25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Халезін: «У мяне вельмі прагматычная пазіцыя»

9
Мікалай Халезін: «У мяне вельмі прагматычная пазіцыя»

Беларусь павінна стаць нармальнай еўрапейскай краінай. І не праз сто гадоў, а праз пяць.

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін увайшоў у ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава.

- Вы самі прынялі рашэнне аб уваходжанні ў ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава, ці вам паступіла прапанова зрабіць гэта?

- Для мяне гэта крок, які сам сабой разумеецца. Мы сябруем паўтары дзясяткі гадоў, і я не мог уявіць сабе іншага рашэння.

Я заўсёды марыў пра тое, каб краіну ўзначаліў чалавек такога калібра, як Саннікаў. І гэта не сантымент у адносінах да сябра, а прагматычная пазіцыя, правераная шматлікімі гадамі разважанняў. Саннікаў заўсёды безумоўна падтрымліваў кандыдатаў у прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў: Домаша, Ганчарыка, Казуліна, Мілінкевіча, мабілізуючы для гэтага ўсе свае кантакты і рэсурсы. Але ўсім гэтым кандыдатам на апошняй стадыі барацьбы на прэзідэнцкіх выбарах не хапала разумення таго, што гэтая барацьба не за самую высокую пасаду ў краіне, а супраць дыктатуры. У такой барацьбе мала быць палітыкам, важна быць цэласнай асобай – валявой, паслядоўнай, сумленнай і бескампраміснай.

- Вы мяркуеце, што Саннікаў валодае ўсімі пералічанымі якасцямі?

- Я перакананы, што так. Ён неаднаразова даказваў, што ў стане дзейнічаць узважана, цвёрда і паслядоўна. У 1996 годзе, падчас парламенцкага крызісу, ён апынуўся адзіным прадстаўніком кабінета міністраў, які сышоў з пасады намесніка міністра замежных справаў, агучыўшы сваю непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да прававога бязмежжа, учыненага Лукашэнкам.

Калі Саннікава збілі прадстаўнікі РНА, ледзь не забіўшы, ён не збаяўся, і працягнуў сваю дзейнасць. Як не спынілі яго арышты і знаходжанне ў турме.

Я неаднаразова назіраў, як прафесійна ён вядзе міжнародныя перамовы, адстойваючы інтарэсы Беларусі, і якой павагай карыстаецца сярод еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў. На мой погляд, сёння ў краіне няма палітыкаў, якія былі б так прафесійна падрыхтаваныя да задачаў, якія сёння стаяць перад Беларуссю. Нам прыйдзецца наноў выбудоўваць стасункі з усім цывілізаваным светам, якія былі сапсаваныя цяперашняй уладай, а з такой задачай можа справіцца толькі ўраўнаважаны, прагматычны і валявы чалавек.

- Вы казалі пра прагматычную пазіцыю пры ацэнцы кандыдата ў прэзідэнты. Што гэта азначае ў вашым разуменні?

- На мой погляд, прагматызм сучаснага чалавека ў ацэнцы ўлады – гэта выразнае разуменне кансенсусу паміж асабістай выгадай і грамадскай. Паспрабую патлумачыць на ўласным досведзе.

Тры газеты, у якіх я працаваў, былі зачыненыя ўладамі па палітычных матывах. Я задаю сабе пытанне: Саннікаў зачыніў бы хоць адну газету? Адказваю: не. І любы беларускі незалежны журналіст ведае пра гэта.

Беларускі Свабодны тэатр вымушаны працаваць у паўпадпольных умовах, пры гэтым з'яўляючыся самым прызнаным беларускім тэатральным калектывам за мяжой. Пытаюся ў сябе: пры Саннікаве-прэзідэнце магла скласціся такая сітуацыя? Адказваю – не! Не можа чалавек, які сябруе з бліскучай опернай дзівай Марыяй Гулегінай, ці легендарным амерыканскім тэатральным рэжысёрам Элен Сцюарт, дазволіць падобнае стаўленне да людзей мастацтва.

Калі я, пры Саннікаве-прэзідэнце, выйду на вуліцу, пратэстуючы супраць нейкіх яго палітычных рашэнняў, мяне саб'е АМАП? Адказваю – не! Проста таму, што ён не церпіць гвалт ні ў якім выглядзе.

Я хачу, каб Беларусь стала нармальнай еўрапейскай краінай. І не праз сто гадоў, а праз пяць. Хачу, каб мае дочкі не з'яжджалі з краіны, каб атрымаць годную адукацыю, а атрымлівалі яе ў Беларусі. У тым ліку і таму я выбіраю Саннікава.

Гэта і ёсць мая прагматычная пазіцыя.

Калі вы хочаце ўвайсці ў ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава:

Тэлефануеце: +375-29-9465052 ці +375 29 6815737

Звязвайцеся па скайпе: jauhen

Ці пішыце на электронную пошту: europeanbelarus@gmail.com

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках