25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як вярбуе КДБ: «У нашу кватэру ўварваўся цэлы атрад»

113
Як вярбуе КДБ: «У нашу кватэру ўварваўся цэлы атрад»

Алена Кумец, маці аднаго з каардынатараў маўклівых рэвалюцый, распавяла абставіны вярбоўкі ейнага сына.

22 верасня Уладзімір Кумец прыехаў з Польшчы ў Менск да бацькоў. На наступны дзень у 16.00 нехта пагрукаў ім у дзверы нібыта з нагоды рамонту пад'езда, перадае «Наша Ніва».

«Калі я адчыніла, у кватэру уварваўся атрад амапаўцаў у поўнай амуніцыі - з дубінкамі і ў шлемах, як касманаўты! (Як стала вядома пазней, гэта была група захопу «Алмаз» - НН). Мяне яны адразу адштурхнулі. Адны пайшлі ў пакой да старэйшага сына Антона, іншыя - да Валодзі. Я падумала, што прыйшлі за ім, раз прыехаў з Польшчы.

Я кінулася ў пакой да сына. Але амапавец у масцы не прапусціў, нават ўдарыў. Пытаюся, за што вы мяне б'яце? Я ж не злачынец! Пасля чаго супрацоўнік у цывільным сказаў амапаўцы не чапаць мяне».

Валодзю павалілі на падлогу, апранулі кайданкі. Тое ж зрабілі і з Антонам. На пытанне, з якой нагоды адбываецца затрыманне, чалавек у цывільным паказаў жанчыне нейкую паперу. Быццам была перахоплены запіс, у якім нехта пад нікам «Антон» пагражаў забойствам іншай асобе. У сувязі з гэтым старэйшы сын Антон падазраецца па арт. 186 Крымінальнага кодэксу «Пагроза забойствам, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэнне маёмасці».

Калі ж Алена спытала, за што забіраюць малодшага сына, ёй адказалі «так трэба». Больш нічога не тлумачылі. Хлопцаў амапаўцы павезлі нібыта ў Фрунзенскі РУУС (пазней высветлілася, што гэта была хлусня). Затым людзі ў цывільным пачалі абшукваць кватэру. Некалькі чалавек паехалі рабіць ператрус на лецішчы Кумца.

«Мне яны не прадставіліся, прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Не дазволілі патэлефанаваць мужу на мабільны. Не пусцілі нават папіць вады і схадзіць у прыбіральню. Як быццам бы я злачынец...»

У выніку ператрусу канфіскавалі ноўтбук Антона, за які, дарэчы, яшчэ не быў выплачаны крэдыт, і мабільныя тэлефоны абодвух сыноў. Акт ператрусу Алене не выдалі. Сыходзячы, супрацоўнікі ў цывільным сказалі жанчыне «усё будзе нармальна, разбярэмся» і што хлопцаў хутка выпусцяць. Калі «міліцыянты» у цывільным сышлі, Алена адразу ж выклікала таксі і накіравалася ў Фрунзенскі РУУС. Аднак там сказалі, што нічога не ведаюць. Нікога не прывозілі.

«Я была ў шоку. Ніхто нічога не ведае. Потым дзяжурны кажа мне, нібыта здзекуецца, каб тэлефанавала ў КДБ і ў Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў».

Такім чынам, увесь гэты час жанчына не валодала ніякай інфармацыяй, дзе ейныя сыны, што з імі. Як і не ведала, хто іх забраў і канфіскаваў тэхніку. «Я тэлефанавала па ўсіх тэлефонах. Нарэшце даведалася: Кумца Антона адвезлі на Акрэсціна. На яго завялі крымінальную справу па ст.186 КК РБ. Прызначылі следчага - Раманчука Дзмітрыя Генадзевіча». Алена працягвала шукаць малодшага сына. На наступны дзень ёй далі тэлефон супрацоўніка КДБ, які дапытваў Уладзіміра.

Жанчына прыгразіла, што калі сына не адпусцяць, яна паведаміць ўсю гісторыю журналістам. Неўзабаве патэлефанаваў сам Уладзімір. Сказаў, каб не хвалявалася за яго, што хутка будзе дома.

«І тут я ўсё зразумела. Чаму яго адпусцяць і што будзе - да мяне ўсё дайшло. Калі ён прыйшоў, я сказала, можаш нічога не казаць, я разумею... Ён кажа: мама я падпісаў... Я яму - ведаю. І ты паступіў правільна. Мы не зрабілі нікому нічога дрэннага. Нас прымусілі. Мы павінныя ратаваць адзін аднаго».

Алена ўпэўненая, што Уладзімір падпісаў паперу з-за брата. Хоць не збіраўся выконваць указанні КДБ-шнікаў. І пакуль над Антонам вісела «крымiналка», ён прыняў рашэнне не паведамляць гэта ў СМІ. Пасля двух дзён на Акрэсціна Антона выпусцілі. Але крымінальную справу па 186-м артыкуле супраць яго не спынілі. Быў прызначаны новы следчы - Сараканс Дзяніс Віктаравіч.

Праз месяц, у канцы кастрычніка, следчы паведаміў Антону, што справа закрытая.

Уладзімір Кумец адцягваў публічнае прызнанне ў тым, што ён падпісаў дамову з КДБ, каб дачакацца закрыцця крымінальнай справы на свайго брата. Маці Уладзіміра падкрэслівае, што ейны сын не збіраўся выконваць заданні супрацоўнікаў КДБ. Падпісаннем пагаднення ён нікога не падставіў.

Улічваць гэта, ёй здаюцца дзіўнымі нядаўнія заявы Някляева ў дачыненні да маладых людзей, якія публічна заявілі аб факце падпісання дамовы з КДБ: «Я не разумею, у чым Някляеў абвінавачвае майго сына. Што ён павінен быў зрабіць? Не падпісаць? Яго б забралі, катавалі. І брата забралі б. Ці ён павінен быў аддаць свайго брата, сям'ю?

Мне падаецца, што сваімі выказваннямі Някляеў сам аддаў не толькі Валодзю, але і ўсім тых дзецям, якія верылі ў яго. Лічу, што Някляеву варта папрасіць прабачэння перад усімі моладзевымі актывістамі».

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках