25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь і Украіну чакае «піўная вайна»?

19

Ва Украіне сур'ёзна засцерагаюцца намераў беларускіх улад скараціць імпарт піва.

Беларусь плануе скараціць долю імпартнага піва з 30% да 5%. Украінскія вытворцы ў трывожным чаканні: першы ўдар будзе нанесены па іх – «Белдзяржхарчпрам» увядзе ліцэнзаванне ўкраінскага піва. Беларусаў чакае несуцяшальная альтэрнатыва – «Оболонь» абяцаюць выпускаць на ААТ «Брэсцкае піва», піша «Салідарнасць».

Пра намер скараціць да 2015 года долю імпартнага піва на ўнутраным рынку да 5%, паведаміў на паседжанні прэзідыума Саўміна старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка.

У якасці адной з мер, якая дапаможа гэта зрабіць, ён прапанаваў увесці ліцэнзаванне піва з Украіны.

Як адзначае ў свежым нумары «Коммерсантъ-Украина», наша паўднёвая суседка з'яўляецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў піва ў Беларусь і там сур'ёзна засцерагаюцца намераў з беларускага боку. Па дадзеных удзельнікаў рынку, на долю паставак з Украіны даводзіцца да 10% ад агульнага аб'ёму продажаў. Сабекошт яго вытворчасці ніжэй, чым у Беларусі.

– Украінскія кампаніі закупляюць сыравіну для яго вырабу па рынкавых коштах. У Беларусі ж солад прадае адзінае дзяржаўнае прадпрыемства, а кошты на ячмень усталёўвае дзяржава,– тлумачыць меншыя кошты на сваё піва гендырэктар «Укрпива» Галіна Каранькова.

Беларускі солад у сярэднім на 20% даражэйшы за украінскі, пацвярджае гендырэктар «Славутич» Carlsberg Group» Пётр Чарнышоў.

Па дадзеных «Укрпива», за першыя пяць месяцаў 2010 года ў Беларусь было пастаўлена 1,9 млн дал піва на 7,4 млн даляраў, за пяць месяцаў 2009 года – 1,86 млн дал на 7,2 млн даляраў.

Адзначым, што Беларусь не ўпершыню спрабуе абмежаваць пастаўкі ўкраінскага піва. У сярэдзіне 2009 года дзяржкамітэт рэспублікі па стандартызацыі ў сувязі са скаргай лакальнага вытворцы «Сябар» (належыць Heineken) абвінаваціў «Оболонь» ў продажы піва ГМ «Огнетушитель» без сертыфіката, у выніку чаго «Оболонь» была вымушана адмовіцца ад продажу ГМ у Беларусі.

Сёлета ў красавіку МЗС Беларусі распачало антыдэмпінгавае расследванне адносна імпарту – было прапанавана ўвесці антыдэмпінгавую пошліну ў памеры 11%. Першапачаткова беларускія ўлады планавалі ўвесці квоты на ўкраінскае піва ў памеры 50% ад цяперашніх паставак, але частка півавараў пагадзілася «на коштавыя абмежаванні».

– У чэрвені мы планава павялічылі кошты на сваю прадукцыю ў Беларусь, але менш, чым патрабавала Беларусь,– кажа гендырэктар «Славутич». Паводле яго словаў, цяпер кошт 2-літровай бутэлькі піва гандлёвай маркі «Славутич» у Беларусі вышэй, чым на ўкраінскім рынку: 6 тыс. беларускіх рублёў (15,9 грн) супраць 12,5 грн.

На паседжанні Саўміна старшыня «Белдзяржхарчпрама» Іван Данчанка пацвердзіў, што падчас расследвання ўкраінскі бок прызнаў, што «ён дэмпінгаваў, каб антыдэмпінгавая пошліна ў памеры каля 11% не ўводзілася». Ён лічыць, гэта і дае падставу ўвесці ліцэнзаванне ўкраінскага піва з мэтай абмежавання яго паставак.

Не сакрэт, што шматлікія беларускія аматары піва аддаюць перавагу ўкраінскай прадукцыі не толькі з-за коштаў, але і з-за якасці. Таму абяцанне старшыні «Белдзяржхарчпрама» засвоіць вытворчасць новых найменняў піва – ААТ «Брэсцкае піва» плануе выпускаць «Оболонь светлое», ААТ «Крыніца» – «Оттингер», кампанія «Хайнекен» – «Златы базант черное» – пацешыць іх наўрад ці зможа. Хутчэй наадварот.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках