25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейская федэрацыя журналістаў: «Мы вельмі занепакоеныя запалохваннем журналістаў у Беларусі»

4

Еўрапейская федэрацыя журналістаў 6 верасня накіравала ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніка МУС Анатоля Куляшова і генпракурора Рыгора Васілевіча.

«Мы надзвычай занепакоеныя атмасферай страху і запалохвання журналістаў у Беларусі і заклікаем улады краіны зрабіць усё, каб забяспечыць грунтоўнае расследаванне справы аб гібелі журналіста Алега Бябеніна і спыніць практыку беспакаранасці для тых, хто нападае на журналістаў», - гаворыцца ў лістах, якія падпісаў генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Эйдан Уайт.

Акрамя падазроных абставінаў гібелі Алега Бябеніна, ЕФЖ згадвае ў сваіх лістах і пагрозы, якія атрымала шэф-рэдактар газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна. «Мы звяртаем вашую асаблівую ўвагу на той факт, што папярэднія гучныя справы, якія датычаць гібелі беларускіх журналістаў, не далі дакладных адказаў адносна іх лёсу. У гэтым шэрагу стаяць справы Дзмірыя Завадзкага, зніклага на шляху да менскага аэрапорта 7 ліпеня 2000 года, і Веранікі Чаркасавай, жорстка забітай ў сваёй кватэры 20 кастрычніка 2004 года», - гаворыцца ў лістах ЕФЖ.

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч таксама выказала сёння сваю занепакоенасць з нагоды смерці Алега Бябеніна і заклікала ўлады правесці ўважлівае і незалежнае расследаванне. «Смерць Бябеніна з'яўляецца вялікай стратай для беларускай журналістыкі. Яго баявы вэб-сайт застаецца адной з нешматлікіх няўрадавых крыніцаў інфармацыі, і супрацоўнікі сайта станавіліся аб'ектамі працяглага адміністрацыйнага ціску», - заявіла Міятавіч.

«Я вітаю намер Генеральнай пракуратуры правесці расследаванне іншых магчымых версіяў гібелі журналіста, нягледзячы на папярэднюю выснову, што журналіст скончыў жыццё самагубствам. Я заклікаю беларускія ўлады правесці незалежнае расследаванне гэтай трагічнай смерці. Гэта асабліва важна, каб пазбегнуць абвастрэння ціску на беларускія СМІ, якое могуць выклікаць пытанні аб яго смерці», - гаворыцца ў заяве.

Занепакоенасць гібеллю журналіста выказала таксама арганізацыя «Індэкс цэнзуры» (Index on Censorship). «Людзі ў Менску вельмі нярвуюцца, асабліва блізкія Алега, - адзначыў менеджэр па грамадскіх справах арганізацыі Майк Харыс, які днямі сустракаўся з Алегам ў Беларусі. - У апошнія месяцы ён быў вельмі занепакоены пытаннямі бяспекі яго калегаў-праваабаронцаў і баяўся вяртання атмасферы 1997-1999 гадоў, калі пры падазроных абставінах знікла шмат дысідэнтаў, а сам Алег ледзь не быў забіты. Не пазней чым у лютым наступнага года ў Беларусі павінны прайсці прэзідэнцкія выбары ... Гэтая смерць стала сапраўдным шокам для грамадзянскай супольнасці ўсёй Беларусі ... »

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках