25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі МЗС накінуўся на Барака Абаму

28

Прэс-сакратар МЗС паспяшаўся пракаментаваць падаўжэнне прэзідэнтам ЗША санкцыяў у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі.

На яго думку, гэта сведчыць пра «адсутнасць у амерыканскага боку палітычнай волі да вырашэння праблемаў у двухбаковых стасунках». Пра гэта начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў у інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс».

«Калі казаць пра санкцыі ў дачыненні да шэрагу дзяржаўных чыноўнікаў, дык пасля працяглага перыяду існавання гэтых санкцыяў для ўсіх відавочная іх надуманасць і адарванасць ад рэальнага жыцця», - адзначыў прэс-сакратар беларускага МЗС.

«Як нам падаецца, падаўжэнне гэтых бескарысных, але канфрантацыйных па сваёй сутнасці інструмантаў, кажа пра адсутнасць у ЗША палітычнай гатоўнасці і волі да развіцця ўзаемадзеяння ў інтарэсах міру і супрацоўніцтва», - сказаў Савіных.

«Мы перакананыя, што канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж ЗША і Беларуссю будзе карыснае не толькі для нашых краінаў, але і для рэгіёна і сусветнай супольнасці ў цэлым», - заявіў прадстаўнік МЗС рэспублікі. А.Савіных адзначыў, што «Беларусь прапануе ЗША адысці ад стэрэатыпаў канфрантацыйнага мыслення і пачаць працу па расчыстцы завалаў у нашых двухбаковых стасунках». Пры гэтым прэс-сакратар падкрэсліў, што «адмена ўсіх відаў санкцыяў з'яўляецца прынцыповай умовай для пачатку такога дыялогу».

Як паведамлялася, прэзідэнт ЗША Барак Абама прыняў рашэнне падоўжыць на год уведзеныя яшчэ ў 2006 годзе санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і некаторых іншых прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны.

Санкцыі датычаць «некаторых кіраўнікоў Беларусі, а таксама іншых людзей, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ці інстытуты, парушаюць правы чалавека і замяшаныя ў карупцыі», - кажацца ў заяве Абамы.

«Нягледзячы на вызваленне ў канцы 2008 года палітычных вязняў, прызнаных такімі міжнароднай супольнасцю, а таксама на нашыя пастаянныя высілкі, накіраваныя на правядзенне ў Беларусі далейшых рэформаў, звязаных з дэмакратыяй, захаваннем правоў чалавека і вяршэнствам закона, у гэтай краіне застаюцца сур'ёзныя праблемы», - адзначаецца ў дакуменце.

Санкцыі, уведзеныя прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым 16 чэрвеня 2006 года, прадугледжваюць арышт на амерыканскай тэрыторыі ўласнасці людзей, якія патрапілі ў «чорны спіс».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках