25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За парушэнне ўказа аб інтэрнэце уводзяць крымінальную адказнасць

94
За парушэнне ўказа аб інтэрнэце уводзяць крымінальную адказнасць

Распрацоўваецца праект закона, які будзе прадугледжваць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за парушэнне Указа №60.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі распаўсюдзіла падрабязнае тлумачэнне палажэнняў Указа №60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт» і пастановы Саўміна №644 аб рэгістрацыі беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў. Пытанне адказнасці за невыкананне палажэнняў указу і пастановы Саўміна цікавіла ўладальнікаў рэсурсаў больш за ўсё. І Мінсувязі не стала хітраваць, патлумачыўшы, што ў цяперашні час распрацоўваецца праект закона, у якім дакладна будзе пазначана, хто і за што будзе адказваць. Пры гэтым адказнасць будзе прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная. Міністэрства таксама дало іншыя тлумачэнні па Указе №60 і Пастанове Саўміна №644, паведамляе «Штодзённік».

Як патлумачыла Мінсувязі, да 1 ліпеня 2010 года пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў абавязаныя забяспечыць дзяржаўную рэгістрацыю ўсіх інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў, прычым, як уласных інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў, так і кліентаў. Пры гэтым з 1 ліпеня 2010 года дзейнасць па рэалізацыі тавараў, выкананні працаў, аказанні паслугаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў, якія маюць падключэнне да сеткі інтэрнэт, будзе ажыццяўляцца толькі юрыдычнымі асобамі, а таксама індывідуальнымі прадпрымальнікамі, зарэгістраванымі ва ўсталяваным парадку.

Міністэрства таксама патлумачыла, што пад нацыянальным сегментам сеткі Інтэрнэт разумеецца сукупнасць інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў, якія маюць падключэнне да сеткі Інтэрнэт, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і (ці) выкарыстоўваюць іерархічныя імёны нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт. Зыходзячы з гэтага вызначэння, самі па сабе даменныя імёны BY інфармацыйнай сеткай, сістэмай ці інфармацыйным рэсурсам не з'яўляюцца, аднак могуць з'яўляцца іх складовай часткай. Такім чынам, тлумачыць Мінсувязі, даменныя імёны асобнай дзяржаўнай рэгістрацыі не падлягаюць, калі за імі няма сайта.

Дастаткова непрыемны сюрпрыз чакае тых, хто арандуе вылучаныя серверы для сайтаў кліентаў, і ажыццяўляе адміністраванне сервера. Такіх кампаніяў у Беларусі дастаткова шмат і менавіта яны, а не хостеры абавязаныя будуць правесці рэгістрацыю рэсурсаў сваіх кліентаў.

Мінсувязі і інфарматызацыі таксама пацвердзіла, што рэгістрацыі будуць падлягаць і электронныя паштовыя скрыні, якія размяшчаюцца ў межах зарэгістраванага даменнага імя.

У вельмі няпростую сітуацыю пастаўшчыкі інтэрнэт паслугаў трапляюць у сувязі з абавязкам паведамляць пра тое, што ў нейкага іх кліента змянілася інфармацыя, якая рэгіструецца, напрыклад, памяняўся дырэктар. Пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў, як патлумачыла Мінсувязі, павінен на працягу пяці дзён з дня змены дырэктара, як і любой іншай інфармацыі сваіх кліентаў, якая рэгіструецца, паведаміць пра гэта ў орган, які рэгіструе. Пры гэтым на саміх уладальнікаў сайтаў зусім не ўскладаецца абавязак паведамляць пра змену кіраўніка свайму хостеру. Па сутнасці, любая кампанія можа не паведамляць пра змену інфармацыі, якая рэгіструецца, і не несці ніякай адказнасці. За ўсё адкажа хостер, які аўтаматычна стане парушальнікам Пастановы Саўміна №644.

Паводле тлумачэння Мінсувязі, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў не застануцца без працы і пасля таго, як зарэгіструюць усе рэсурсы кліентаў. Зараз усе дамовы па даванні хостынгу заключаюцца, як правіла, на год, а потым аўтаматычна падаўжаюцца. Дык вось, пра кожнае такое падаўжэнне, трэба будзе таксама паведамляць куды трэба.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках