25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея перасцерагла Беларусь ад рээкспарту малдаўскага віна

6

Расспажыўнагляд будзе сачыць за тым, каб не дапусціць паставак недазволеных да ўвозу ў РФ тавараў.

Расея перасцерагла партнёраў па Мытным саюзе - Беларусь і Казахстан - аб недапушчальнасці рээкспарту малдаўскага віна.

«Мы будзем сачыць за рээкспартам праз Казахстан і Беларусь недазволеных груп тавараў, малдаўскай прадукцыі», - заявіў кіраўнік Расспажыўнагляда Генадзь Анішчанка, паведамляе «Інтэрфакс».

У той жа час галоўны санітарны лекар РФ адзначыў, што забароны на ўвоз у Расею малдаўскіх вінаў няма. «Мы ўлічваем інтарэсы расейскага бізнэсу і не ідзем на поўную забарону ўвозу вінаў з Малдовы», - адзначыў ён.

«Толькі за апошні тыдзень на тэрыторыю РФ паступіла 300 тыс. літраў малдаўскай віннай прадукцыі», - сказаў Анішчанка, аднак, «17,5 тыс. літраў аказалася няякаснай прадукцыяй, якая будзе вернутая».

Паводле яго словаў, Расспажыўнагляд працягвае весці інтэнсіўныя кансультацыі з Малдовай, аднак «пакуль жа нам даводзіцца нагружаць нашыя лабараторыі і напружваць нашых мытнікаў».

Галоўны санітарны лекар нагадаў, што «калегам па мытным саюзе - у Казахстан і Беларусь - накіраваны ліст, у якім прадугледжаныя асаблівыя меры па ўвозе на тэрыторыю Расеі асобных груп тавараў».

Расспажыўнагляд будзе сачыць за тым, каб не дапусціць «паставак недазволеных да ўвозу ў РФ тавараў, у тым ліку малдаўскіх вінаў, праз суседнія дзяржавы», цытуе ПРАЙМ-ТАСС Анішчанку.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках