25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: Наяўнай валюты ўсё роўна не будзе

10
Эксперты: Наяўнай валюты ўсё роўна не будзе

Апошнія рашэнні Нацбанка і ўрада Беларусі ў частцы курсаўтварэння не вырашаць праблем з дэфіцытам наяўнай валюты.

Такое меркаванне БелаПАН выказалі эксперты фінансавага рынку.

Нацбанк прыняў рашэнне аб зняцці з 19 красавіка абмежаванняў па фарміраванні курсу беларускага рубля пры ажыццяўленні ўгод куплі і продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб'ектамі гаспадарання. Акрамя таго, разглядаецца пытанне аб увядзенні дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы, дзе плануецца сфарміраваць рынкавы курс рубля на аснове попыту і прапановы. Чакаецца, што пасля на ўсіх сегментах рынку будзе ўсталяваны адзіны абменны курс рубля. Аднак тэрміны не называюцца.

Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч лічыць гэтыя рашэнні палавіністымі. "Гэта крокі ў правільным кірунку. Сёння бізнэс сутыкнуўся з дэфіцытам валюты, што адлюстроўваецца на ягоным функцыянаванні. Цяпер у яго з'явіцца магчымасць купіць валюту хоць бы па дэвальваваным курсе", - сказаў ён.

Разам з тым Багданкевіч не разумее, чаму ўлады не пайшлі ўжо зараз на ўсталяванне адзінага курсу на ўсіх сегментах рынку.

"Незразумела, навошта ісці на два курсы - афіцыйны і рынкавы, калі ў нас ужо ёсць негатыўны досвед існавання множнасці курсаў, што выяўлялася ў росце карупцыі, махінацыях. Трэба было зараз дэвальваваць рубель і ўсталяваць адзіны курс для эканомікі і насельніцтва. Падобна да таго, што на ўнутраным рынку ў абменных пунктах валюты не з'явіцца", - лічыць экс-кіраўнік Нацбанка.

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы адзначае, што множнасць валютных курсаў без абмежаванняў у той ці іншай форме на рынку наяўнай валюты не ліквідуе дэфіцыт валюты для насельніцтва: "Так ці інакш трэба нешта прыдумляць. Напрыклад, не даваць больш за 100 даляраў у адны рукі ці яшчэ нешта. А так сітуацыя не зменіцца".

Паводле ягоных прагнозаў, рынак наяўнай валюты застанецца ў ранейшым стане.

"Для насельніцтва будзе афіцыйны курс, па якім валюту не купіць, і чорны рынак, курс на якім будзе прыкладна ідэнтычны курс на міжбанку з папраўкай на рызыкоўнасць аперацый", - адзначыў эксперт.

Прадстаўнікі МВФ заяўляюць, што Беларусі неабходная "некаторая гнуткасць абменнага курсу". Пры гэтым яны заклікаюць Нацбанк уніфікаваць курс, адзначаючы, што множнасць абменных курсаў можа прывесці да сур'ёзных праблемаў у эканоміцы.

У канцы сакавіка Нацбанк рэкамендаваў здзяйсняць угоды куплі-продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб'ектамі гаспадарання па курсе, якія адхіляюцца ад афіцыйнага не больш чым на 10%. Да гэтага банкам было дазволена ўсталёўваць абменны курс для юрыдычных асоб з адхіленнем не больш чым на 2% ад курсу, што ўсталёўваецца Нацбанкам. Аднак пашырэнне калідора на пазабіржавым рынку да гэтага часу не прывяло да ягонага ажыўлення.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках