25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Місію назіральнікаў СНД узначаліць прафесійны разведчык

6

Місіяй ад СНД будзе арганізаванае доўгатэрміновае і кароткатэрміновае назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Пра гэта паведамілі БелаПАН у Выканкаме СНД.

Тэрміны пачатку працы назіральнікаў будуць вызначаны пасля прызначэння кіраўніка місіі і акрэдытацыі назіральнікаў у Цэнтрвыбаркаме. Запыт на атрыманне анкет для акрэдытацыі ў ЦВК Выканкам СНД ужо накіраваў.

Чакаецца, што 23 верасня на пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў пры статутных і іншых органах СНД на пасаду кіраўніка місіі будзе ўзгодненая кандыдатура выканаўчага сакратара СНД Сяргея Лебедзева.

20 верасня Выканкам СНД накіраваў лісты прэзідэнтам краін Садружнасці, у Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расеі і міжпарламенцкую асамблею СНД з просьбай вызначыць кандыдатаў для ўдзелу ў місіі назірання.

21 верасня аналагічны зварот быў накіраваны ў знешнепалітычныя ведамствы і цэнтрвыбаркамы краін СНД.

Як раней паведамляў навінавы партал udf.by, назіральнікі ад СНД за прэзідэнцкімі выбарамі пачнуць працаваць у Беларусі ў бліжэйшыя дні. Такія дадзеныя прывяла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

Сёння старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што было б добра, калі б і місія СНД і місія АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі аб'ядналі свае намаганні. Як выказаўся палітык, «ідэальным варыянтам была б адна сістэма назірання пад эгідай АБСЕ, тым больш што краіны СНД з'яўляюцца сябрамі АБСЕ».

Даведка:

Сяргей Лебедзеў - старшыня Выканаўчага камітэта - Выканаўчы сакратар СНД з 5 кастрычніка 2007 года - нарадзіўся 9 красавіка 1948 года ва Узбекістане. Скончыў у 1970 годзе Чарнігаўскі філіял Кіеўскага політэхнічнага інстытута. З 1973 года - у органах дзяржбяспекі, з 1975 года - у знешняй разведцы (Першае галоўнае ўпраўленне КДБ СССР). Мае контрразведніцкую падрыхтоўку (Кіеўская школа КДБ) і разведадукацыю (Чырванасцяжны інстытут КДБ). У 1978 годзе скончыў з адзнакай Дыпламатычную акадэмію МЗС СССР. Валодае нямецкай і ангельскай мовамі. 20 траўня 2000 года Указам прэзідэнта РФ прызначаны дырэктарам Службы знешняй разведкі Расеі. Воінскае званне - генерал арміі. Мае шэраг дзяржаўных узнагарод. 27 сакавіка 2009 года Указам прэзідэнта РФ прысвоены дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара. Хобі - праца, сям'я, лецішча.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках