25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На саміце АДКБ беларускі дыктатар быў ізгоем

46
На саміце АДКБ беларускі дыктатар быў ізгоем

Двухбаковых сустрэч з прэзідэнтамі падчас саміту ў Ерэване ў Аляксандра Лукашэнкі не было.

21 жніўня ў сталіцы Арменіі завяршыўся двухдзённы нефармальны саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Кіраўнікі шасці краін вырашылі, што да снежня неабходна выпрацаваць прапановы па змене статутных дакументаў з тым, каб пашырыць паўнамоцтвы АДКБ дзеля большага ўплыву на крызісныя сітуацыі ў рамках краін-сяброў арганізацыі. Прыкладам неэфектыўнага ўзаемадзеяння былі названыя падзеі ў Кыргызстане, якія з-за знешняй бяздзейнасці прывялі да шматлікіх чалавечых ахвяраў, нагадвае «Радыё Свабода».

У снежні старшынства ў АДКБ пяройдзе да Беларусі. Узначаліць арганізацыю Лукашэнка павінен быў яшчэ год таму, аднак з-за тагачаснага беларуска-расейскага малочнага канфлікту арганізаваў дэмарш і на маскоўскі саміт не паехаў. На выніковай прэс-канферэнцыі расейскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што кіраўнік Беларусі выказаў гатоўнасць прыняць такую місію. Фактычна гэта было адзінае публічнае згадванне Беларусі, мяркуючы па якім стала зразумела, што Лукашэнка не вельмі ўпісаўся і ў фармат ерэванскай сустрэчы.

Нават афіцыйныя беларускія СМІ ні разу не працытавалі беларускага кіраўніка, а праграмы навінаў абмяжоўваліся толькі выказваннямі гаспадара мерапрыемства, прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна.

Лукашэнка прыбыў на саміт у Ерэван адным з першых, аднак меў толькі кароткую сустрэчу каля трапа самалёта з Сержам Саргсянам, а наступныя два дні разам з сынамі - старэйшым Віктарам і малодшым, шасцігадовым Колем - правёў у кампаніі з былым прэзідэнтам Арменіі Робертам Качаранам. Менавіта на яго некаторыя аналітыкі ўскладалі місію міратворцы, якая, праўда, так і засталася гіпатэтычнай.

Між тым, пра двухбаковыя перамовы Лукашэнкі з калегамі нічога не паведамляецца, таму, відавочна, ніяк не апраўдаліся надзеі некаторых на прымірэнне беларускага дыктатара з Дзмітрыем Мядзведзевым.

Некаторыя расейскія экспэрты так і сцвярджалі, што ў Ерэване Лукашэнка змушаны быў мірыцца з роллю ізгоя: той жа Мядзведзеў непасрэдна абвінаваціў яго ў непаслядоўнасці ў сваіх абяцаннях, а прэзідэнт Кыргызстана Роза Атунбаева некалькі месяцаў дамагаецца ад Беларусі выдачы звергнутага Курманбека Бакіева.

Да таго ж, адразу пасля заканчэння ў чэрвені расейска-беларускага газавага канфлікту расейскія СМІ пачалі масіраваную інфармацыйную атаку супраць Лукашэнкі, які «паразітуе на Расеі» і пры гэтым імкнецца яе ўвесь час падмануць. Тэлеканал НТВ нават паставіў медыцынскі дыягназ беларускаму кіраўніку - мазаічная псіхапатыя, што ў адносінах паміж намінальнымі саюзнікамі - факт беспрэцэдэнтны.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках