26 лiстапада 2024, aўторак, 3:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску рыхтуюцца да 600-годдзя бітвы пад Грунвальдам

5

У сталіцы адбылося асвячэнне сцягоў, прызначаных для святкавання 600-годдзя перамогі пад Грунвальдам.

У Менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі 6 ліпеня адбылося асвячэнне сцягоў, пад якімі беларуская дэлегацыя будзе ўдзельнічаць у мерапрыемствах па святкаванні 600-годдзя перамогі пад Грунвальдам (Ольштынскае ваяводства, Польшча, 15-18 ліпеня).

Спачатку ксёндз Віталь Драздоўскі асвяціў сцягі, а затым хор Менскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) з Залатой Горкі (мастацкі кіраўнік Святлана Шэйпа) праспяваў духоўны гімн «Багародзіца» і малітву да Багародзіцы.

Сярод асвечаных - рэканструкцыя баявога сцяга Вялікага княства Літоўскага з дзвюма бакавымі выявамі: старажытнага беларускага герба «Пагоня» і Багародзіцы, копіі сцягоў харугваў Менскага, Віленскага і Смаленскага княстваў з выявай «Пагоні» і гербамі гарадоў, а таксама баявога штандара Вялікага князя ВКЛ Вітаўта з выявай геральдычнага герба «Калоны». Пад гэтым штандарам на Грунвальдскім полі змагаліся 10 палкоў Вітаўта. Рэканструкцыя сцягоў зробленая намеснікам старшыні рэспубліканскага грамадскага аргкамітэта па святкаванні 660-годдзя Вітаўта Вялікага і 600-годдзя Грунвальдскай (Дубровенскай) перамогі мастаком Міколам Купавам і вядомым гісторыкам геральдыкі Анатолем Цітовым.

У інтэрв'ю БелаПАН Купава адзначыў, што асвячэнне надае сцягам духоўную сілу. Па яго словах, рэканструкцыі сцягоў іншых беларускіх палкоў - удзельніц бітвы - рыхтуюцца ў Брэсце, Гродне і Магілёве. Аргкамітэт звярнуўся да міністра культуры Паўла Латушкі з прапановай аб наданні адноўленым сцягам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясення іх у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, паведаміў Купава. Ён выказаў надзею, што копіі сцягоў будуць выкарыстоўвацца падчас розных святочных мерапрыемстваў, якія адносяцца да беларускага сярэднявечча, а таксама у часе рэканструкцыі падзей XV стагоддзя і здымання кінафільмаў на гістарычную тэматыку.

Па словах мастачкі па тканінах Алены (Уладзіміраўны) Лось, якая вырабляла сцягі, іх памеры 210 на 147 і 170 на 110 см. Яны зробленыя з шоўку колеру Карміна і бавоўны, аздобленыя вышыўкай, аплікацыямі і малюнкамі.

9 ліпеня ў дворыку Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску адбудзецца музычны фэст, а потым - адкрыццё мастацкай выставы «Грунвальд за імглою часу», падрыхтаванай сябрамі супольнасці «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках