25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вызваленне»: Да палітзняволеных ужываюцца катаванні

65
«Вызваленне»: Да палітзняволеных ужываюцца катаванні

Сваякі палітвязняў распавялі еўрапейскім дыпламатам аб жахлівых ўмовах утрымання ў ізалятарах КДБ і МУС.

Ініцыятыва «Вызваленне», якая аб'ядноўвае сваякоў палітвязняў па «справе 19 снежня», перадала сёння ў амбасаду Венгрыі, якая ў цяперашні час старшынюе ў Еўразвязе, зварот, у якім заклікае Еўропу праявіць цвёрдасць у пытанні неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў. Зварот таксама будзе перададзены ў амбасады іншых краін Еўразвяза.

Прыводзім тэкст звароту цалкам:

«Мы, сваякі палітычных зняволеных, звяртаемся да Вас у страшны для Беларусі і ўсіх нашых сем'яў час.

Сёння па крымінальнай справе, заведзенай пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, праходзяць больш за 40 чалавек. Адзін з іх - Васіль Парфянкоў - прысуджаны да 4 гадоў строга рэжыму. Гэты жахліва жорсткі прысуд канчаткова запэўніў нас у тым, што ў Беларусі адсутнічае незалежная судовая сістэма. Прысуды выносяцца ў адміністрацыі Лукашэнкі, і разлічваць на аб'ектыўны разгляд спраў палітвязняў у судзе нам не прыходзіцца.

З моманту нашага мінулага звароту да Вас, кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і журналістка, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп пераведзеныя пад хатні арышт, 11 арыштантам была змененая мера стрымання на падпіску аб нявыездзе. У турмах ўсё яшчэ застаюцца 29 чалавек. Гэта - кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, сябры іхнічленых выбарчых штабоў, журналісты і проста актыўныя грамадзяне.

Умовы ўтрымання палітвязняў жорсткія і бесчалавечныя і могуць быць прыроўненыя да катаванняў:

Жорсткае стаўленне канваіраў са спецпадпаддзяленняў КДБ, якія хаваюць свае твары пад маскамі;

Шантаж і псіхалагічны ціск на падследных

Інфармацыйная блакада (многія родныя больш, чым за 2 месяцы, атрымалі не больш за 2-3 лісты);

Нізкая тэмпература ў камерах (каля 8-12 градусаў);

Адсутнасць прыбіральні ў многіх камерах.

Стала вядома, што мужчын водзяць на допыты ў кайданках.

Працэдура ператрусаў у мужчынскіх камерах адбываецца самым зневажальным чынам: мужчын прымушаюць выносіць з камер ўсе рэчы ў спецыяльнае памяшканне, а пасля распранацца дагала.

У СІЗА на Валадарскага ў 8-мясцовых камерах ўтрымліваюцца па 15-16 чалавек, якія вымушаныя спаць па чарзе.

Нашыя блізкія безабаронныя перад пануючым у краіне беззаконнем. Узмацніўся ціск на адвакатаў: 4 адваката, якія абаранялі нашых блізкіх, былі пазбаўленыя ліцэнзіі. Ні адзін са зняволеных СІЗА КДБ не меў магчымасці сустрэцца з адвакатам сам-насам. А з Мікалаем Статкевічам, Зміцерам Бандарэнкам, Сяргеем Марцэлевым, Анатолем Лябедзькам і Паўлам Севярынцам адвакаты не могуць сустрэцца з 29 снежня. Усё гэта пазбаўляе вязняў сумлення незалежнай абароны падчас следства і ў судзе.

Ні хатні арышт, ні змяненне меры стрымання на падпіску аб нявыездзе не азначаюць, што гэтыя людзі не будуць асуджаныя і прысуджаныя да тэрмінаў ад 5 да 15 гадоў. Дыктатура ў чарговы раз спрабуе ўвесці ў зман сусветную супольнасць і зняць напружанне падчас судовых працэсаў. Прысуды палітвязням выносяцца самыя суровыя і самыя несправядлівыя.

Мы заклікаем Вас праявіць цвёрдасць у пытанні неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў.

У бліжэйшы час перад судом паўстане прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, журналіст Аляксандр Атрошчанкаў. Ён 10 гадоў працаваў журналістам сайта charter97.org. Пасля стварэння грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў быў ейным прэс-сакратаром і рэдактарам сайта. Падчас выбарчай кампаніі 2010 года стаў прэс-сакратаром Андрэя Саннікава. 19 снежня Аляксандр Атрошчанкаў быў у цэнтры падзей, як журналіст і як прэс-сакратар, але быў арыштаваны, нягледзячы на тое, што выконваў на плошчы Незалежнасці свае прафесійныя абавязкі.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная Амністыя» прызнала Аляксандра Атрошчанкава вязнем сумлення

З моманту арышту 19 снежня з Аляксандрам было праведзена толькі два следчых дзеянні: прад'яўленне абвінавачання 29 снежня і знаёмства з матэрыяламі справы. Мы хвалюемся, што суд будзе выкарыстаны для расправы і поўнай ізаляцыі яго як чалавека, які мог уплываць на змяненне сітуацыі ў краіне.

Просім Вас надаць асаблівую ўвагу суду над Аляксандрам Атрошчанкавым, першаму суду над актыўным сябрам выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты, і далучыцца да нашых патрабаванняў аб безумоўным вызваленні ўсіх палітвязняў.

Грамадзянская ініцыятыва «Вызваленне»

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках