25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Януковіч пацвердзіў у Берліне еўрапейскі выбар Украіны (Фота)

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падчас афіцыйнага візіту ў Берлін сустрэўся з канцлерам Германіі Ангелай Меркель.

Апошні раз Віктар Януковіч прыязджаў у Берлін і размаўляў з канцлерам Ангелай Меркель тры гады таму - тады ў якасці прэм'ер-міністра. У гэты раз праграма візіту была шырэйшая. 30 жніўня з ведамства федэральнага канцлера ён адправіўся да федэральнага прэзідэнта, затым - да прадстаўнікоў справавых колаў ФРГ, а ўвечары выступіў перад сталічнай грамадскасцю, перадае «Нямецкая хваля».

На прэс-канферэнцыі пасля перамоваў з Ангелай Меркель Віктар Януковіч пацвердзіў курс Кіева на збліжэнне з Еўразвязам. Ён па-ранейшаму вельмі спадзяецца на падпісанне пагаднення аб асацыяваных адносінах паміж Украінай і ЕЗ, у рамках якога, паводле яго словаў, можа быць вырашанае і пытанне з бязвізавым рэжымам. А, акрамя таго, заявіў прэзідэнт, такое пагадненне павінна адкрыць перад Украінай перспектыву паўнапраўнага сяброўства ў Еўразвязе. «Стратэгічная мэта Украіны, - заявіў ён, - інтэграцыя ў ЕЗ».

Ангела Меркель заявіла, што таксама выступае за падпісанне пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕЗ, за пашырэнне ўкраінскага ўдзелу ў еўрапейскай праграме «Усходняга партнёрства». Разам з тым, канцлер лічыць няправільным падахвочваць Кіеў рабіць выбар паміж Еўропай і Расеяй.

«Украіна магла б адыграць канструктыўную ролю для паляпшэння і інтэнсіфікацыі адносінаў з Расеяй. І калі казаць пра энергетычнае супрацоўніцтва, то размова павінна ісці не пра альянс Украіны і Еўропы супраць Расеі, а пра сумесныя дзеянні Расеі, Украіны і ЕЗ, накіраваныя на зняцце вастрыні праблемы. Украіна магла б у гэтым выдатна дапамагчы», - заявіла Ангела Меркель.

Вялікую ўвагу на прэс-канферэнцыі канцлер і прэзідэнт надалі пытанням двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Меркель абвясціла пра хуткае стварэнне двухбаковага эканамічнага форуму, у рамках якога гаворка пойдзе пра празрыстасць справавых сувязяў, пра прававыя гарантыі для інвестараў і ўласнікаў, пра сумесныя процідзеянні карупцыі. А ўжо гэтай восенню адбудзецца нямецка-ўкраінскі энергетычны форум. Германія мае намер высветліць, якія яе канкрэтныя магчымасці прыняць удзел у рэструктурызацыі ўкраінскага газавага рынку.

Януковіч, у сваю чаргу, запэўніў канцлера ў тым, што ніякіх перабояў з пастаўкамі газу праз украінскую тэрыторыю больш не будзе, што Украіна хоча і будзе надзейным партнёрам як для Расеі - пастаўшчыка газу, так і для яго канчатковых спажыўцоў у Еўрапейскім Саюзе. Пры гэтым менавіта Германію ён бачыць у якасці галоўнага партнёра ў справе хуткай рэканструкцыі і мадэрнізацыі ўкраінскай газатранспартнай сістэмы, не ўдакладніўшы, праўда, на якіх умовах. У сувязі з гэтым Януковіч панаракаў на вельмі сціплы ўзровень нямецкіх інвестыцый ва ўкраінскую эканоміку, які, паводле яго падлікаў, складае ўсяго 60 млрд даляраў у год, што ў 10 разоў менш за капіталаўкладанні нямецкага бізнесу ў Расеі. «А Украіна ж, - заўважыў прэзідэнт, - хоць і меншая за Расею, але затое бліжэй да Германіі».

Перамовы ўкраінскага Прэзідэнта Віктара Януковіча і федэральнага канцлера Германіі Ангелы Меркель у Германіі лічаць паспяховымі.

Пра гэта падчас сустрэчы з Януковічам заявіў віцэ-канцлер, міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле.

Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта, чыноўнік падкрэсліў, што Германія зацікаўленая ў такім партнёры, як Украіна. «Мы ўважліва сочым за падзеямі ў вашай дзяржаве», - сказаў Вестэрвеле.

Віцэ-канцлер выказаўся за пашырэнне супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, актывізацыю ўзаемаадносінаў не толькі ў эканамічнай сферы, але і ў культурнай, навуковай, адукацыйных праявах. Ён, акрамя таго, адзначыў, што вельмі цэніць сваё супрацоўніцтва з кіраўніком украінскага МЗС Канстанцінам Грышчанкам.

Са свайго боку, Прэзідэнт Украіны Януковіч выказаў задавальненне ходам свайго візіту ў ФРГ і атмасферай ўсіх сённяшніх сустрэч. Ён адзначыў, што практычна ўсе пытанні, якія абмяркоўваліся, знаходзяць практычнае пацвярджэнне.

«Галоўнае - агульнае жаданне пачаць новы канструктыўны прагрэсіўны этап у адносінах з Германіяй. Для гэтага ёсць усе падставы», - сказаў прэзідэнт Украіны. «Па шматлікіх пытаннях мы з'яўляемся саюзнікамі і аднадумцамі», - дадаў Януковіч.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках