25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крэмер: Еўразвяз, як ЗША, павінен увесці санкцыі супраць беларускага рэжыму

25
Дэвід Крэмер: Еўразвяз, як ЗША, павінен увесці санкцыі супраць беларускага рэжыму

Палітыка Вашынгтона і Брусэля ў дачыненні да ўладаў Беларусі павінны быць узгодненая, лічыць былы намеснік дзяржсакратара ЗША.

Падаўжэнне санкцыяў ЗША супраць службовых асобаў Беларусі пракаментаваў «Радыё Свабода» Дэвід Крэмер - былы намеснік дзяржсакратара ЗША па правах чалавека, дэмакратыі і працы ў адміністрацыі прэзідэнта Джорджа Буша, якая гэтыя санкцыі ўвяла.

-- Спадар Крэмер, пасля падаўжэння санкцыяў прэзідэнтам Баракам Абамам яшчэ на год Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла, што яны «надуманыя і адарваныя ад жыцця». І яшчэ Менск сказаў, што гэтыя санкцыі «безвыніковыя і канфрантацыйныя. Як вы ацэньваеце заяву беларускага МЗС?

- Я вельмі падтрымліваю рашэнне прэзідэнта падоўжыць гэтыя санкцыі. Санкцыі былі накладзеныя ў 2006 годзе з-за стаўлення беларускага ўрада да сваіх уласных грамадзянаў. Некаторыя з гэтых санкцыяў былі адмененыя ў адказ на вызваленне ў 2008 годзе прызнаных міжнароднай супольнасцю вязняў сумлення. Але стаўленне беларускага ўрада да свайго народа працягвае быць жорсткім і грубым, гэта датычыць правоў чалавека. Таму я думаю, што прэзідэнт прыняў правільнае рашэнне, і я ўхваляю яго. Мы, як і раней, не маем амбасадара ў Менску, бо Беларусь выправадзіла яго ў 2008 годзе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ведае, што яму трэба зрабіць, каб палепшыць стасункі са ЗША і Захадам - спыніць парушэнні правоў чалавека і лібералізаваць жыццё грамадства. Аднак я баюся, што сітуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. Так што я, безумоўна, не згаджаюся з ацэнкай міністра Сяргея Мартынава.

-- Менск разглядае ануляванне санкцыяў як абавязковую ўмову аднаўлення дыялогу з Вашынгтонам. Верагодна, гэта таксама азначае, што пакуль гэтыя санкцыі не будуць адмененыя, да таго часу не адновяць нармальнай працы абедзьве амбасады, персанал якіх зменшаны ўзаемнымі скарачэннямі два гады таму. Як вы ўяўляеце аднаўленне нармальных стасункаў паміж Менскам і Вашынгтонам?

- Давайце ўдакладнім адну рэч. Гэта нашага амбасадара выкінулі з Менска першым. Мы былі вымушаны зменшыць штат нашай амбасады з больш чым 30 чалавек да пяці. Мы адказвалі на крокі Менска так, як адказаў бы кожны іншы ўрад. Так што гэта не былі ўзаемныя меры, а вымушаныя меры з нашага боку. Гэтая акцыя была ініцыяваная рэжымам Лукашэнкі.

Каб выправіць гэтыя рэчы, рэжым у Менску павінен спыніць уціск свайго насельніцтва. Злучаныя Штаты падтрымлівалі высілкі Еўразвяза прыцягнуць рэжым да дыялогу і супрацоўніцтва, але рэжым павінен адказваць на гэта крокамі ў накірунку рэфармавання і лібералізацыі палітычнай сістэмы. Мы заўсёды ставілі гэта пытанне вельмі дакладна. Вызваленне палітычных вязняў было толькі адным з такіх крокаў, хоць і вельмі важным.

Па-мойму, Еўразвяз таксама павінен быў захаваць некаторыя санкцыі супраць Беларусі. Але, на жаль, Еўразвяз адмяніў усе свае санкцыі супраць Менска праз два тыдні пасля несумленных парламенцкіх выбараў. У выніку, ціск на рэжым Лукашэнкі быў паслаблены, і зараз мы маем сітуацыю, у якой ЗША захоўваюць большасць сваіх санкцыяў супраць Менска, а Еўразвяз - не. Мне хацелася б, каб падыходы Вашынгтона і Брусэля былі больш узгодненыя. Я спадзяюся, што гэтай восенню, разглядаючы стасункі з Беларуссю, Еўразвяз зможа вярнуць ранейшыя санкцыі супраць Менска.

-- Спадар Крэмер, а вы асабіста верыце, што Аляксандр Лукашэнка можа змяніць свае палітычныя паводзіны больш ці менш так, як гэтага чакае Вашынгтон?

-- Я стаўлюся да гэтага хутчэй скептычна і сумняюся, што ён можа змяніцца. Але ён, безумоўна, мае нагоду, каб гэта зрабіць. І калі б ён змяніў свае паводзіны, дык Злучаныя Штаты былі б гатовыя аднавіць з ім стасункі. Палітыка санкцыяў, уведзеная пры адміністрацыі прэзідэнта Буша, была прыдуманая не для таго, каб змяніць рэжым, а каб змяніць паводзіны рэжыму. Гэта важнае адрозненне. Так што толькі ад Лукашэнкі залежыць, ці трэба яму змяняць стаўленне да свайго народу. Я не ўпэўнены, што ён так зробіць, але калі б ён змяніўся, дык я магу сказаць, што Злучаныя Штаты былі б гатовыя адказаць на гэта станоўчым чынам.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках