25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ зноў робіць арышты ў Камітэце дзяржкантролю

13

Змешчаны пад варту начальнік Шклоўскага міжрайаддзела Упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Гэта трэцяя аперацыя супраць дзяржкантролю за апошні месяц, паведамляе «Штодзённік». Нагадаем, што ў пачатку жніўня Камітэтам дзяржаўнай бяспекі была распачатая беспрэцэдэнтная антыкарупцыйная аперацыя ў органах Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Папярэднічала гэтым дзеянням праверка Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, якую правёў Савет бяспекі.

Вынікам праверкі стала выяўленне карупцыйных схем, па якіх у ДФР КДК «адмазваліся» ад крымінальнай адказнасці бізнэсоўцы. Прычым праверка Савета бяспекі паказала, што карупцыя ў КДК пусціла карані не толькі глыбока, але і высока. У аператыўную распрацоўку чэкістаў трапілі высокапастаўленыя супрацоўнікі не толькі Дэпартамента фінансавых расследаванняў, але і Камітэта дзяржкантролю.

Ужо праз некалькі дзён пасля заканчэння праверкі Камітэтам дзяржбяспекі быў удала затрыманы, а пасля арыштаваны начальнік Упраўлення расследавання злачынстваў ДФР КДК падпалкоўнік Дзмітрый Адамовіч.

Як раней пісаў «Штодзённік», спачатку з гарачым быў затрыманы пасрэднік у перадачы буйнога хабару службовым асобам ДФР КДК. Ён даў сведчанні супраць Дзмітрыя Адамовіча, і чэкісты тут жа прынялі рашэнне аб прэвентыўным затрыманні галоўнага фінансавага следчага краіны. Праз тры дні яму было прад'яўленае папярэдняе абвінавачванне па арт. 430 Крымінальнага кодэкса Беларусі (атрыманне хабару) і старшыня КДБ Вадзім Зайцаў асабіста падпісаў пастанову аб ягоным арышце, так як Генеральная пракуратура адмовілася гэта зрабіць.

Яшчэ праз некалькі дзён у Берасцейскай вобласці па карупцыйных схемах у КДК спрацавалі аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС. Праўда на гэты раз удалося затрымаць толькі пасрэдніка, але праца ў кірунку органаў фінансавых расследаванняў яшчэ працягваецца.

І вось новая аперацыя чэкістаў. Інфармацыя па новым карупцыйным скандале пакуль вельмі сціслая. Вядома толькі, што затрыманне начальніка Шклоўскага міжрайаддзела УДФР КДК па Магілёўскай вобласці адбылося яшчэ ў жніўні, неўзабаве пасля арышту Дзмітрыя Адамовіча.

Праўда, інфармацыя пра гэта прасачылася толькі зараз, ды і тое вельмі сціслая. У КДБ пакуль не каментуюць і не даюць ніякай інфармацыі па справе. Не кажуць нават, які артыкул Крымінальнага кодэкса інкрымінуецца затрыманаму падпалкоўніку. Нават у самім КДК мала што ведаюць пра новыя аперацыі Камітэта дзяржбяспекі, што, зрэшты, не дзіўна. Камітэт дзяржкантролю цяпер нагадвае разгромленае асінае гняздо. Старшыня КДК Зянон Ломаць вось ужо больш за два тыдні на працу не ходзіць, і мала хто ведае чаму. Быццам бы галоўны кантралёр краіны хварэе, але самі супрацоўнікі КДК шэпчуцца зусім пра іншае: нібыта Зянон Кузьміч ужо неафіцыйна пакінуў свой пост і рыхтуецца да пенсіі.

Зрэшты, адстаўка Ломаця пакуль не больш чым чуткі, якія нічым не пацверджаныя. Як атрымалася высветліць «Штодзённіку», нягледзячы на тое, што старшыня КДК не ходзіць на працу, афіцыйна яго абавязкі ніхто не выконвае. Іншымі словамі, першы намеснік старшыні хоць і замяшчае зараз Зянона Ломаця, але не з'яўляецца выконваючым яго абавязкі. Гэта кажа пра тое, што лёс Зянона Кузьміча яшчэ далёка не вырашаны, хаця ўпарта, як у свой час у 2008 годзе, ходзяць чуткі, што яго месца ўжо прызначана Віктару Шэйману.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках