25 лiстапада 2024, панядзелак, 3:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлеканал «Россия» распавёў пра забойствы апанентаў Лукашэнкі (Відэа)

69
Тэлеканал «Россия» распавёў пра забойствы апанентаў Лукашэнкі (Відэа)

Сенсацыйны сюжэт выйшаў на тэлеканале «Россия» ў штотыднёвай праграме Яўгена Равенкі «Весткі тыдня».

Як перадаў тэлеканал «Россия», 6 верасня ў Менску развітваліся з журналістам Алегам Бябеніным. Паводле версіі следства, ён нібыта павесіўся на сваім лецішчы пад Менскам. Аднак тыя, хто добра ведаў журналіста, выказваюць сумневы. Ужо занадта паспешнымі былі афіцыйныя высновы, а ў справе шмат дзіўнага. Не кажучы пра тое, што ў апошні час, калі вось-вось будзе абвешчаная дата чарговых прэзідэнцкіх выбараў, Алег Бябенін займаўся расследаваннем таго, як у Беларусі знікалі палітыкі, апазіцыйныя Аляксандру Лукашэнку. Што з імі стала? Чаму ўдава памерлага віцэ-спікера парламента Генадзя Карпенкі вымушаная хавацца за мяжой? І пра якія планы Лукашэнкі спрабавалі папярэдзіць тыя, хто знік?

Хата на лецішчы ў Менскай вобласці - там 3 верасня знайшлі павешаным вядомага беларускага апазіцыйнага журналіста Алега Бябеніна.

«Тут уваход, трэба зайсці ўнутр вось тут. Там будзе куханька, прахадны пакой і вялікі пакой. Вокны выходзяць на тую частку хаты, і вось у гэтым праходзе ёсць лесвіца на другі паверх. Там вельмі такая невялікая прастора, і якраз да лесвіцы была прывязаная вяроўка, на якой вісеў Алег», - распавядае сябар Алега Бябеніна Фёдар Паўлючэнка.

Эксперты і міліцыя, якія прыбылі на месца, паводле словаў відавочцаў, з першых хвілінаў агляду зрабілі выснову - самагубства. На гэта, на іх думку, паказвалі самаробны канат з пятлёй, дзве пустыя бутэлькі белавежскага бальзаму на стале і адсутнасць якіх бы там ні было траўмаў і слядоў барацьбы. Але пры першым уважлівым аглядзе сябры заўважылі на целе Алега дзіўныя адмеціны.

«У яго быў як быццам крывяны падцёк на скуры, у раёне шыі. Ззаду на спіне, ніжэй за спіну і дзесьці ў раёне левай ныркі. І я кажу «а гэта што такое?» Мне сказалі, што гэта ў яго было прыроджанае. Я кажу «ну я ў лазні з ім мыўся, парыўся неаднаразова і бачыў, тобок гэтага не было», - распавядае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», сябар Алега Бябеніна Зміцер Бандарэнка.

На думку сваякоў і калегаў, за версію, што Алега Бябеніна забілі, а самагубства інсцэніравалі, кажа дастаткова ускосных фактаў: у дзень знікнення 2 верасня Алег збіраўся ў кіно з сябрамі, таксама ён паведаміў у смс-паведамленні цешчы, што ўвечары забярэ малодшага сына дахаты, але галоўнае - гэта мноства нестыковак на месцы агляду цела.

«Там вельмі шмат нюансаў: як завязвалася пятля, пятля не была слізготнай, мяркуючы па тым, што эксперты разразалі на шыі вяроўку; ён памёр стоячы на падлозе, пры гэтым быў зэдлік, які ляжаў самым дзіўным чынам, тобок ён нікуды не адляцеў, ён ляжаў проста ледзь не абапёршыся на яго», - узгадвае мастацкі кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатра», сябар Алега Бябеніна Мікалай Халезін.

Як распавядаюць сябры журналіста, да Алега Бябеніна афіцыйная беларуская ўлада ставілася з недаверам - асабліва спецслужбы. Апошнія 10-15 гадоў за ім сачылі, яму ананімна пагражалі, Бябенін жа нягледзячы ні на што займаўся журналісцкімі расследаваннямі, здабываў інфармацыю і актыўна супрацоўнічаў з буйнымі заходнімі і расейскімі тэлеканаламі.

«Яго запалохвалі, яго вывозілі ў лес, абяцалі расстраляць. Таму такі канец. Шкада», - распавядае кінарэжысёр, сябар Алега Бябеніна Юры Хашчавацкі.

Ні для каго не сакрэт, што Алег Бябенін ушчыльную займаўся расследаваннямі таямнічых знікненняў буйных апазіцыйных лідэраў. Шмат ведаў, да яго сцякалася ўсё новая і новая інфармацыя, у тым ліку і пра так званыя «эскадроны смерці» - нейкай засакрэчанай ваеннай структуры, што займаецца знішчэннем непажаданых для цяперашняй улады беларускіх палітыкаў, камерсантаў і журналістаў.

У 1999 годзе пры таямнічых абставінах гіне адзін з галоўных палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Генадзь Карпенка. На думку яго ўдавы Людмілы, віцэ-спікер быў атручаны моцнадзейным ядам, якія паражае сасуды галаўнога мозгу, але які не пакідае слядоў. Афіцыйна Карпенка памёр у шпіталі ад інсульту.

«Пасля кансультацыі кардыёлагі мне сказалі, што разрываецца адзін-два сасуды. У яго ж былі разарваныя як буйныя, так і дробныя сасуды, і як выказаў гэта ўрач – «была мешаніна», - распавядае ўдава Генадзя Карпенкі Людміла Карпенка.

Роўна праз месяц пасля гібелі віцэ-спікера ў двары свайго дома бясследна знікае яшчэ адзін апазіцыянер - былы міністр унутраных справаў Беларусі Юры Захаранка. Некалі паплечнік і аднадумца Лукашэнкі, ён перайшоў на бок апазіцыі, арганізаваў Саюз ваенных і міліцэйскіх афіцэраў, але ў красавіку 99-га Захаранку выкрадаюць людзі ў масках - яго цела не знаходзяць, а праз СМІ ідзе арганізаваная дэзінфармацыя.

«Вось, глядзіце, калі знік Юры Захаранка, па беларускім тэлебачанні рэгулярна паведамлялі, што яго бачылі ў Германіі ці дзе-небудзь у Маямі, потым, праўда, праз тыдзень паведамлялі, што яго забілі ў выніку крымінальных разборак, паколькі ён з нейкімі інвестарамі альбо спонсарамі грошай не падзяліў», - кажа журналістка Ірына Халіп.

16 верасня гэтага ж года з аўтамабіля па падобным сцэнары гвалтоўна выцягваюць і звозяць у невядомым накірунку былога старшыню Выбаркама, в.а. старшыні Вярхоўнага савета Беларусі Віктара Ганчара. Віктар Ганчар быў зацятым праціўнікам паправак у канстытуцыю і ў межах падрыхтоўкі саюзнай з Расеяй дамовы неаднаразова сігналізаваў атачэнню і асабіста прэзідэнту Ельцыну пра будучую небяспеку - амбіцыі Лукашэнкі ўехаць у Маскоўскі Крэмль, на яго думку, маглі прывесці да незваротных для Расеі і Беларусі наступстваў. Ганчар актыўна збіраў дакументы для імпічменту, але знік за два дні да апублікавання дакладу.

«Цяпер ворагаў ужо ўнутры краіны не засталося, таму на канец студзеня, паводле планаў, якія распрацоўваюць у адміністрацыі, будзе прызначаны рэферэндум па аб'яднанні з Расеяй. І галоўнымі ворагамі Лукашэнкі стане цяперашняе кіраўніцтва Расеі ў першую чаргу», - казаў у 1996 годзе Віктар Ганчар, у 1996 г. - старшыня Цэнтравыбаркаму Рэспублікі Беларусь, у 1999 годзе - в.а. старшыні Вярхоўнага савета Беларусі.

Сёмага ліпеня 2000 года адбываецца яшчэ адно і, бадай што, самае гучнае знікненне - аператар здымачнай групы ГРТ Дзмітры Завадскі знікае па шляху ў Аэрапорт «Менск-2». Яго машыну знаходзяць прыпаркаванай на стаянцы аэракомплекса. Самога Дзмітрыя не могуць знайсці дагэтуль, нягледзячы на тое, што пасля наймагутнейшага ціску звонку Аляксандр Лукашэнка паабяцаў знайсці вінаватых. Былі затрыманыя і асуджаныя пажыццёва байцы асобнага спецпадраздзялення, але цела Дзмітрыя Завадскага так і не знайшлі. Жонка Дзмітрыя Святлана не стамляецца нагадваць уладам пра тое, што яна ўсё яшчэ спрабуе дакапацца да праўды, але спробы гэтыя часцяком небяспечныя і для яе жыцця.

«Ну не думаю я, што ён сам асабіста аддаваў загад забіваць Дзмітрыя і, магчыма, тады ў першыя дні, калі Дзмітры знік, ён сказаў што «я адкручу галовы». Магчыма, ён шчыра верыў у гэта тады, але калі ён даведаўся, што гэта зрабілі яго людзі, яго структура, якую ён стварыў, якую ён курыруе, яму нічога не заставалася зрабіць, як усё гэта спыніць», - распавядае ўдава Дзмітрыя Завадскага Святлана Завадская.

Расследуючы справу Завадскага, следчыя пракуратуры і КДБ Беларусі выявілі факты існавання адмысловага падраздзялення, якое выконвала карныя функцыі. Начальнік менскага САХРа Дзмітры Паўлічэнка, на думку следства, і па сакрэтным загадзе сваіх высокіх начальнікаў кіраваў растрэльнымі брыгадамі, створанымі з байцоў спецназа.

«Вось гэта пісталет, які з'яўляецца ці з'яўляўся той самай зброяй, якой прыводзіліся ў выкананне смяротныя прысуды. Менавіта гэты пісталет быў запатрабаваны ў мяне міністрам у тыя дні, калі былі выкрадзеныя палітыкі», - распавядае былы начальнік менскага СІЗА №1 Алег Алкаеў.

Былы начальнік Менскага СІЗА №1 Алег Алкаеў хаваецца за мяжой, таму што занадта шмат ведае. Ён напісаў кнігу і надзейна захоўвае сур'ёзныя доказы.

«Лукашэнка прыступны як прэзідэнт. Прыступны па-сапраўднаму толькі ў гэтай тэме. Ён гэта разумее. Хаця я ўпэўнены, што ён не даваў ніякага ўказу на забойства. Загад выглядаў найбольш празаічна – «нейтралізаваць», «прабраць», не «прыбраць», а «заглушыць» апазіцыянераў», - мяркуе былы начальнік менскага СІЗА №1 Алег Алкаеў.

Ці быў такім апазіцыянерам Алег Бябенін, быць можа, яшчэ высветліць следства. Зусім няшмат засталося да выбараў прэзідэнта Беларусі - жывы Алег Бябенін, на думку апазіцыі, мог бы паўплываць на іх вынік, як відаць, не на карысць цяперашняга кіраўніка.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках