25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ: Скарачэнне субсідыяў з РФ - шок для эканомікі Беларусі

17

А інвестары ўбачылі ў лукашэнкаўскай Беларусі больш рызыкаў, чым у Грэцыі.

Увядзенне Расеяй экспартнай пошліны на нафту для Беларусі стала цяжкім выпрабаваннем для беларускай эканомікі, у якой яшчэ маюць адбыцца значныя рэформы, лічыць пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Беларусі Наталля Калядзіна, перадае РІА «Новости».

«Гэта стала шокам для эканомікі Рэспублікі Беларусь, які быў ацэнены прыкладна ў 2 мільярды даляраў сёлета, у той час як дэфіцыт рахунку па бягучых аперацыях у мінулым годзе склаў 13% ВУП. Падвышэнне коштаў на нафту прывяло да істотнага зніжэння рэнтабельнасці нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. У сувязі з гэтым, экспарт нафтапрадуктаў значна скараціўся», - сказала Калядзіна ў інтэрв'ю РІА Новости.

Расея ўвяла пошліну на тую частку імпартаванай нафты, якую Беларусь перапрацоўвала і перапрадавала ў Еўропу. Субсідыя на пастаўкі ў памеры 6,3 мільёна тон для ўнутраных патрэбаў пакуль застаецца. У выніку Беларусь у першым паўгоддзі скараціла на 49,8% у гадавым выражэнні імпарт нафты з Расеі, экспарт нафтапрадуктаў скараціўся на 40%, а аб'ём прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці Беларусі знізіўся на 30%.

«Дыверсіфікацыя эканомікі, безумоўна, неабходная, але, Расея і ЕЗ застануцца буйнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі. Хаця ў Еўропу галоўным чынам экспартаваліся прадукты нафтаперапрацоўкі. Што датычыць субсідыяў, дык адмова ад іх непазбежная. Беларуская эканоміка павінна стаць менш залежнай, і Расея сама прыйдзе да таго, каб цалкам ліквідаваць субсідыі», - лічыць Калядзіна.

Паводле яе ацэнкі, адаптацыя беларускай эканомікі да працы без расейскіх субсідыяў - пытанне толькі часу. Менск, верагодна, вымушаны будзе пайсці на непапулярныя меры, у тым ліку такія, як скарачэнне субсідыяў ЖКГ, што ўжо было абяцана МВФ.

Інвестары ўбачылі ў Беларусі больш рызыкаў, чым у Грэцыі

Урад Беларусі ва ўмовах уразання расейскіх субсідыяў і традыцыйнай сістэмы ільготнага крэдытавання ўпершыню быў вымушаны стаць на шлях знешняга рынкавага запазычання. Менск размясціў цяперашнім летам еўрабонды на 1 мільярд даляраў, плануючы на працягу двух гадоў давесці аб'ём пазыкі да 2 мільярдаў даляраў.

«Мы падтрымлівалі гэты крок, таму што гэта шлях да больш цеснай эканамічнай інтэграцыі ў глабальную фінансавую сістэму і ў цэлым у сусветную эканоміку. З іншага боку мне ўяўляецца, што для беларускіх уладаў гэта таксама свайго кшталту тэст: як ацэньваюць інвестары гэтую эканоміку. Я маю на ўвазе рэйтынгі суверэннага пазычальніка», - сказала Калядзіна.

Па ацэнцы МВФ, размяшчэнне беларускіх бондаў прайшло паспяхова. Хаця запазычанне для Беларусі было дарагім, - прыбытковасць па еўрааблігацыях краіны была ўсталявана на ўзроўні 8,75%. Для параўнання Грэцыя, якая апынулася ў варонцы крызісу, размясціла пазыку з прыбытковасцю 7,2%, Расея - на ўзроўні 3,741 - 5,082% пры тэрмінах на пяць і на дзесяць гадоў.

«Што датычыць кошту гэтага запазычання, дык дэбютныя выпускі збольшага размяшчаюцца пад адносна высокія адсоткавыя стаўкі, што выклікана адсутнасцю крэдытнай гісторыі. Што датычыць Рэспублікі Беларусь, дык рызыкі, якія існуюць, у тым ліку, звязаныя з гандлем энерганосьбітамі і недастаткова хуткімі структурнымі пераўтварэннямі, якія маглі б зрабіць беларускую эканоміку больш канкурэнтаздольнай, таксама аказалі ўплыў на кошт запазычання», - лічыць Калядзіна.

Беларусь застаецца своеасаблівым нерэфармаваным «востравам у Еўропе», дзе каля 80% уласнасці належыць дзяржаве. Пры гэтым урад заўсёды робіць акцэнт на неабходнасць прыцягнення прыватных інвестараў у краіну.

«Дзяржаўная доля уласнасці застаецца вельмі значнай. У цяперашні час, аднак, урад заяўляе пра неабходнасць эканамічнай лібералізацыі. Пэўныя крокі былі зробленыя падчас 15-месячнай праграмы stand-by з МВФ - у частцы лібералізацыі коштаў, адсоткавых ставак. Улады працуюць над стварэннем агенцтва па інвестыцыях і прыватызацыі і прынялі Закон аб прыватызацыі. Вялікая праца была праведзеная па стварэнні спецыяльнага фінансавага агенцтва, якое з'яўляецца вельмі важнай структурнай мерай для таго, каб забяспечыць устойлівасць банкаўскай сістэмы ў доўгатэрміновым плане. Аднак, у апошні час гэтая праца замарудзілася і праект указа па стварэнні агенцтва так і не прыняты. Я спадзяюся, што гэтая праца будзе завершаная ў хуткім часе», - лічыць пастаянны прадстаўнік МВФ.

На яе думку, прагрэс у галіне прыватызацыі і развіццё малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама змяншэнне ўмяшання дзяржавы ў эканоміку - гэта неабходныя ўмовы для таго, каб зрабіць эканамічную мадэль больш устойлівай і дынамічнай.

Пяцігодкі колькасці

Эканамічная мадэль, якая існуе ў Беларусі і жыве па гадавых і пяцігадовых планах, што спускаюцца зверху, губляе канкурэнцыю нават на постсавецкай прасторы. У Беларусі прадпрыемствам незалежна ад формаў уласнасці вызначаюцца мэтавыя паказчыкі па выпуску прадукцыі, занятасці і зарплаце, росту валавога ўнутранага прадукта, крэдытаванні эканомікі і безлічы іншых паказчыкаў.

«У той час, як у рынкавай эканоміцы мэтай прадпрыемства з'яўляецца максімізацыя прыбытку, беларускія прадпрыемствы павінны забяспечыць выкананне абавязковых колькасных паказчыкаў - задача, якая часта несумяшчальная з мэтай максімізацыі прыбытку», - сказала Калядзіна.

Лакаматыў беларускага ВУП - дзяржаўныя праграмы - фінансуюцца шляхам дзяржаўнага ўмяшання ў размеркаванне крэдытных рэсурсаў на аснове субсідаванага адсотка.

«Чаму гэта замінае дынамічнасці эканомікі? Крэдытаванне дзяржаўных праграмаў выцясняе крэдытаванне на рынкавых умовах. Стымулы гаспадарчых суб'ектаў да эфектыўнага выкарыстання гэтых пазыкаў паслабленыя тым, што шмат якія крэдыты маюць дзяржаўныя гарантыі. Банкі таксама ацэньваюць, што звязаныя з гэтым крэдытныя рызыкі мінімальныя. У доўгатэрміновым плане гэта азначае, што аддача на гэтыя ўкладанні будзе не настолькі вялікая, як магла б быць, калі б гаспадарчыя суб'екты былі зацікаўленыя ў максімізацыі гэтай аддачы. Паколькі ў значнай ступені прысутнічаюць гарантыі дзяржавы, гэта азначае, што маніторынг гэтых рызыкаў недастаткова старанны», - распавяла Калядзіна.

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ўжо падаў Аляксандру Лукашэнку план на чарговую пяцігодку 2011-2015 гадоў, які прадугледжвае рост ВУП звыш чым на 60% да бягучай пяцігодкі, пераважна за кошт прыцягнення інвестыцыяў.

«Да цяперашняга моманту прыток інвестыцыяў у беларускую эканоміку - менш, чым у краіны з эканомікай, якая фармуецца у рэгіёне. Гэта, відавочна, тлумачыцца шэрагам фактараў, у тым ліку, і значным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і недастаткова прадказальным бізнэс-кліматам», - лічыць пастпрад МВФ.

Паводле ацэнкі Фонду, напачатку цяперашняга дзесяцігоддзя прадукцыйнасць працы расла дастаткова значнымі тэмпамі, апярэджваючы тэмпы росту зарплаты. Аднак у другой палове сітуацыя змянілася і зарплата расла хутчэй, чым прадукцыйнасць працы, падрываючы канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў на знешніх рынках.

У верасні ўрад заявіў пра чарговае падвышэнне заработнай платы ў краіне.

«У апошні час рост заработнай платы апярэджваў рост прадукцыйнасці працы. Напэўна, пераломным быў 2007 год, калі беларускай эканоміцы трэба было адаптоўвацца да павелічэння экспартных тарыфаў на энерганосьбіты і нафтапрадукты, але дзяржаўнае ўмяшанне заставалася вельмі значным. Зараз тэмпы росту ажыццяўляюцца праз вызначэнне мэтавых паказчыкаў. Узнікае пытанне, наколькі эфектыўная такая эканоміка», - сказала Калядзіна.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках