25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў і Шушкевіч сустрэліся з прэзідэнтам Еўрапарламента

18
Саннікаў і Шушкевіч сустрэліся з прэзідэнтам Еўрапарламента

Еўропа мае намер перагледзець палітыку ў дачыненні да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч сустрэліся са старшынём Еўрапейскага Парламента Ежы Бузэкам. Сустрэча праходзіла ў Варшаве і доўжылася ў два разы даўжэй за запланаваны час – больш за гадзіну.

«Ежы Бузэк як старшыня Еўрапарламента падкрэсліў, што еўрадэпутаты надаюць шмат увагі сітуацыі ў Беларусі, разумеюць, што незалежнасць і дэмакратыя з'яўляюцца асноўнымі каштоўнасцямі для беларусаў. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Еўрапарламент і Еўразвяз неаднаразова будуць звяртацца да беларускага пытання, у прыватнасці ўвосень будзе падрабязна абмяркоўвацца і пераглядацца палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі. Еўрапейскія палітыкі не назіраюць у Беларусі зменаў у лепшы бок, нягледзячы на абяцанні дыктатара Лукашэнкі, а мясцовыя «выбары», на якіх яны спадзяваліся ўбачыць хоць нейкае паляпшэнне, выклікалі шок сярод еўрапейскіх чыноўнікаў і еўрапарламентароў. Еўрапейцы ўсё ж спадзяваліся, што Лукашэнка паспрабуе хоць неяк выправіць рэпутацыю свайго рэжыму», - заявіў пасля сустрэчы Андрэй Саннікаў.

Беларускія палітыкі звярнулі ўвагу кіраўніка Еўрапарламента на сітуацыю з палітвязнямі і ўступленнем у сілу з 1 ліпеня ўказу аб цэнзуры інтэрнэту.

«Мы са свайго боку прыцягнулі ўвагу старшыні Еўрапарламента да справы палітвязня Мікалая Аўтуховіча, якая таксама з'яўляецца паказчыкам гульні беларускага дыктатара з Еўропай. Доўгі час улады запэўнівалі еўрапейцаў, што ў турме знаходзяцца злачынцы, віна якіх будзе даказаная, аднак абвінавачванне ў тэрарыстычнай дзейнасці на адкрытым працэсе рассыпаліся. Еўропа сёння павінна дапамагчы гэтыя людзям – Аўтуховічу, Асіпенку, Казлову – выйсці на волю як мага хутчэй.

Мы таксама казалі пра тое, што 1 ліпеня ўводзіцца ў дзеянне закон аб інтэрнэце, які прыняты для таго, каб перад выбарамі ліквідаваць апошнія незалежныя крыніцы інфармацыі. Менавіта гэтая мэта пераследуецца прыняццем гэтага закона і стварэннем карных органаў для яго выканання.

Безумоўна, абмяркоўвалася сітуацыя з вылучэннем кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, шанцы на перамогу дэмакратыі. Мы падкрэслілі, што рэальныя шанцы ёсць, але не варта спадзявацца на тое, што дыктатарская сістэма дазволіць правесці сумленныя выбары», - адзначыў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч таксама адзначыў, што «вельмі задаволены» сустрэчай з Ежы Бузэкам.

«Прыемна было чуць, што спадар Бузэк заклапочаны станам беларускай мовы і навучаннем на беларускай мове не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. У прыватнасці, ён выказаў здзіўленне, што ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце беларуская мова ўсё менш і менш выкарыстоўваецца як мова навучання.

Было важна абмеркаваць са старшынём Еўрапарламента сітуацыю ў Беларусі, патлумачыць яму шмат якія рэчы. На гэтую сустрэчу нас запрасілі разам з Андрэем Саннікавым, наймацнейшым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, які настроены на перамогу. Гэта значыць, што ў Еўрапарламенце пра гэта паінфармаваныя», - адзначыў Станіслаў Шушкевіч.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках