25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Курманбека Бакіева хаваюць у Бярэзінскім запаведніку? (Фота)

24

У Віцебскай вобласці ў рэзідэнцыі «Плаўна» міліцыя ахоўвае «высокага госця».

Рэзідэнцыя «Плаўна» знаходзіцца на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка непадалёк ад вёскі Валавая Гара. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што экс-прэзідэнт Кыргызстана можа знаходзіцца ў Бярэзінскім запаведніку.

«У нас чуткі пайшлі яшчэ з мінулай пятніцы, што там, дзе ў нас рэзідэнцыя Лукашэнкі «Плаўна», знаходзіцца Бакіеў, - распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» прадпрымальнік Алег Тычына. - Учора я размаўляў з людзьмі адтуль - кажуць, што так. Там і міліцыя дзяжурыць, і сувязісты з Лепельскага вузла сувязі. Не ведаю, для чаго яны там. І хуткая дапамога. Вядома, стоадсоткавай інфармацыі няма, але чуткі з'явіліся. І людзі ў Лепелі кажуць, што Бакіеў ў Бярэзінскім запаведніку, у рэзідэнцыі «Плаўна». Вось такая ў нас ходзіць інфармацыя».

Па словах Алега Тычыны, у самім Лепелі на днях міліцыянтаў стала нашмат менш, чым звычайна. Людзі тлумачаць гэта тым, што супрацоўнікаў райаддзела адпраўляюць дзяжурыць у «Плаўна», дзе жыве Бакіеў.

Дзяжурны Лепельскага райаддзелу міліцыі не сказаў дакладна, ці жыве ў «Плаўна» Курманбек Бакіеў, але на жаданне журналіста ўзяць у Бакіева інтэрвію даў тэлефон КПП і сказаў: «Паспрабуйце».

- Ведаеце, нават не магу вам падказаць, - сказаў журналісту дзяжурны. - Паспрабуйце набраць нумар КПП, вёска Домжыцы. Магчыма, там вам падкажуць.

- Кажуць, там усё ахоўваецца?

- Ну вядома.

- І даўно ён там, скажыце?

- Такой інфармацыяй не валодаем.

- Але ён там? Паспрабаваць можна?

- Паспрабаваць можна, але там ці не там, такой інфармацыяй не валодаем.

Па тэлефоне, які даў дзяжурны, адказалі, што аб месцы знаходжання Бакіева таксама нічога не ведаюць.

Кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Павел Лёгкі сказаў, што месца знаходжання Курманбека Бакіева яму невядомае.

Па звестках з Бішкека, мясцовыя актывісткі фонду «Наша права» дамагаюцца ўзбуджэння крымінальнай справы супраць Бакіева за шматжонства. «Экс-кіраўнік дзяржавы Курманбек Бакіеў, як паказалі апошнія падзеі, таксама мае некалькі жонак. Яго паводзіны нанеслі непапраўную шкоду пытанні гендэрнай роўнасці і абароны сямейных каштоўнасцяў», - заявіла кіраўнік фонду Каліча Умураліева. Актывісткі фонду спасылаюцца на словы Аляксандра Лукашэнкі пра сям'ю, з якой Бакіеў прыехаў у Беларусь.

Нагадаем, 20 красавіка, выступаючы ў «нацыянальным сходзе» са штогадовым пасланнем, Лукашэнка распавёў пра жонку і двух малалетніх дзяцей Бакіева: «хлопчыка і дзяўчынку». Між тым вядома, што афіцыйная жонка Бакіева ў выніку падзеяў у Бішкеку 7 красавіка з'ехала ў Маскву. Таксама вядома, што ў Бакіева ёсць дарослыя сыны Марат і Максім, якія займалі ў Кыргызстане высокія дзяржаўныя пасады. У цэлым, з кыргыскіх крыніц, у Бакіева было тры сям'і.

Як заяўляюць прадстаўнікі часовага ўрада Кыргызстана, супраць Курманбека Бакіева заведзеныя крымінальныя справы. Экс-прэзідэнт завочна абвінавачаны ў арганізацыі забойстваў і службовых злоўжываннях.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках