаецца ў межах стварэння Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), Сяргей Сідорскі заявіў, што тады Мытны саюз трэба запускаць разам з АЭП.

Уладзімір Пуцін у межах міралюбнай знешняй палітыкі РФ прапанаваў Сяргею Сідорскаму паразмаўляць на тэму пошлінаў на нафту з прэзідэнтам Беларусі і затым вярнуцца да пытання. Зрэшты, было зразумела, што Сяргей Сідорскі менавіта з Аляксандрам Лукашэнкам на гэтую тэму перад сустрэчай у Канстанцінаўскім палацы і размаўляў. А з кім жа яшчэ яму размаўляць?

Ігар Шувалаў не ўтрымаўся і сказаў беларускаму прэм'еру, што пакуль, можа быць, у такім выпадку Мытны саюз створаць Расея і Казахстан, а Беларусь далучыцца да яго, калі палічыць патрэбным.

Зрэшты, спадар Пуцін засмяяўся і сказаў, што не варта так ужо спяшацца і драматызаваць.

Можна было б напісаць: на гэтым яны і развіталіся. Але насамрэч, вярнуўшыся ў Канстанцінаўскі палац, тры прэм'еры працягнулі сваю размову, якая пераваліла далёка за поўнач і, падобна, ужо не мела сэнсу.

А малдаўскі і таджыкскі прэм'еры працягнулі сваю — у чаканні сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.

І таксама сэнсамі сябе не абцяжарвалі.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках