25 лiстапада 2024, панядзелак, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвальвацыі няма, а курс даляра расце

14
Дэвальвацыі няма, а курс даляра расце

Афіцыйны курс беларускага рубля стаіць на месцы. Аднак на міжбанкаўскім рынку справа ідзе іншым чынам.

Як паведаміла "Белорусским новостям" крыніца ў банкаўскіх колах, банкі сёння прапаноўваюць юрасобам даляры па курсе, які на 40% перавышае афіцыйны. Два тыдні таму сітуацыя была куды лепш: курс на міжбанку адрозніваўся ад афіцыйнага усяго на 20%.

Прадстаўнікі банкаўскага сектара канстатуюць, што цяпер найбольш запатрабаваны курс на міжбанкаўскім рынку - 4300 рублёў за даляр.

«Курс, па якім купляюць валюту на міжбанку, - 4300 рублёў за даляр. Былі прапановы і па 4500, але па гэтым курсе валюту не вельмі хочуць купляць», - паведаміла крыніца.

Валюта на міжбанкаўскім рынку з'яўляецца сёння за кошт экспарцёраў. Адпаведна, і курс фарміруюць шмат у чым яны. Па назіраннях банкіраў, экспарцёры прадаюць той аб'ём валюты, які ім неабходна канвертаваць у беларускія рублі, а астатні аб'ём валютнай выручкі прытрымліваюць.

Прадстаўнікі банкаўскага сектара лічаць, што той курс беларускага рубля, які склаўся сёння на міжбанкаўскім рынку, не з'яўляецца справядлівым.

«Курс 4300 беларускіх рублёў за даляр нельга лічыць справядлівым. Калі будзе абвешчаная дэвальвацыя, курс беларускага рубля да даляра можа скласціся на адзнацы 3700 рублёў за даляр, а можа нават некалькі апусціцца», - заявіў прадстаўнік аднаго з банкаў.

У сакавіцкай справаздачы, нагадаем, Міжнародны валютны фонд падкрэсліваў, што курс беларускага рубля завышаны. Аднак эксперты фонду паказвалі, што беларускі рубель пераацэнены на 12-16%. Такім чынам, досыць відавочна, што той курс рубля, які склаўся сёння на міжбанку, не з'яўляецца справядлівым.

Між тым, ва ўмовах, калі эканамічныя ўлады ўпарта не хочуць прызнаваць дэвальвацыю беларускага рубля, утварыўся дэфіцыт валюты на ўнутраным рынку. У гэтай сітуацыі экспарцёры могуць дыктаваць, па якім курсе яны гатовыя расставацца з валютай.

Аналітык інвестыцыйнай кампаніі «Рэнесанс Капітал» Анастасія Галавач лічыць, што завышаны курс даляра на міжбанкаўскім рынку звязаны з высокім попытам і абмежаваным прапановай.

Эксперт чакае станоўчых змен на валютным рынку Беларусі толькі пасля паступлення ў нашу краіну новых крэдытаў.

«Да таго часу, пакуль не будзе прынятае рашэнне аб выдзяленні Беларусі расейскага крэдыту і пазыкі з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, курс даляра на міжбанку Беларусі, верагодна, працягне рост», - мяркуе Анастасія Галавач.

Ва ўмовах, калі на міжбанкаўскім рынку за даляр просяць 4300 рублёў, а ў абменных пунктах курс адміністрацыйна стрымліваецца, насельніцтва не мае вольнага доступу да замежнай валюты.

З-за рознасці курсаў даляра ў банкаў няма магчымасці купіць валюту на міжбанкавым рынку і прадаваць яе насельніцтву.

Па словах банкіраў, не могуць сёння банкі купіць валюту і на біржы.

У гэтай сітуацыі фінансава-крэдытныя ўстановы прытрымліваюцца тактыкі прадаваць праз абменнікі толькі тую валюту, якую здае насельніцтва.

«Сёння ў абменныя пункты валюта паступае толькі ад насельніцтва», - пацвердзіў крыніца ў банкаўскіх колах.

Прадстаўнікі банкаўскага сектара лічаць, што валюта ў абменных пунктах з'явіцца свабодна толькі пасля прыняцця афіцыйнага рашэння аб дэвальвацыі. І «псіхалагічна насельніцтва ўжо да дэвальвацыі гатовае».

Між тым, пакуль на вокнах абменных пунктаў «вісіць» курс, блізкі да афіцыйнага. Змяніць яго самі банкі не могуць, таму што дзейнічае рэкамендацыя Нацбанка, паводле якой курс продажу валюты на наяўным рынку не можа перавышаць афіцыйны больш чым на 2%.

Вось мы і маем: афіцыйны курс - 3052 рублі, курс продажу ў абменных пунктах - 3110 рублёў. Але так як валюты ў абменніках амаль няма, купіць яе там надзвычай складана. Затое можна купіць у «мянялаў». Яны ўжо з'явіліся не толькі ў Менску, але і за межамі сталіцы. Вось толькі курс у іх моцна адрозніваецца ад афіцыйнага...

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках