24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: «Мы чулі трэск электрашокераў»

26
Наталля Радзіна: «Мы чулі трэск электрашокераў»

Тое, як ставяцца да вязняў КДБ, журналістка чула праз сцены камеры і ў турэмных калідорах.

Рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, якая пасля выхаду з турмы КДБ жыве ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыездзе, пракаментавала заяву Аляксея Міхалевіча аб катаваннях у турме КДБ «амерыканцы». Па словах Наталлі, да жанчын-арыштантак ахоўнікі ставіліся інакш: ім не рабілі «расцяжак», не было раптоўных ператрусаў, жанчын-зняволеных не закоўвалі ў кайданкі і не выстаўлялі на холад распранутымі. Але ў тое, што ўсё, пра што распавёў Аляксей Міхалевіч, магло адбывацца са зняволенымі-мужчынамі, Наталля Радзіна верыць, мяркуючы па тым, што чула праз сцены камеры і ў турэмных калідорах.

«Магу сказаць, што я адразу паверыла таму, што паведамляе ў сваёй заяве ў Генпракуратуру Аляксей Міхалевіч. Да жанчын стаўленне ў СІЗА больш лаяльнае. Але, мяркуючы па гуках, якія даносіліся з-за сцен, з мужчынамі абыходзіліся вельмі жорстка. Калі мужчын выводзілі на допыты або на прагулкі, я чула каманды «Рукі за спіну!», «Хутчэй!», «Тварам уніз!», чула грукат дубінак, электрычны трэск, відаць электрашокераў, і тое, што іх прымушаюць літаральна бегчы па калідорах», - узгадвае Наталля Радзіна у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

«Было вельмі страшна ад гэтых гукаў, кожны раз уздрыгвалі. На мужчын проста раўлі, загадваючы, каб яны ішлі хутчэй, каб беглі на гэты шпацыр. Там вельмі крутая лесвіца, і я кожны раз думала, як людзі, той жа Андрэй Саннікаў з пашкоджанай нагой ці Зміцер Бандарэнка, у якога праблемы са спіной, як яны могуць бегчы па гэтай лесвіцы? Гэта немагчыма, гэта на самой справе катаванне. Гэта тое, што мы чулі, але не бачылі», - распавяла журналістка.

Наталлю Радзіну, па ейных словах, падчас розных так званых «гутарак» у адсутнасць следчага і адваката таксама схілялі да супрацоўніцтва з КДБ.

«Ужываліся пагрозы, у тым ліку такія, што «падумай, бо ніколі не будзеш мець дзяцей, падумай аб сваёй хворай маці» і пагражалі 5-8 гадамі турмы», - распавяла журналістка БелаПАН.

Радзіна мяркуе, яе выратавала тое, што падчас допыту з удзелам адваката яна заявіла прама следчаму, што мае намер заставацца незалежнай журналісткай.

«Ні аб якім супрацоўніцтве гаворка, зразумела, ісці не магла ні пры якіх умовах. Мяне выратавала тое, што падчас допыту ў прысутнасці адваката і следчага я распавяла пра гэта, спытала, чаму журналісту, які выконваў 19 снежня свае прафесійныя абавязкі, пагражаюць вялікім тэрмінам яшчэ нават да суду, ды яшчэ і вярбуюць. Следчаму прыйшлося на гэта рэагаваць, і ціск спыніўся», - сказала журналістка.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках