25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянер Пётр Кучко разваліў справу аб масавых беспарадках

176
Пенсіянер Пётр Кучко разваліў справу аб масавых беспарадках

Сенсацыяй трэцяга дня крымінальнага працэсу над Андрэем Саннікавым і некалькімі моладзевымі актывістамі стала сведчанне пенсіянера Пятра Кучко.

Сведка прадэманстраваў фотаздымкі, якія ён зрабіў непасрэдна пасля разгону акцыі на Плошчы, і заявіў, што там не было ніякіх прадметаў, аб якіх паведамляюць матэрыялы справы: рыдлёвак, ледасекаў, каністраў з запальнай сумессю пра якія казалі дзяржаўныя тэлеканалы ў фільме «Плошча. Жалезам па шкле», перадае «Радыё Свабода».

Амаль два дзесяткі чалавек захацелі выступіць у судзе над Саннікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікамі Плошчы ў якасці сведак таго, што акцыя 19 снежня была мірнай. За дзень выступілі журналіст Алег Груздзіловіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, юрыст Уладзімір Лабковіч, якія засведчылі, што шкло ў Доме ўрада білі зусім не удзельнікі дэманстрацыі пратэсту. Гэтыя людзі, нашкодзіўшы, ўцяклі з месца падзей, а міліцэйскія начальнікі, якія там знаходзіліся, не хацелі спыняць іхнія дзеянні і арыштоўваць іх.

Але больш за ўсё ўразілі сведчанні простых людзей, якія прыйшлі ў суд, каб расказаць пра тое бязмежжа, якое яны бачылі падчас разгону Плошчы спецслужбамі, аб тым, што людзі ішлі не граміць будынкі, а дамагацца свабодных выбараў. Сапраўднай жа сенсацыяй стала сведчанне менскага пенсіянера Пятра Кучко, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту і заставаўся на Плошчы пасля крывавага разгону фактычна апошнім: спецназаўцы чамусьці не затрымалі сталага чалавека - мабыць, падумалі, што ён хто-небудзь з начальства, мяркуе сведка:

«Мусіць, нехта падумаў, што я з кіраўніцтва і ўдзельнік самога працэсу затрымання...», - кажа пенсіянер.

Пётр Кучко, будучы на ​​Плошчы пасля разгону, заўважыў, што нічога там пасля дэманстрантаў не засталося, пляцоўка была чыстай. Якое ж было ягонае здзіўленне і абурэнне, калі ён паглядзеў фільм БТ «Жалезам па шкле», дзе былі паказаны розныя сякеры, лапаты, каністры з запальнай сумессю, якія нібыта засталіся пасля дэманстрантаў. Каб абвергнуць гэта, Кучко і прыйшоў у суд. Мала таго, ён прадэманстраваў 5 фотаздымкаў, якія зрабіў адразу пасля разгону Плошчы мабільным тэлефонам, і якія суддзя пасля доўгіх роздумаў у дарадчым пакоі адмовілася далучыць да справы, паколькі час вывучэння рэчыўных доказаў яшчэ не надыйшоў.

Пётр Кучко успрыняў гэтае рашэнне стрымана:

«Цяпер пастанова суда абвешчаная, таму будзем чакаць наступнага этапу, калі будуць прымацца рэчы ў якасці доказаў па справе».

Кучко кажа, што здымкі гэтыя зрабіў, каб не быць галаслоўным перад сябрамі, якія маглі б не паверыць, што ён быў на Плошчы і застаўся цэлым. Са сваіх здымкаў Кучко зняў аўтаматычнае вызначэнне даты і часу, паколькі раней гэта перашкаджала яму падчас ягонага хобі - фатаграфавання грыбоў. Але спецыялісты перакананыя, што ў сучасным мабільным тэлефоне можна лёгка вызначыць, калі былі зробленыя здымкі.

Падсудны Фёдар Мірзаянаў горача падзякаваў Пятру Міронавічу за здымкі, публіка ў зале пляскала. Шчырую падзяку выказала яму і маці Андрэя Саннікава Ала Уладзіміраўна:

«Я так ўдзячная, што ён гэтыя фтаздымкі зрабіў, і што ён прыйшоў сюды і паказаў, што ніякага злачынства, ніякіх масавых беспарадкаў не было. Але вы ж разумееце, што нават калі гэтае хадайніцтва адкінулі, то на што цяпер спадзявацца...».

Па словах цесця Андрэя Саннікава Уладзімір Халіпа, здымкі Пятра Кучко «абсалютна абвяргаюць хлусню, якую столькі часу ствараюць улады». «Гэта шок для ўлады», - перакананы Халіп.

На паседжанне суду прыйшлі шэсць студэнтаў БДЭУ, аднакурснікі і сяброў падсуднага Фёдара Мірзаянава. Гаворыць адна з іх Яна:

«Мы яго падтрымліваем. Мы былі вельмі радыя яго ўбачыць пасля такога доўгага часу. Мы вельмі ганарымся тым, як ён трымаўся на судзе, якія пытанні задаваў, таму што верым у яго, мы ведаем, што ён невінаваты і чакаем ягонага хутчэйшага вызвалення».

Маці Мірзаянава Людміла выказала абурэнне тым, як быў арганізаваны сам судовы працэс:

«Сёння ў зале была адкрыта толькі адна фрамуга, духата невыносная, кіслароду не хапае, засынаюць падсудныя. Гэтыя дні, пакуль ідзе судовы працэс, падсудныя пакутуюць. Не арганізаванае харчаванне. Сёння абедзенны перапынак склаў 20 хвілін. Чаму СІЗА не арганізуе прывоз сюды абедаў?»

Сама Людміла Мірзаянава 29 красавіка ледзь змагла трапіць на судовае пасяджэнне. Ёй з цяжкасцю знайшлі месца, таму што палову залы занялі невядомыя маладыя людзі, з выгляду актывісты БРСМ, які пратачыліся ў памяшканне пад выглядам сваякоў падсудных, а ў ходзе судовага паседжання многія з іх, не хаваючыся, спалі.

Напісаць каментар 176

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках