25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усе на народны сход!

124
Усе на народны сход!

Жорсткія прысуды ўдзельнікам мірнай акцыі 19 сьнежня, асабліва кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саньнікаву, выклікалі новую хвалю негатыўных эмоцыяў.

На форумах дэмакратычных СМІ зьявіліся сотні каментаў з праклёнамі ў бок дыктатарскага рэжыму і бясконцымі заклікамі «ШОС!!!!!!!!».

Апазыцыйныя палітыкі выказваюць мары аб тым, што гэта доўга працягвацца не можа, што ціск з боку Эўразьвязу і ЗША, паступовае прыдушваньне з боку Расеі, эканамічны крызіс і абураны народ вымусяць Лукашэнку у хуткім часе адпусьціць усіх палітвязьняў.

Ва ўсіх гэтых воклічах, абурэньнях і марах, на жаль, не чуваць сфармуляваных прапановаў аб тым, што павінна рабіць сама апазыцыя (лідары і актывісты дэмакратычных партыяў, няўрадавых арганізацыяў, а таксама ўсе прыхільнікі дэмакратыі), каб вызваліць сваіх сяброў з турмы.

Ці можа Лукашэнка вызваліць палітвязьняў і пайсьці на сыстэмныя рынкавыя рэформы пад узьдзеяньнем лагічна выкладзенай рацыянальнай аргументацыі? Не, бо ён якраз зь іррацыянальнай прагай да ўлады верыць ў сваю зорку, свой шчасьлівы лёс і што яму ўрэшце рэшт зноў пашэньціць, як тое было на працягу апошніх 16 гадоў. А таму ён лічыць, што трэба «не даць сябе нахіліць», «усім адкручваць галаву» і галоўнае «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца».

Ці могуць паўплываць на Лукашэнку розныя заявы палітычных партыяў і нешматлікія пікеты ў іх падтрымку? Не, бо пакуль у гэтых пікетах удзельнічаюць дзесяткі, ці хай нават сотні актывістаў, некалькі тысячаў амапаўцаў заўсёды будуць мець перавагу.

Ці можа паўплываць на Лукашэнку ціск з боку Эўропы і ЗША? Не, бо на ўсе іхнія «выказваньні занепакоенасьци» і «кропкавыя эканамічныя санкцыі» ён «пляваць хацеў», бо заявы «розных казлоў і быкоў» ніякім чынам не ўплываюць на дабрабыт сям’і Лукашэнкі. Тым больш яны дакладна ведаюць, што ўсе размовы аб мільёнах эўра заходняй дапамогі для апазыцыі — гэта вялікі падман і хлусьня з боку пэўных эўрапейскіх чыноўнікаў, якія займаюцца толькі імітацыяй барацьбы за дэмакратыю.

Ці можа паўплываць на Лукашэнку эканамічны ціск з боку Расеі? Не, бо Крэмль не ставіць перад сабою задачу адхіленьня дыктатара ад улады, а толькі хоча скупіць за бясцэнак найбольш значныя кавалкі беларускай уласнасьці, а вакол гэтай тэмы можна гандлявацца бясконца доўга.

Ці можа паўплываць на Лукашэнку паглыбленьне эканамічнага крызісу? Не, бо нават калі ўсе вакол будуць пухнуць з голаду, ён сабе і сваім сынам хлеб з маслам і ікрой заўсёды знойдзе. А пакуль людзі будуць выказваць незадаволеннасьць сваім эканамічным становішчам адзін аднаму на сваіх кухнях, а па выхадзе з дому выконваць усе загады сваіх начальнікаў, рэжым можа пачуваць сябе спакойна. Тым больш, што ў галовах большасьці людзей вырашэньне эканамічных праблемаў і палітычныя рэформы пакуль ніякім чынам не зьвязаныя.

Прымусіць Лукашэнку сыйсьці (як Ярузельскі, як Чаўшэску ці як Гітлер, гэта ўжо яму самаму вырашаць) могуць толькі сотні тысячаў пратэстуючых беларусаў, якія выйдуць на плошчы большасьці беларускіх гарадоў і рашуча запатрабуюць: «Сыходзь!» Пры гэтым настолькі рашуча, каб усе амапаўцы ясна разумелі, што калі яны палезуць на людзей са сваімі шчытамі і дубінкамі, то «гематомамі ягадзіцаў» не абыйдуцца. Але на раз-два, само сабою, без метадычнай працы ўсіх прыхільнікаў дэмакратычнага выбару такі выхад людзей на вуліцы немагчымы.

З улікам ўсяго вышэй сказанага аргкамітэт партыі «Беларускі Рух» зьвяртаецца да ўсіх людзей, якія не на словах, а на справе гатовыя змагацца за свабоду, разам, неадкладна пачаць кампанію па падрыхтоўцы і правядзеньні 16 кастрычніка Ўсебеларускага Народнага Сходу, і прапануе:

1. Ва ўсіх гарадох і пасёлках Беларусі, дзе знойдзецца група ініцыятыўных людзей хаця б з пяці чалавек, падаць заяўкі ў мясцовыя выканкамы на правядзеньне сходаў грамадзянаў з заяўленай тэмай: «Абмеркаваньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне, высьвятленьне таго, хто вінаваты ў зьбядненьні людзей і што трэба рабіць, каб беларускі народ выйшаў з эканамічнага тупіку».

Ў заяўках пазначыць, што арганізатары згодныя на любое месца збору (бо не важна, дзе сабірацца, важна, каб аб плянуемым сходзе даведаліся ўсе жыхары горада і хаця б 10% зь іх прынялі ўдзел у гэтым сходзе.) Вельмі важна, каб ва ўладаў не было фармальных юрыдычных нагодаў адмовіць у сходзе.

На сходы трэба запрасіць як прадстаўнікоў улады, так і прадстаўнікоў апазыцыі, каб людзі маглі самі вырашыць, хто вінаваты ў іхніх праблемах і чые прапановы найбольш перспектыўныя.

2. Заяўкі трэба падаць не пазьней траўня-чэрвеня, але ўсе на адзін дзень — 16 кастрычніка. Чатыры месяцы на падрыхтоўку сходаў трэба дзеля таго, каб апавясьціць максымальную колькасьць людзей і каб нагадаць ім аб сходзе 5-10 разоў.

Менавіта да кастрычніка людзі будуць мець магчымасьць пазбыцца ілюзіяў наконт абяцаньняў Лукашэнкі вырашыць усе праблемы за 1-2 месяцы, што Расея дасьць крэдыты і дапаможа, што ўсё само неяк вырашыцца. Да кастрычніка людзі пасьпеюць пасадзіць бульбу, выкапаць яе і падлічыць, ці хопіць пракарміць сям’ю пры тых цэнах, заробках і тым беспрацоўі, што складуцца ў кастрычніку.

Менавіта ў кастрычніку паглыбленьне эканамічнага крызісу, ціск з боку Эўразьвязу, ЗША і Расеі могуць радыкальна паўплываць на масавасьць народных сходаў (паўплываць, а не замяніць падрыхтоўчую працу!)

Праводзіць усе сходы неабходна ў адзін дзень, каб не даць уладам магчымасьць сканцэнтраваць ўвесь карны апарат у адным месцы.

3. Менавіта ў рамках падрыхтоўкі народных сходаў выступы ў СМІ лідараў апазыцыйных партыяў і праца соцен апазыцыйных актывістаў могуць прынесьці максымальную карысьць.

У той жа час усім прыхільнікам дэмакратычных зьменаў трэба ўсьвядоміць, што, пакуль лідары апазыцыі сядзяць у турмах ці падвяргаюцца іншаму судоваму перасьледу, а актывісты знайходзяцца ў вымушанай эміграцыі ці ў Беларусі пад шматгадовым прэсінгам ўладаў, апазыцыйным партыям самастойна з задачай падрыхтоўкі і правядзеньня народных сходаў не справіцца.

Толькі тады, калі большасьць з тых, хто ўваходзіў ў ініцыятыўныя групы апазыцыйных кандыдатаў, ставіў за іх вылучэньне свой подпіс і галасаваў за іх, самі, персанальна, будуць удзельнічаць у падрыхтоўцы сходаў, акцыя 16 кастрычніка можа быць пасьпяховай.

І персанальны ўдзел павінен быць не толькі ў тым, каб у інтэрнэце на форумах пісаць: «дыктатар-урод» ці «ШОС», а ў тым, каб закантактаваць з 20-50 сваімі роднымі, сябрамі і знаёмымі, сустрэцца зь імі і растлумачыць ідэю і мэтазгоднасьць сходаў 16 кастрычніка. Разам са сваімі аднадумцамі стварыць ініцыятыўную групу і не чакаючы нейкіх загадаў і сьпецыяльных прапановаў самім падаць заяўку на сход, самастойна прадумаць і правесьці агітацыю людзей, не чакаючы, што хтосьці вам напіша ўлётку і прывязе гатовы надрукаваны наклад.

Толькі тады, калі мы здолеем 16 кастрычніка выцягнуць дзесяткі тысячаў людзей на адкрытыя публічныя народныя сходы дзеля абмеркаваньня іх чыста эканамічных асабістых праблемаў, мы будзем мець падставы спадзявацца, што ў хуткім часе ўжо сотні тысячаў беларусаў — ці самі, ці па нашым закліку — выйдуць на плошчы беларускіх гарадоў з магутным воклічам: «Сыходзь!».

НА СХОД!

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі аграблены закованы народ!
Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў
Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў.
Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы
І пакажы на курганы і на крыжы.
І аб раскопаных магілах не забудзь,
Дзе груганы тваіх там продкаў косьці рвуць.
Як гналі пот зь цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі,
І як крываўляць раскаваныя рабы,
Як ты ўпадаеш зь непасільнай барацьбы.
Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі.
Як гібнеш зь дзецьмі ты ад катняе рукі—
Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы Народ!

Я.Купала.

Віктар Івашкевіч, naviny.by

Напісаць каментар 124

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках