25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Независимая газета»: Каго падтрымае Расея на выбарах у Беларусі?

26

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі абвясцілі пра тое, што ім удалося дамовіцца аб сумесных дзеяннях падчас хуткай прэзідэнцкай кампаніі.

Як піша расейская «Независимая газета», дакумент па каардынацыі дзеянняў «па шэрагу кірункаў» прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх рухаў Беларусі падпісалі ў аўторак, пра што паведамілі прэс-службы арганізацый-удзельніц. Сярод тых, што паставілі свой подпіс - Аб'яднаная грамадзянская партыя, грамадская кампанія «Гавары праўду», беларуская партыя левых «Справядлівы свет», жаночая партыя «Надзея», «Еўрапейская кааліцыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада». З агаворкамі дакумент падпісала ультраправая партыя Беларускі народны фронт (БНФ). Не прынялі ўдзел у пасяджэнні і адпаведна пакуль не падпісалі дакумент прадстаўнікі руху «За Свабоду», які ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. Пакуль не вызначыўся адносна падпісання дакумента і лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Ён, як патлумачыў ягоны прадстаўнік, прыме рашэнне ў бліжэйшы час.

Як раней пісала «НГ», дэмакратычныя сілы Беларусі, як называюць сябе прадстаўнікі апазіцыйных партыяў, даўно спрабуюць дамовіцца пра сумесную стратэгію на хуткіх выбарах прэзідэнта, якая дала станоўчы вынік у мінулую прэзідэнцкую кампанію. Нагадаем, што ў 2006 годзе, адмовіўшыся ад уласных амбіцый, лідэры ўсіх апазіцыйных партыяў працавалі на адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Гэта прывяло да таго, што мала каму вядомы палітык заручыўся падтрымкай каля 30% выбаршчыкаў, як сцвярджалі недзяржаўныя сацыёлагі. Вынікам адзінства апазіцыі стала і кансалідацыя грамадства, якое выразна разумела, што ёсць Лукашэнка і ёсць яго праціўнік. Праявай гэтай кансалідацыі сталі пратэстныя акцыі беларусаў нябачаных ні да гэтага, ні пасля гэтага маштабаў. Дастаткова ўзгадаць, што на цэнтральнай плошчы горада ў аўтарытарнай Беларусі каля тыдня трымаўся намётавы гарадок. Улады зрабілі для сябе высновы і, як сцвярджаюць некаторыя эксперты, свае намаганні ў міжвыбарны перыяд накіравалі на тое, каб не дапусціць адзінства апазіцыі.

У сувязі з вышэйвыкладзенымі падзеямі цяперашняе падпісанне апазіцыянеры ацэньваюць вельмі высока. «Гэта першы сумесны крок, і я думаю, што ў нас усё ж ёсць шанец выйсці на адзінага кандыдата на гэтых выбарах», - пракаментаваў «НГ» сітуацыю апазіцыянер са стажам, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.

Цікава, што адным з падстаў для рознагалоссяў у шэрагах апазіцыі стала стаўленне да Расеі. Напярэдадні ў панядзелак партыя БНФ прэзентавала Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў. У дакуменце гаворыцца пра тое, што пагрозу нацыянальнай бяспецы прадстаўляе не толькі рэжым Лукашэнкі, але і вышэйшае кіраўніцтва Расеі. У сувязі з гэтым БНФ заклікае ўсе дэмакратычныя сілы краіны аб'яднацца ў барацьбе не толькі супраць Лукашэнкі, але і супраць Расеі.

На гэтую заяву спешна адрэагаваў Андрэй Саннікаў, які вельмі актыўна ўключыўся ў прэзідэнцкую кампанію. У сваёй заяве ён назваў маніфест БНФ «недарэчным». На яго думку, змяненне стаўлення кіраўніцтва Расеі да Лукашэнкі - шанец пазбавіцца ад дыктатуры, які Беларусь павінна выкарыстаць. Ён выказаў упэўненасць, што ні адна палітычная партыя не стане падпісваць прапанаваны маніфест. Нагадаем, што ў праграмах усіх палітычных сілаў Беларусі адзначаецца гатоўнасць будаваць партнёрскія адносіны як з Захадам, так і з Усходам. Больш за тое, гэтым летам, калі стасункі Масквы і Менска рэзка пагоршыліся, прадстаўнікі многіх апазіцыйных партый не хавалі, што гатовыя выставіць таго самага кандыдата, на якога пагодзіцца зрабіць стаўку Крэмль. Як можна зрабіць выснову з публікацый у СМІ, найбольш папулярная перадвыбарная тэма ў Беларусі - «каго падтрымае Масква». У сувязі з гэтым называюцца прозвішчы і дзейснага прэм'ера Сяргея Сідорскага, і Андрэя Саннікава, і яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах, які адбываў зняволенне за сваю палітычную дзейнасць, - Аляксандра Казуліна. З'яўленне інтэрв'ю з Казуліным у эфіры НТВ мясцовая грамадскасць і СМІ звязваюць менавіта з гэтым.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках