25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень нашай Волі

113
Дзень нашай Волі

25 сакавіка спаўняецца 93 гады са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Афіцыйна беларускія ўлады не прызнаюць гэтую дату, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.

Акцыі, прысвечаныя гэтаму святу, пройдуць сёння ў Беларусі і за мяжой. У гэтым годзе традыцыйнае мерапрыемства праходзіць у іншым фармаце.

Пасля выбараў 19 снежня 2010 года па Беларусі пракацілася хваля масавых рэпрэсій: арышты кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў іх выбарчых штабоў, журналістаў, праваабаронцаў, моладзевых лідэраў. Ператрусы прайшлі ў рэдакцыях практычна ўсіх незалежных СМІ і дэмакратычных і праваабарончых арганізацый. Арышты працягваюцца да гэтага часу. Многія актыўныя грамадзяне вымушаныя былі бегчы з краіны. Сёння праходзяць судовыя расправы над палітвязнямі, іх прысуджаюць да турэмных тэрмінаў у 3-4 гады ўзмоцненага рэжыму. У СІЗА КДБ, хатнім арыштам і падпіскай аб нявыездзе застаюцца многія аўтарытэтныя людзі краіны, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, журналістку Ірыну Халіп, лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, лідэра партыі БХД Паўла Севярынца, прэс-сакратара кандыдата ў прэзідэнты Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, рэдактарку сайта charter97.org Наталлю Радзіну, лідэраў «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча і Анастасію Палажанка і многіх іншых.

Таму сённяшні Дзень Волі праходзіць і пад лозунгам «Свабоду палітвязням!».

Улады забаранілі святкаванне Дня Волі па заяўленым маршруце - плошча Якуба Коласа - сквер Янкі Купалы. Арганізатары ад партый БНФ, АГП і руху Аляксандра Мілінкевіча «За свабоду» упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі адмовіліся ад правядзення акцыі 25 сакавіка, прапанаваўшы менчукам проста ускласці кветкі да помнікаў беларускім паэтам. Палітычная інфантыльнасць партыйных функцыянераў выклікала крытыку з боку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і «Маладога Фронту».

«Еўрапейская Беларусь» і «Малады Фронт» заявілі, што ва ўмовах, калі сапраўдныя лідэры Беларусі знаходзяцца ў турме, неабходна пратэставаць і заклікалі беларусаў прыйсці 25 сакавіка ў 18.00 на плошчу Якуба Коласа ў Менску.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Менску. Упершыню ідэя стварэння БНР прагучала на Усебеларускім з'ездзе 1917 года. Пасля зрыву мірных перамоваў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Менск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Ўсебеларускага з'езду абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання ўстаноўчага сейма. 21 лютага 1918 Выканкам Рады стварыў першы ўрад БНР - Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў нямала высілкаў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта. Быў уведзены пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка - бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак у сілу складанага вайскова-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны - яна апынулася неабароненай перад бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У выніку ў снежні 1918 года ўрад БНР вымушаны быў эміграваць.

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках