25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: Крах Беларусі

5
Gazeta Wyborcza: Крах Беларусі

Адрэзаная ад замежных крэдытаў краіна падыйшла да краю эканамічнай катастрофы. Беларусы скупаюць валюту, цукар, муку, крупы.

Каб ратаваць скуру, рэжым Аляксандра Лукашэнкі стварае атмасферу акружанай крэпасці і разлічвае на дапамогу Масквы.

Людзі стаяць у чэргах да нешматлікіх абменнікаў, якія яшчэ працуюць.

На вуліцы Менска зноў вярнуліся валютчыкі, нябачаныя тут прынамсі 10 год. У прынцыпе, толькі ў іх беларусы могуць купіць расійскія рублі, еўра або долары. І апошнія не за 3,1 тысячы беларускіх рублёў (афіцыйны курс), а за 4,3 тыс. “зайцоў”, як называюць тут мясцовую валюту. Людзі б’юцца за месца ў чэргах да нешматлікіх яшчэ працуючых абменнікаў.

Крах валютнага рынку тармозіць слабую беларускую прамысловасць, бо прадпрыемствы не могуць набыць замежных складнікаў. – За некалькі тыдняў беларуская гаспадарка была як бы адкінутая на дзесяць год, а фірмы зноў спрабуюць разлічвацца з дапамогай бартэру, - кажа Паўлюк Быкоўскі, публіцыст тыднёвіка “Белорусы и рынок”. Беларусаў агарнула паніка, пра якую маўчаць афіцыйныя СМІ. Аднак папулярныя ў Беларусі расійскія каналы паказваюць сцэнкі з мінскіх крамаў, дзе пакупнікі хапаюць мяшэчкі цукру, крупы, муку, алей. Паніку падмацоўваюць, магчыма, учорашнія рэляцыі вядучых расійскіх газет, што ў любы момант Лукашэнка будзе вымушаны правесці вялізную дэвальвацыю зайчыка. "Міжбанкаўскі курс долара ў Беларусі перавысіў афіцыйны курс ужо на 40%. Эксперты лічаць, што ён можа быць завышаны з прычыны дэфіцыту валюты на рынку. Ацэньваюць, што абгрунтаваная 20%-ная дэвальвацыя”, - піша добра інфармаваная ў беларускіх справах "Независимая газета". А Герман Грэф, прэзідэнт магутнага расійскага Сбербанку, якому належаць і некаторыя беларускія банкі, дадаў, што “ўладам у Мінску не ўдасца пазбегнуць дэвальвацыі”.

Лукашэнка не можа ратавацца традыцыйным чынам, вымантачваючы крэдыты то ад Масквы, то ад Еўрасаюзу. Ад 19 снежня, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў ён рэпрэсаваў апазіцыю, Захад не дасць яму ні цэнта. Расіяне таксама адцягваюць выдачу абяцаных 2,7 млрд долараў крэдыту. Ведаюць, што загналі яго ў кут, і стаўляюць цвёрдыя ўмовы.

Як піша "Независимая", Масква хоча, каб Мінск прадаў расійскім фірмам удзелы ў найбольш прывабных беларускіх прадпрыемствах, такіх, як сістэма газаправодаў, вытворчасць штучных угнаенняў або Мінскі аўтамабільны завод. Расія – гэта апошняя надзея Лукашэнкі, каб пазбегнуць краху. Як сцвярджае былы расійскі міністр эканомікі Яўген Ясін, Масква будзе дапамагаць цяперашняму прэзідэнту, пакуль не знойдзе наступніка дыктатара. Пры гэтым яна не мае ілюзій што да Лукашэнкі, а крамлёўскія службоўцы ў прыватных размовах “характарызуюць яго як маньяка і параноіка” – напісаў тыднёвік “Власть”. Сам Лукашэнка віну на недахоп прадуктаў у крамах і дэфіцыт валюты усклаў на насельніцтва. – І навошта вы кідаецеся на абменнікі? Мы ж жывем за беларускія рублі, а яны выкупілі вялізныя колькасці валюты, - дзівіўся дыктатар. І тлумачыў, што долары дзяржаве патрэбныя для таго, каб купіць дарагі газ у Расіі і лекі. Лукашэнка, каб адцягнуць увагу грамадства ад эканамічных праблем, стараецца максімальна выкарыстаць замах у метро ў Мінску, дзе тыдзень таму бомба забіла 13 чалавек і параніла амаль 200. У панядзелак СМІ апублікавалі прозвішчы двух 25-гадовых мужчын, звінавачаных у канструяванні і падкладанні бомбы. Гэта простыя рабочыя з Віцебска. - Два токары, нават калі адзін з іх апынуўся геніяльным хімікам-самавукам, гэта для нашага рэжыму замала, каб стварыць вобраз ворага, якім можна запалохаць народ.

Трэба давесці, што яны дзейнічалі на загад унутранага ворага і атачэння варожых суседзяў: Польшчы, можа, Нямеччыны, можа нават Расіі. Гэта дапаможа ўбіць у галовы, што Беларусь – крэпасць у аблозе, якую трэба бараніць коштам вялікага самаахвяравання, - кажа Анатоль Лябедзька, шэф апазіцыйнай АГП. - Гадамі рэжым пераконваў нас, што галоўнае – гэта поўны страўнік, поўная лядоўня і поўны кашалёк. І дзеля таго, каб стварыць ілюзію такога дабрабыту, вымантачваў у суседзяў мільярдныя крэдыты, якія праядаліся. Цяпер улада будзе навязваць нам новыя прыярытэты – стабільнасць і бяспека. А ў абложанай крэпасці можна абысціся без долараў або нават цукру. На першай старонцы “Выборчай” побач з гэтым артыкулам - заклік дамагацца вызвалення Анджэя Пачобута – “Падпісвайцеся”.

Gazeta Wyborcza, пераклад Еўрарадыё

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках