25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія чыноўнікі шукаюць падтрымкі ў Сірыі

3

У Беларусі і Сірыі добрыя перспектывы развіцця стасункаў, заявіў старшыня «савета рэспублікі».

«Беларусь надае выключную ўвагу развіццю стасункаў з Сірыяй. Нашыя краіны і кіраўніцтва нашых краінаў маюць блізкія погляды, у тым ліку і на тое, што адбываецца ў арабскім свеце. Гэта дазваляе нам падтрымліваць адзін аднаго на міжнароднай арэне», - сказаў Анатоль Рубінаў у аўторак у Менску падчас сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Сірыі, паведамляе «Інтэрфакс».

Паводле яго словаў, у Беларусі і Сірыі ёсць вялікія перспектывы ў развіцці як эканамічных стасункаў, так і ў іншых сферах.

«Нашыя эканомікі дапаўняюць адна адну, таму мы зацікаўленыя ў развіцці ўзаемнага гандлю, стварэнні сумесных вытворчасцяў, рэалізацыі розных інвестыцыйных праектаў», - патлумачыў старшыня «савета рэспублікі».

Рубінаў таксама адзначыў, што «хоць таваразварот паміж Беларуссю і Сірыяй расце, мы яшчэ напачатку шляху».

«Не менш важным з'яўляецца і развіццё стасункаў у іншых сферах, у тым ліку сферы культуры, адукацыі, навукі», - сказаў спікер верхняй «палаты». У гэтай сувязі ён асабліва адзначыў, што Беларусі і Сірыі неабходна «стымуляваць і падштурхнуць нашае супрацоўніцтва ў навуковай сферы». «З нашага пункту гледжання, гэтае супрацоўніцтва развіваецца недастаткова», - заўважыў Рубінаў.

Таксама ён падкрэсліў, што ў галіне міжпарламенцкага супрацоўніцтва «нашыя справы ідуць вельмі нядрэнна». «Падпісанае падчас мінулага візіту пагадненне ў галіне парламенцкага супрацоўніцтва спрыяла яго актыўнаму развіццю», - сказаў Рубінаў. Паводле яго словаў, Беларусь і Сірыя гатовыя падпісаць пратакол да пагаднення аб супрацоўніцтва паміж «нацыянальным сходам» Беларусі і Народным сходам Сірыі. «Гэтае пагадненне мяркуе стварэнне міжпарламенцкай камісіі, а гэта - прынцыпова новы ўзровень супрацоўніцтва. Да гэтага падобнае ўзаемадзеянне было ўсталяванае толькі з Расеяй, Украінай і Арменіяй», - падкрэсліў чыноўнік.

Рубінаў заўважыў, што важным фактарам паспяховага развіцця ўзаемаадносінаў паміж Беларуссю і Сірыяй з'яўляецца «добры асабісты кантакт прэзідэнтаў нашых краінаў». «Мы чакаем візіту вашага прэзідэнта сёлета», - рэзюмаваў ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках