25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ: Журналісты ў Беларусі ў небяспецы

4

7-8 чэрвеня ў Вільні праходзіла нарада аб бяспецы журналістаў у рэгіёне Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

У канферэнцыі прынялі ўдзел генеральны сакратар АБСЕ Марк Перэн дэ Брышамбо, старшыня ПА АБСЕ Петрас Эфціміу, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч, камісар Рады Еўропы па правах чалавека Томас Хамемберг, кіраўнікі МЗС Літвы і Украіны Аўдронюс Ажубаліс і Канстанцін Грышчанка, выканаўчы дырэктар арганізацыі «Фрыдам Хаус» Дэвід Крэймер, намеснік гендырэктара ЮНЕСКА па камунікацыі і інфармацыі Яніс Карклінс, дарадца прэзідэнта Расеі Міхаіл Фядотаў, прадстаўнікі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», Камітэта ў абарону журналістаў, Асацыяцыі еўрапейскіх журналістаў, Інстытута свабоды і бяспекі рэпарцёраў, Міжнароднай федэрацыі журналістаў.

Беларусь на канферэнцыі прадстаўлялі сайт charter97.org і незалежная газета «Народная воля». Супрацоўнікаў пралукашэнкаўскіх СМІ ў Літву не пусцілі.

Абмяркоўваючы сітуацыю са свабодай слова ў рэгіёне АБСЕ, удзельнікі нарады неаднаразова паднімалі тэму рэпрэсіяў супраць журналістаў у Беларусі. У выступах гучала, што Літва, дзе праходзіць канферэнцыя, знаходзіцца побач з дыктатарскай краінай, у якой душыцца любое іншадумства.

Вялікую занепакоенасць удзельнікаў канферэнцыі АБСЕ выклікалі забойствы ў Беларусі журналістаў Зміцера Завадскага, Веранікі Чаркасавай, смерць пры нявысветленых абставінах Алега Бябеніна, а таксама крымінальны пераслед журналіста «Газеты Выборчай» Анджэя Пачобута, рэдактаркі сайта charter97.org Наталлі Радзінай, журналісткі «Новой газеты» Ірыны Халіп. Асобна адзначалася, што ў беларускіх турмах сёння знаходзяцца прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Зміцер Бандарэнка, а таксама выказвалася занепакоенасць пагрозай закрыцця апошніх незалежных газет «Народная воля» і «Наша Ніва».

Усе выступоўцы былі адзіныя ў меркаванні, што ў дыктатарскай краіне незалежныя журналісты заўсёды знаходзяцца пад пагрозай.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках