25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Занадта часта гінуць журналісты ў Беларусі

8
Занадта часта гінуць журналісты ў Беларусі

Журналісты Беларусі спадзяюцца атрымаць адказы на пытанні аб забойствах сваіх калегаў.

«Ужо сем гадоў забойства Чаркасавай - самае хворае пытанне для тых, хто яе ведаў, - заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўніца РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Жанна Літвіна. - Гэтае пытанне раз'ядае сэрца ўсім нам. Па-ранейшаму пракуратура кажа, што праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, аднак аб іхніх выніках нам не паведамляюць. Але пакуль мы памятаем пра Вераніку, не знікае надзея атрымаць адказ на пытанні, хто і за што забіў Вераніку Чаркасаву».

Па словах Літвіной, напярэдадні цяперашняй гадавіны забойства журналісткі памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў паведаміў БАЖ, што следства па справе па-ранейшаму прыпыненае «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». Балашоў сцвярджае, што па справе вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, вынікі якіх заслухоўваюцца на аператыўных нарадах, але пакуль рэальных доказаў аб дачыненні каго-небудзь да гэтага забойства няма.

У дзень смерці Веранікі Чаркасавай калегі традыцыйна наведаюць ейную магілу на могілках у Калодзішчах.

«Гэты дзень прымушае нас узгадаць і пра іншых нашых калегаў: гэта і зніклы Зміцер Завадскі, і загадкавая смерць Алега Бябеніна... У гэтых справах застаецца шмат пытанняў і шмат загадак. Можна сказаць, што журналісцкая супольнасць цяпер жыве не атрыманымі адказамі з нагоды смерцяў сваіх калегаў», - сказала Літвіна.

Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс журналістцы больш за 40 нажавых удараў. Чаркасава, якая апошнія гады працавала ў недзяржаўнай газеце «Салідарнасць», асвятляла розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя, аднак следства першапачаткова разглядала ў якасці асноўнай версію забойства на бытавой глебе. Падазраванымі былі названыя 15-гадовы сын журналісткі і ейны айчым. У красавіку 2005 года падазрэнне з іх знялі.

Калегі Чаркасавай лічаць, што яе забойства з вялікай доляй верагоднасці магло быць звязанае з прафесійнай дзейнасцю. У прыватнасці, прадстаўнікі творчай майстэрні «Агенцтва журналісцкіх расследаванняў» пры БАЖ выказалі версію, што Чаркасава магла апынуцца ўцягнутай у вайну паміж дзвюма кланавымі групоўкамі за ўсталяванне кантролю над гомельскім заводам па вытворчасці вінаў. Забітая журналістка, на іхнюю думку, магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала б аднаму з канфліктуючых бакоў стратай буйной сумы грошай.

Калегамі Чаркасавай вылучалася і іншая версія забойства - у ёй фігуравалі былы «Інфабанк» (цяпер «Трастбанк») і тэма продажу зброі Іраку.

На фота: Заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін. Загінуў 3 верасня 2010 года.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках