25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падпольны Беларускі ліцэй распачаў новы навучальны год

6

Перад будынкам суда на вуліцы Кірава, дзе калісьці знаходзіўся ліцэй імя Якуба Коласа, сабраліся ліцэісты, бацькі і выпускнікі гэтай установы.

«Сабраліся ліцэісты, бацькі, прыйшло шмат выпускнікоў, некаторыя з іх вучацца ў замежных краінах, некаторыя ўжо скончылі ўніверсітэты. Вельмі прыемна было ўсіх убачыць. Сабраліся каля будынка, дзе часова размяшчаецца Цэнтральны суд. Дарэчы, у гэтым судзе судзілі некаторых з выпускнікоў. Вось гэта з'яўляецца сімвалам нашай сітуацыі: судзілі па надуманых прычынах, напрыклад Франака Вячорку, які таксама прыйшоў. Выступілі нашыя ліцэісты, спявалі гімн. Прысутнічаў і АМАП. Аднак, свята адбылося. Зараз мы займаемся падрыхтоўкай да новага навучальнага года. Адзначу, што прыйшлі і абітурыенты. Будзем спадзявацца, што і надалей будзем трымацца разам і займацца гэтай справай, - распавёў «Радыё Рацыя» дырэктар ліцэя Уладзімір Колас.

Як адзначыў Уладзімір Колас, сённяшняе мерапрыемства было сімвалічным пачаткам новага навучальнага года. Беларускі Гуманітарны ліцэй распачаў навучальны год у канцы чэрвеня ў Польшчы, дзе ліцэісты мелі магчымасць займацца ў Варшаве, Гданьску, а таксама на Падляшшы ў нармальных класах.

Нагадаем, што з 2003 года, пасля закрыцця па загадзе ўладаў, навучальная ўстанова працягвае працаваць у неафіцыйным статусе Беларускага гуманітарнага ліцэя. Навучэнцы самастойна вывучаюць курс сярэдняй школы па месцы жыхарства і здаюць іспыты экстэрнам.

Закрыццё ліцэя звязваюць з тым, што ў ім была незалежная, неідэалагізаваная сістэма адукацыі, а выкладчыкі ліцэя былі крытычна настроеныя да ўладаў, ставячы сабе за мэту выхаваць сапраўдных патрыётаў Беларусі, якія ведаюць родную мову і гісторыю.

Нягледзячы на вымушаную апазіцыю да сістэмы адукацыі, у шэрагу краінаў Еўропы менавіта Беларускі гуманітарны ліцэй прадстаўлены як адзіная недзяржаўная ўстанова з навучаннем на роднай мове. Гэта адна з прычынаў, чаму выпускнікі ліцэя маюць магчымасць працягваць навучанне практычна па ўсім свеце.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках