25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёньня ў літоўскім Сойме адбудзецца круглы стол по Астравецкай АЭС

5
Сёньня ў літоўскім Сойме адбудзецца круглы стол по Астравецкай АЭС

Сёньня ў літоўскім Сойме адбудзецца круглы стол, у часе якога будзе аналізавацца сытуацыя адносна Астравецкай АЭС з удзелам парлямэнтароў і экспэртаў, палітыкаў і актывістаў зь Літвы і Беларусі.

Літва на сёньняшні дзень не пацьвердзіла сваёй згоды на пабудову Астравецкай АЭС каля самай яе мяжы, але будаўнічыя працы на абранай пляцоўцы ужо пачаліся, і гэта выклікае вялікую заклапочанасьць у Літве, як патлумачыў адзін з арганізатараў круглага стала ў Сойме, старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс:

Мы ня цьвердзім катэгарычна, што электрастанцыя не патрэбная, але мы маем ужо пераканананьне, што АЭС ня можа быць пабудавана на рацэ Вільля—Нярыс, якая цячэ ў Вільню”.

Літва пратэстуе

Апошнім часам Літва ўсё больш актыўна уздымае пытаньне Астравецкай АЭС на міжнародным узроўні, паведамляе Радыё Свабода.

Кіраўнік камітэту замежных спраў Літвы Эмануэліс Зінгерыс, які нядаўна вярнуўся з Вашынгтону, дзе выступаў сьведкам на слуханьнях Кангрэсу ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, абмяркоўваў і праблему пабудовы АЭС каля межаў Літвы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі.

Непразрыстае, без увагі на думку грамадства, рашэньне Менску і, на жаль, Масквы адносна пабудовы АЭС каля самай сталіцы Вільні, на рацэ, якая цячэ да нас, — гэтае рашэньне яшчэ раз паказвае, што рэжым у Менску глядзіць на сваіх суседзяў зьверху ўніз і парушае правы ня толькі сваіх грамадзян, але і жыхароў Вільні. Не думаю, што спадару Лукашэнку удасцца гэта так лёгка, як удалося спадарам Пуціну і Шродару аформіць “Паўночную плынь” у Балтыйскім моры. Я упэўнены, што мы ўсе супольным голасам Эўразьвязу, а ня толькі голасам адной Літвы, будзем разьбірацца са спадаром Лукашэнкам”, – адзначыў кіраўнік камітэту замежных справаў Літвы.

Літва прапанавала ў часе апошняга паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі НАТО ўключыць у парадак дня пытаньне аб плянах Расеі і Беларусі будаваць АЭС каля яе межаў. Кіраўнік літоўскай дэлегацыі ў ПА НАТО, які зьяўляецца адным зь пяці віцэ–старшыняў Парлямэнцкай асамблеі НАТО, Пятрас Аўштравічус, плянуе таксама браць удзел у сёньняшнім круглым стале:

Мы зробім усё, каб гэты праект пабудовы АЭС у непасрэднай блізкасьці да Вільні атрымаў ацэнку з боку эўрапейскіх і іншых краін, і мы зробім усё магчымае, каб гэты праект не атрымаўся”.

“Стратэгічная памылка Беларусі”

Пятрас Аўштравічус ініцыяваў і вёў дыскусію аб атамнай энэргетыцы з удзелам палітыкаў, амбасадараў Японіі, Бэльгіі, Швэцыі і Расеі, навукоўцаў і прафэсыяналаў, а таксама грамадзкіх актывістаў, якая прайшла напярэдадні ў Інфармацыйным бюро Эўропы Сойму у рамках парлямэнцкага клюбу Эўропы. Парлямэнтар назваў рашэньне будаваць АЭС у 53–х км ад сталіцы Літвы “стратэгічнай памылкай” з боку “цяперяшняга ўраду Беларусі і краін, якія яе на гэта штурхаюць”.

Гэта вялізарная памылка з боку цяперашняга ураду Беларусі, калі там думалі, што пабудова АЭС у 53–х км ад дзяржаўнай сталіцы будзе не заўважаная. Я не прымаю аргумэнт уладаў Беларусі, што, маўляў, Вісагінская АЭС плянуецца на мяжы таксама. Так, але там няма паблізу вялікіх населеных пунктаў, а будаўнічая пляцоўка Астравецкай АЭС абраная каля Вільні і нам цяпер застаецца хіба рыхтаваць валізкі з рэчамі першай неабходнасьці. Гэтае рашэньне Беларусі аб Астравецкай АЭС прывядзе да вялікіх непрыемнасьцяў. І гэта яшчэ адзін паказьнік, як улады Беларусі лічаць, што могуць гуляць з лёсамі свайго народу і не зьвяртаць увагі на суседзяў, — кажа Пятрас Аўштравічус — Гэта палітычны праект. Інвэстыцыі будуць забясьпечвацца расейскім бокам. Гэта непасрэдна павялічыць уплыў Расеі на Беларусь”.

Астравецкая АЭС – частка палітыкі Расеі

Аналітыкі ў Літве праект пабудовы Астравецкай АЭС у Беларусі называюць часткай энэргетычнай палітыкі Расеі. Ініцыятыўная група сёньняшняга круглага стала ў Сойме ужо папярэдне абмяркоўвала магчымы зварот да палітыкаў Расеі з заклікам перагледзець рашэньне аб Астравецкай АЭС.

Мэты сёняшняга абмеркаваньня ў Сойме – аналіз сытуацыі і выпрацоўка стратэгіі дзеяньняў, якія б маглі спыніць пабудову АЭС на беларуска–літоўскай мяжы. Стасіс Каўшыніс:

Гэта будзе і прыняцьце новых дакумэнтаў, магчыма, гэта будзе зроблена сёньня, альбо пазьней у часе будучых нашых мерапрыемстваў, — дакумэнтаў, якія могуць пераканаўча, на міжнародным юрыдычным узроўні перашкаджаць неабдуманым рашэньням адносна пабудовы АЭС”.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках