25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіст Класкоўскі атрымаў ад сына першы ліст

6
Журналіст Класкоўскі атрымаў ад сына першы ліст

На думку бацькі вязня СІЗА КДБ, цяпер хоць неяк «атрымалася прарваць інфармацыйную блакаду».

Вядомы журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі, бацька арыштаванага па справе аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, атрымаў ад сына першы за тры месяцы ліст, перадае БелаПАН.

Класкоўскі-старэйшы звязвае гэта з тым, што ў мінулую пятніцу, 11 сакавіка, газета «Народная воля» апублікавала ягоны адкрыты ліст на імя генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. У лісце Аляксандр Класкоўскі патрабаваў забяспечыць сыну, які знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, магчымасць нармальна весці перапіску і сустракацца з адвакатам.

На думку Класкоўскага-старэйшага, такім чынам «атрымалася прарваць інфармацыйную блакаду». Ён паказвае на тое, што за ўвесь перыяд турэмнага зняволення сына не атрымліваў ад яго ніводнага ліста. А мяркуючы па нешматлікіх лістах, якія атрымала жонка Класкоўскага-малодшага, ён, у сваю чаргу, не атрымліваў лісты ад маці і сястры. Зараз, як піша Класкоўскі-малодшы, сітуацыя змянілася, і да яго сталі даходзіць лісты ад родных.

Адкрыты зварот да генпракурора, лічыць Класкоўскі-старэйшы, таксама садзейнічаў атрыманню ягоным сынам юрыдычнай дапамогі. У звароце, нагадаем, гаварылася аб тым, што сыну Класкоўскага, як і іншым арыштаваным па справе 19 снежня, не забяспечаная належная юрыдычная дапамога, у прыватнасці не прадастаўляецца магчымасць сустрэчы з адвакатам асам-насам, як гэта прадугледжана законам.

- Цяпер сын піша ў лісце, што такая магчымасць, здаецца, з'явілася. Ён напісаў адпаведную заяву і спадзяецца ў бліжэйшыя дні на сустрэчу з адвакатам, - сказаў бацька арыштаванага.

Па ягоных словах, сын паведамляе, што атрымаў ліст ад бацькі ў пятніцу, 11 сакавіка. Менавіта ў той дзень, падкрэсліў Класкоўскі-старэйшы, у «Народнай волі» быў апублікаваны зварот да Васілевіча. Па словах бацькі зняволенага, з улікам таго што з абаненцкай скрыні № 8 карэспандэнцыю для вязняў "амерыканкі" забіраюць па аўторках, можна зрабіць выснову, што тры дні гэты ліст, мабыць, трымалі і пасля рэзанансу ў прэсе аддалі.

З гэтага бацька арыштаванага робіць выснову: "Усё-ткі галоснасць дзейнічае, і грамадскасці трэба біць у званы, звяртаць увагу на факты парушэння закона ў дачыненні да тых асоб, якія ўтрымліваюцца ў так званай "амерыканцы". На думку Класкоўскага-старэйшага, "у выніку гэта ўсё-ткі прымушае прадстаўнікоў сілавога ведамства ўносіць карэктывы ў сваю палітыку адносна арыштаваных і прытрымлівацца хаця б элементарных нормаў закона".

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках