25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу

3
Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу

Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце.

Amnesty International характарызуе Беларусь як краіну, у якой выконваюцца сьмяротныя пакараньні, улады жорстка абмяжоўваюць права на свабоду слова і сходаў, ігнаруюць паведамленьні аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, а вязьням сумленьня адмаўляюць у мэдычнай і юрыдычнай дапамозе, паведамляе Радыё Свабода.

Адносна прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ў справаздачы Amnesty International адзначана:

«На думку міжнародных назіральнікаў, выбары не адпавядалі стандартам АБСЭ. Аддзелы АМАПу разагналі з ужываньнем сілы пераважна мірную дэманстрацыю прыхільнікаў апазыцыі, якая адбылася пасьля завяршэньня выбараў увечары 19 сьнежня. Пасьля гэтых падзеяў улады ўзмацнілі ўціск дзейнасьці апазыцыйных актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў. Улады паддавалі іх самаўпраўным затрыманьням, ператрусам, пагражалі ім і ўсяляк прыгняталі».

Пра сьмяротнае пакараньне

«У сакавіку пакаралі сьмерцю Васіля Юзэпчука і Андрэя Жука, засуджаных да найвышэйшай меры пакараньня ў чэрвені і ліпені 2009 году адпаведна. Як і ў выпадку з усімі астатнімі карамі ў Беларусі, ні вязьняў, ні іх сваякоў не папярэдзілі загадзя пра дату выкананьня прысуду. Маці Андрэя Жука даведалася ўжо пра выкананы прысуд сыну 19 сакавіка, калі прынесла яму перадачу з прадуктамі. (...) 14 траўня Гарадзенскі абласны суд засудзіў Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыку да найвышэйшай меры пакараньня за наўмыснае забойства, разбой, падпал, выкраданьне непаўналетняга, крадзеж і рабаваньне. Вярхоўны суд 17 верасьня 2010 году пакінуў іх касацыйныя скаргі без задавальненьня. 14 верасьня Магілёўскі абласны суд засудзіў Ігара Мяліка на сьмерць за сэрыю разбойных нападаў і забойстваў, учыненых у 2009 годзе на аўтатрасе Магілёў-Гомель. Яшчэ аднаго фігуранта справы прысудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня, а трэці памёр пад вартай да таго, як скончыўся суд».

Пра свабоду слова

«1 ліпеня набыў моц указ прэзыдэнта № 60 «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт». Сярод іншага ўказ патрабуе ад інтэрнэт-правайдэраў правяраць асобу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг і даваць уладам інфармацыю пра абанэнтаў. Акрамя таго, уводзяцца меры, накіраваныя на абмежаваньне доступу да інфармацыі, якая можа лічыцца экстрэмісцкай, парнаграфічнай або зьвязанай з прапагандай гвалту, жорсткасьці і іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам».

Пра свабоду сходаў

«Пераважна мірная дэманстрацыя, якая адбылася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў увечары 19 сьнежня, была жорстка разагнаная байцамі АМАПу. Больш чым 700 асобам былі выстаўленыя абвінавачаньні ва ўчыненьні адміністрацыйных парушэньняў. Іх затрымалі на тэрмін ад 10 да 15 сутак. Затрымалі іх самаўпраўна за тое, што яны мірна пакарысталіся правам на свабоднае выказваньне меркаваньняў. У дачыненьні да шматлікіх дэманстрантаў супрацоўнікі праваахоўчых органаў ужылі празьмерную сілу».

Пра катаваньні

«18 студзеня 2010 году пракуратура Савецкага раёну Менску адмовіла ў завядзеньні крымінальнай справы па заяве аб катаваньнях, пададзенай Паўлам Леўшынам. 9 сьнежня 2009 году з падазрэньня ў крадзяжы яго затрымалі супрацоўнікі Савецкага РАУС. Паводле Паўла Леўшына, 10 сьнежня з 17:00 да 20:00 супрацоўнікі міліцыі катавалі яго і жорстка зь ім абыходзіліся. У заяве ў пракуратуру ён напісаў, што супрацоўнікі міліцыі надзелі на яго кайданкі, паклалі на жывот і загнулі ногі так, што іх прытрымлівалі счэпленыя рукі (так званая «ластаўка»). Яго білі гумовай дубінкай і плястмасавымі бутэлькамі з вадой. Акрамя таго, пяць разоў яму надзявалі на галаву пакет і трымалі да таго часу, пакуль ён не пачынаў задыхацца. Судовая мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што характар траўмаў адпавядае іх апісаньню, аднак пракуратура, спаслаўшыся на міліцэйскую справаздачу, заявіла, што ніякіх доказаў катаваньняў ня выяўлена».

Пра вязьняў сумленьня

«Па стане на канец 2010 году 29 асобам, у тым ліку шасьцём апазыцыйным кандыдатам у прэзыдэнты, сябрам іх выбарчых штабоў, а таксама журналістам былі выстаўленыя абвінавачаньні ў "арганізацыі масавых непарадкаў" у сувязі зь іх удзелам у дэманстрацыі 19 сьнежня. Ім пагражала да 15 гадоў турмы. Шмат каго зь іх абвінавацілі выключна за тое, што яны мірна выказвалі свае погляды; ня менш за 16 чалавек зь іх ліку зьяўляліся вязьнямі сумленьня. (...)

Андрэя Саньнікава – кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі – затрымалі на дэманстрацыі 19 сьнежня. Яго зьбілі байцы АМАПу, траўмуючы яму ногі. Разам з жонкай – журналісткай Ірынай Халіп – яго павезьлі ў лякарню, аднак машыну спынілі супрацоўнікі праваахоўчых органаў, а яго затрымалі. (...) 29 сьнежня Андрэю Саньнікаву выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве – арганізацыі масавых непарадкаў. Неўзабаве Ірыну Халіп таксама затрымалі і абвінавацілі ва ўчыненьні злачынства. Адвакату Андрэя Саньнікава толькі зрэдку дазвалялі бачыцца з падабаронным. Адвакат выказаў занепакоенасьць тым, што яго кліенту не аказваюць належнай мэдычнай дапамогі ў сувязі з траўмамі. Пасьля адвакату прыгразілі пазбаўленьнем званьня за тое, што ён узьняў пытаньне аб стане здароўя свайго кліента. (...)

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках