25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктара Івашкевіча будуць судзіць за Дзень Волі

41
Віктара Івашкевіча будуць судзіць за Дзень Волі

Актывістаў апазіцыі даставілі ў турму на Акрэсціна. Дакладная колькасць затрыманых да суда пакуль невядомая.

Каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і сустаршыню аргкамітэта партыі «Беларускі рух» Віктара Івашкевіча, якога затрымалі 25 сакавіка каля плошчы Якуба Коласа, абвінавацілі ў «дробным хуліганстве».

Міліцыянты Заводскага РУУС каля чатырох гадзін раіліся са сваім кіраўніцтвам і, нарэшце, склалі пратакол на палітыка, паведамляе «Народная воля».

Згодна з рапартам спецназаўцаў, Івашкевіч «размахваў рукамі, гучна лаяўся і не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі». Палітыка да суду будуць трымаць трое сутак у турме на вуліцы Акрэсціна.

Аднаго з лідэраў «Маладога Фронту» Міколу Дземідзенку таксама не адпусцілі з міліцыі. Больш за пяць гадзін пратрымалі яшчэ некалькі чалавек. Гэта дае падставы меркаваць, што супраць іх склалі адміністрацыйныя пратаколы, і да суду будуць трымаць на Акрэсціна.

Па дадзеных праваабаронцаў, падчас акцый з нагоды святкавання Дня Волі 25 сакавіка ў Менску было затрымана больш за 50 чалавек. Большасць з іх былі адпушчаныя з аддзяленняў міліцыі без складання пратаколаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы ведаюць таксама прозвішчы 53 чалавек, затрыманых прэвентыўна. «Большасць з іх правялі каля трох гадзін у аддзяленнях міліцыі, пасля чаго былі адпушчаныя без складання пратаколаў. Але некалькі чалавек усё яшчэ знаходзяцца за кратамі», - паведаміў Стэфановіч.

Дакладная колькасць затрыманых, якія застаюцца ў зняволенні, праваабаронца назваць не змог, адзначыўшы толькі, што іх «прыблізна дзясятак». «Ці яны застаюцца ў зняволенні, ці мы ня маем інфармацыі аб тым, што яны адпушчаныя на волю», - сказаў Стэфановіч.

Па ягоных словах, суды над затрыманымі пройдуць у панядзелак.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках