25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла: «Дзень 25 сакавіка застанецца найвялікшым сьвятам»

3
Івонка Сурвіла: «Дзень 25 сакавіка застанецца найвялікшым сьвятам»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са зваротам з нагоды угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дарагія суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым слаўным Днём Волі – угодкамі абвяшчэньня незалежнасьці беларускай дзяржавы 25 сакавіка 1918 году!

Наш край аднавіў сваю Незалежнасьць у 1991 годзе, на мапе сьвету зьявілася Рэспубліка Беларусь. Аднак гэта сталася магчымым толькі таму, што нашыя продкі здолелі ў 1918 годзе гучна заявіць сьвету, што ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Дзень 25 Сакавіка застанецца назаўсёды нашым найвялікшым дзяржаўным сьвятам, сьвятам нашай ідэнтычнасьці, нашай гістарычнай памяці, нашай дзяржаўнасьці.

Гэтымі днямі ўсе мы яшчэ перажываем падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Фальшаваньне вынікаў галасаваньня, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў, зьняволеньне соцень людзей, у тым ліку апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Дык хачу прыгадаць вам словы вядомага беларускага сьвятара а.Аляксандра Надсана: “На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаваньняў. Колькі разоў, здавалася, яны стаялі на краі загубы. Тое, што, нягледзячы на ўсё, яны выжылі, сьведчыць аб вялікай духовай сіле нашага народу”.

Сёньня гэтая духовая сіла ўвасабляецца ў тых дзяўчатах і хлапцах, жанчынах і мужчынах, што дзесяткамі тысяч выйшлі на Плошчу 19-га сьнежня., і ў тых людзях, якія актыўна ўключыліся ў кампанію салідарнасьці зь вязьнямі рэжыму і якія выступаюць з патрабаваньнем новых сумленных выбараў. Яны не дазволяць, каб Беларусь,, незалежная беларуская дзяржава, згінула. Спробы дыктатара запалохаць людзей прымяненьнем супраць іх збройнай сілай скончацца ягонай паразай.

Краіна наша выстаіць і зойме сваё годнае месца між дзяржаваў сьвету. Я моцна ў гэта веру й заклікаю кожнага з вас далучыцца да тых новых сілаў у нашым народзе, якія супрацьстаяць варожым нам ідэалёгіям і мэнталітэту. Разам мы пераможам усе цяжкасьці на шляху да волі і дабрабыту.

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках