25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвальвацыя рубля непазбежная

25

Нацыянальны банк Беларусі ўжо ў 6-ы раз зніжае стаўку рэфінансавання да 10,5% з 11% гадавых.

На пачатак года яна складала 13,5% гадавых. Разам з ростам выдаткаў, паводле прагнозаў экспертаў, гэта створыць сур'ёзныя праблемы для беларускага рубля, піша «Заўтра тваёй краіны».

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання з'яўляецца станоўчай з'явай, калі зніжаецца інфляцыя.

- Іншая справа, ці ўдасца нам утрымаць узровень інфляцыі, паколькі зараз пайшло павелічэнне заробкаў, пенсій, гэта значыць, рост выдаткаў бюджэта. Падобныя дзеянні заўсёды падвышаюць інфляцыю. Атрымліваецца, што Нацбанк адначасова імкнецца адэкватна адрэагаваць на інфляцыю, а з другога боку, сам стварае перадумовы для яе росту.

Сёння вельмі сумніўна, што ўзровень інфляцыі атрымаецца ўтрымаць у запланаваных межах. Кошты на цэлыя групы тавараў імкліва растуць. Напрыклад, у гандлёвыя кропкі паступіла грэчка коштам, які перавышае на 50-70 адсоткаў цану месячнай даўніны, і такі прыклад не з'яўляецца адзіным.

- Грэчка - гэта асаблівы тавар савецкага псіхалагічнага настрою, і яе хапіла б усім, калі б расейцы не распальвалі сітуацыю, - мяркуе эканаміст. - А ўвогуле, кошты будуць расці на цэлы шэраг тавараў сельскай гаспадаркі, паколькі ў верасні заканчваецца асноўны сезон. Да кастрычніка кошты павысяцца.

Леанід Заіка падкрэслівае, што ў перспектыве магчымы рост стаўкі рэфінансавання. Але ў бліжэйшы час, лічыць эксперт, улады будуць трымаць яе на пэўным узроўні і могуць нават зменшыць на 0,5%.

- Праблема ў тым, што зараз будуць расці выдаткі і ўзнікне больш складаная сітуацыя на валютным рынку. Больш сур'ёзныя праблемы будуць з курсам беларускага рубля, - прагназуе эканаміст.

Леанід Заіка лічыць, што ў такіх умовах дэвальвацыя беларускай валюты становіцца непазбежнай.

- Абавязкова. Гэта толькі пытанне часу, - упэўнены Леанід Заіка.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках