25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Старая гвардыя» - за Саннікава

60
«Старая гвардыя» - за Саннікава

Андрэй Саннікаў зможа аб'яднаць вакол сябе ўсе баяздольны і здаровыя сілы грамадства, упэўненыя вядомыя грамадскія дзеячы Беларусі.

Сябры Сойму Партыі БНФ, кіраўнікі абласных і раённых арганізацыяў заявілі пра сваю падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Пра гэта яны абвясцілі 23 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.





Юры Хадыка, прафесар, сябра Сойму Партыі БНФ:

- Я вырашыў падтрымаць Андрэя Саннікава за яго асабістыя якасці. Кіраваць краінай павінны людзі з высокім узроўнем інтэлектуальнага развіцця. Хопіць нам кіраўнікоў ад пліты і ад ската, таму што ўсе нашыя беды зыходзяць менавіта ад недастатковай падрыхтаванасці цяперашніх уладаў да правядзення разумнай незалежнай палітыкі. З гэтага пункту гледжання Саннікаў - бездакорны кандыдат. Ён - выхадзец з беларускамоўнай інтэлігентнай сям'і, мае добрую адукацыю, працаваў на адказных дзяржаўных пасадах, і гэта ўсё з'яўляецца гарантыяй таго, што ён будзе праводзіць паслядоўную, нацыянальна арыентаваную палітыку.




Алесь Марачкін, сябра Сойма Партыі БНФ, кіраўнік творчай суполкі «Пагоня»:

- Я даўно ведаю Саннікава. Гэта глыбока інтэлігентны і разумны чалавек, якому не абыякавае развіццё нашага беларускага мастацтва. Днямі я паслухаў яго інтэрв'ю на радыё «Эхо Москвы»: ён не віляў, казаў адкрыта пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, пра ўзаемаадносіны з Расеяй, пра беларускую мову, нашыя нацыянальныя сімвалы. Упэўнены, што пры Саннікаве мы дакладна не будзем сядзець у акопах, якія стварыў Лукашэнка.




Валянцін Голубеў, сябра Сойму Партыі БНФ, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання:

- Андрэй Саннікаў - мой сябра. Я яго паважаю як спецыяліста, як дыпламата, як палітычнага дзеяча. Добра ведаю яго па працы ў Міністэрстве замежных справаў, удзельнічаў разам з ім у перамовах па ядзерным раззбраенні Беларусі. Гэты чалавек можа прафесійна адстойваць дзяржаўныя інтарэсы. Дарэчы, стварэнне Народнага універсітэта і таварыства філаматаў - таксама былі ідэямі Саннікава. Гэта чалавек справы.




Уладзімір Вараб'ёў, кіраўнік Рады БНФ Першамайскага раёна Менска:

- Сёння я не бачу больш годнай кандыдатуры, чым Андрэй Саннікаў. Менавіта яго падтрымліваем я і мае паплечнікі. Я цалкам згодны з праграмай гэтага кандыдата, гатовы стаць побач з ім і працаваць.







Аркадзь Курыс, лідэр Івацэвіцкай Рады Партыі БНФ:

- Для мяне Саннікаў - гэта свет у канцы тунэля. Я быў рады даведацца, што Віктар Івашкевіч вырашыў увайсці ў яго каманду. Мы вырашылі падтрымаць ініцыятыву і далучыцца да кампаніі Саннікава. І мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы нашаму кандыдату стаць прэзідэнтам.






Алесь Дзям'яненка, лідэр Рады БНФ Савецкага раёна Менска:

- Адсядзецца ў перыяд кампаніі па выбарах прэзідэнта ні ў каго не атрымаецца. Трэба рабіць выбар. І мы выбіраем Саннікава. Гэта маральны аўтарытэт, чалавек з цвёрдай пазіцыяй, які заявіў, што пойдзе да канца. Такія людзі выклікаюць павагу і трэба зрабіць усё магчымае для перамогі Саннікава.






Зміцер Марчук, актывіст Рады БНФ Кастрычніцкага раёна Менска:

- Падтрымліваю Саннікава, таму што ён надзейны, прынцыповы, правераны палітык, які актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях апазіцыі. Як дыпламат ён валодае прафесійнымі сувязямі і можа аднавіць нармальныя стасункі Беларусі з усім светам. Я наагул захапляюся астралогіяй і магу сказаць, што Саннікаў - чалавек, які мяняе вектар палітыкі. І зараз, па зорках, прыйшоў яго час. Менавіта такі чалавек як Саннікаў сёння рэальна можа перамагчы Лукашэнку. Так што настройвайцеся на перамогу.




Сяргей Мудрачэнка, кіраўнік Рады БНФ Ленінскага раёна Менска:

- Мы ўсе прайшлі праз даволі цяжкія палітычныя кампаніі. Людзі хочуць удзельнічаць у палітычнай барацьбе не ў якасці гледачоў. Мы хочам актыўных дзеянняў, хочам змагацца з рэжымам. Упэўнены, што Саннікаў зможа аб'яднаць вакол сябе ўсе дзеяздольныя і здаровыя сілы грамадства.






Віктар Мязяк, лідэр Баранавіцкай Рады Партыі БНФ:

- Трэба рэальна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Мы вырашылі увайсці ў каманду Андрэя Саннікава і працаваць на яго перамогу.








Мікалай Пратасаў, лідэр Рады БНФ Партызанскага раёна Менска:

- Я ўваходжу ў Беларускі Народны Фронт з самага яго заснавання. Віктара Івашкевіча добра ведаю яшчэ таго часу і цалкам давяраю яго выбару. Мне падабаецца Саннікаў, таму што ён творчая асоба. А калі я бачу, што яго падтрымліваюць такія творчыя асобы, як Юры Хадыка, Алесь Марачкін, Валянцін Голубеў, Алесь Шатэрнік, у мяне нагул знікаюць усе сумневы.





Алесь Шатэрнік, сябра Сойму Партыі БНФ, скульптар:

- Мастацтва жыве сэрцам і душой. І мне было радасна даведацца, што Віктар Івашкевіч далучыўся да сур'ёзнай справы. А справа сур'ёзная, таму што, калі я яшчэ ў сакавіку прачытаў, што Саннікаў вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты, я быў вельмі рады. Я ведаю яго жонку. У 1996 годзе яна была на барыкадах, яе збівалі міліцыянты - каго гэта можа пакінуць абыякавым? Час рабіць справу. Упэўнены, усё гэта зараз пакаціцца як снежны ком, усе будуць аб'ядноўвацца. Справа добрая.




Зміцер Вінаградаў, старшыня Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ:

- Я без ваганняў падтрымаў Андрэя Саннікава. З 1990-х гадоў ўважліва адсочваў яго дзейнасць. Прыйшоў час гэтага палітыка. Я жыву ў Нарачанскім краі, шмат зараз распавядаю людзям пра Саннікава. Людзей ўражвае яго біяграфія. Упэўнены, што гэты чалавек зможа вывесці Беларусь на цывілізаваны шлях. І я гатовы зрабіць усё магчымае, каб мы перамаглі.






Віктар Івашкевіч, лідэр Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ:

- Сёння ўсю сваю энергію трэба накіроўваць на барацьбу з рэжымам Лукашэнкі. Нам усім давядзецца аб'яднацца зараз, да выбараў, ці ўжо на Плошчы. Мы ўсё роўна будзем разам.









Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках