25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскія юрысты: «Калі Лукашэнка нічога не баіцца, няхай з’явіцца ў суд»

80
Брытанскія юрысты: «Калі Лукашэнка нічога не баіцца, няхай з’явіцца ў суд»

Беларускі дыктатар накінуўся з крытыкай на планы брытанскіх юрыстаў пераследваць яго ў судовым парадку.

Лукашэнку павінныя судзіць за бесперапынныя рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў, піша The Independent.

56-гадовы кіраўнік, якога часта называюць апошнім дыктатарам Еўропы, сказаў, што любая спроба пераследваць яго па суду мае «нулявыя перспектывы» і з'яўляецца «танным трукам» апазыцыйных палітыкаў. Ён таксама раскрытыкаваў газету The Independent, якая ўчора паведаміла, што юрыдычная фірма H20 Law, якая спецыялізуецца на правах чалавека, плануе ініцыяваць супраць яго адначасова грамадзянскі пазоў і прыватны судовы пераслед. У паведамленні, апублікаваным на беларускіх навінавых сайтах, Павел Лёгкі, прэс-сакратар Лукашэнкі, асуджае гэты план і называе яго «не больш чым піяр-акцыяй юрыстаў. Гэта толькі спосаб хоць нейкім чынам звярнуць на сябе ўвагу, карыстаючыся вядомасцю беларускага лідэра і палітычнай вастрынёй сітуацыі».

Лёгкі крытыкуе газету The Independent, якая надрукавала серыю рэпартажаў аб пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. «The Independent, не разабраўшыся ў сутнасці пытання, папросту купілася на танны трук. Іміджу сур'ёзнага выдання падобнае, на мой погляд, проста шкодзіць».

Праваабарончыя арганізацыі і замежныя ўрады абвінавачваюць Менск у развязванні па ўсёй краіне рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў пасля выбараў у снежні мінулага года. Практычна ўсе кандыдаты, якія кінулі выклік Лукашэнку на выбарах, былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Два кандыдаты ў прэзідэнты ўсё яшчэ знаходзяцца ў турме.

Акрамя таго, сотні актывістаў, сябраў прэзідэнцкіх каманд і журналістаў, былі арыштаваныя па менш сур'ёзных абвінавачваннях. Існуюць шматлікія сведчанні таго, што ў турме КДБ выкарыстоўваюцца катаванні.

H2O Law, якія ў мінулым прад'яўлялі пазоў Сапраўднай Ірландскай Рэспубліканскай Арміі (Real IRA) і рэжыму палкоўніка Муамара Кадафі, на гэтым тыдні абвясцілі, што яны збіраюцца прад'явіць пазоў Лукашэнку і ягонаму асяродку ў судах Брытаніі і Еўропы. Фірма прадстаўляе Free Belarus Now, арганізацыю актывістаў і сем'яў многіх з вязняў у Беларусі.

Прадстаўнік H2O Law Джэйсан Макк’ю адказвае на заявы беларускага дыктатара: «Калі спадар Лукашэнка сапраўды верыць, што гэта ўсяго толькі рэкламны трук, і яму няма чаго баяцца, тады я лічу, што ён ахвотна пацвердзіць сваю гатоўнасць прыняць позву аб яўцы і паўстаць перад судом. Я перакананы, што для такога выпадку ЕЗ здыме сваю забарону на паездкі для яго».

Ён дадаў: «Адказ Лукашэнкі верны у тым сэнсе, што да гэтай нагоды будзе прыкаваная ўвага сродкаў масавай інфармацыі, але ён з'яўляецца памылковым ў тым, што мая фірма выкарыстоўвае ягоную папулярнасць. Хутчэй, нас прывяла да гэтага ягоная благая слава, заснаваная на базе абвінавачанняў, якія былі высунутыя супраць яго ягоным уласным народам».

Назіральнікі ад галоўнай еўрапейскай арганізацыі, сачыльнай за бяспекай і сітуацыяй з правамі чалавека, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), павінныя былі прыбыць у Менск напярэдадні, каб прысутнічаць на судах над актывістамі апазіцыі.

На сённяшні дзень чатыры чалавекі атрымалі турэмныя тэрміны, самы вялікі з якіх - чатыры гады - за ўдзел у дэмакратычных акцыях пратэсту ў Менску 19 снежня мінулага года. Беларуская праваабарончая група «Вясна» кажа, што яшчэ 38 чалавек абвінавачваюцца ў масавых беспарадках, 26 з іх зараз у зняволенні, уключаючы двух кандыдатаў у прэзідэнты.

Джон Кэмпфнер, генеральны дырэктар «Індэкса цэнзуры» (Index of Censorship), кажа: «На працягу 15 гадоў... Лукашэнка знішчаў свабоду выказвання, саджаў у турму апазіцыянераў і падтасоўваў выбары. Заходнія ўрады ўступалі з ім у гандлёвыя адносіны, прадастаўлялі крэдыты МВФ, нягледзячы на палітычную сітуацыю ўнутры краіны. Тое, што The Independent надае вялікую ўвагу апошняй дыктатуры Еўропы, трэба вітаць».

Пераклад - сайт charter97.org

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках