25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ДАІ абвясціла вайну п'яным кіроўцам

26

ДАІ Менскай вобласці пачала прафілактычную акцыю «Цвярозы кіроўца», якая працягнецца да 31 ліпеня.

Яе асноўная мэта - спыненне фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення.

Як паведамляе БелТА са спасылкай на аддзяленне агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Менаблвыканкама, п'янства кіроўцаў -- адна з асноўных прычынаў ДТЗ з цяжкімі наступствамі, таму дарожная міліцыя ўзмацніла ў рэгіёне кантроль за фізічным станам кіроўцаў.

У склад рэйдавых групаў уваходзяць не толькі інспектары ДПС ДАІ, добраахвотныя дружыннікі і медпрацаўнікі, таксама паўсюдна арганізаваная праца перасоўных наркалагічных пунктаў.

ДАІ нагадвае, што за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення ці перадачу кіравання п'янаму, а роўна і адмову ад праходжання ў вызначаным парадку агляду парушальніку пагражае штраф у памеры ад 15 да 35 базавых велічыняў (у цяперашні момант адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.) з пазбаўленнем права кіравання транспартам на тры гады. Калі ж за рулём будзе сядзець не проста нецвярозы чалавек, а які яшчэ і не мае пасведчання кіроўцы - штраф ад 25 да 45 базавых велічыняў. Пры паўторным парушэнні на працягу года надыходзіць крымінальная адказнасць.

Міліцыя заклікае ўсіх грамадзянаў паведамляць па тэлефоне 102 пра факты «п'янага» кіравання. «Не заставайцеся абыякавымі, вашае тэлефанаванне дапаможа зберагчы жыццё», - дадалі ў ДАІ.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках