25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вконтакте» вышлі на плошчу (Фота, відэа)

108
«Вконтакте» вышлі на плошчу (Фота, відэа)

(абноўлена) Абвешчаная ў сацыяльных сетках акцыя грамадзянскай салідарнасці сабрала на Кастрычніцкай плошчы па розных адзнаках ад 300 да 800 чалавек.

Увечары 8 чэрвеня актывісты груп «Вконтакте» «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» і «Моладзевая Інтэрнэт-платформа «Рух будучыні» сабраліся разам з усімі жадаючымі выказаць грамадзянскую пазіцыю ў форме мірнага пратэсту, паведамляе «Салідарнасць».

Людзі пачалі збірацца на плошчы з 19.00. Іхняя колькасць павялічвалася з кожнай хвілінай. На акцыі не было транспарантаў, сцягоў і расцяжак. Людзі прыходзілі, размаўлялі, жартавалі, чыталі кнігі на прыступках Палаца рэспублікі, каталіся на роварах.

Перыядычна над плошчай пракатвалася хваля апладысментаў, якую падтрымлівалі ўсе прысутныя. Як сталася, у цэнтры плошчы група слухачоў сабралася вакол мужчыны з гітарай, які праспяваў некалькі песень. Пасля некаторыя ўдзельнікі акцыі сабраліся ў кола і хорам праспявалі песню NRM «Тры чарапахі».

Каля 19.40 ўдзельнікі акцыі сталі разыходзіцца. Намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкама Ігар Яўсееў са сваімі калегамі відавочна здзіўляліся: ні лозунгаў, ні выкрыкаў, ні сцягоў.

Толькі песні і апладысменты. Бліжэй да 20.00 удзельнікі акцыі пакінулі плошчу.

Нагадаем, арганізатары акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікаюць на сваёй старонцы «Вконтакте» прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу кожную сераду ў 19.00. Пры гэтым яны не заклікаюць людзей да актыўных дзеянняў. Гэта ўжо другі па ліку перфоманс, арганізаваны з дапамогай групы з сацыяльнай сеткі. Па словах мадэратараў, у мінулую сераду на плошчы сабралася каля 180 удзельнікаў. Так што дынаміка, як гаворыцца, станоўчая і колькасны прырост відавочны.

Нагадаем, што ў поле зроку КДБ група «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» трапіла на мінулым тыдні, калі Зміцеру Няфёдаву, мадэратару суполкі «Рух будучыні», якая заклікае да «рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Няфёдаў паспеў на сваёй старонцы «Вконтакте» пакінуць запіс аб нечаканых візіцёрах. Іншыя кіраўнікі групы аператыўна на гэта адрэагавалі і выключылі яго са спісу адміністратараў, тым самым пазбавіўшы магчымасці каму-небудзь закрыць альбо пачысціць групу з ягонага кампутара. На думку экспертаў, павышаны інтарэс камітэтчыкаў да актыўнасці ў сацыяльных сетках, мера прэвентыўная і неабгрунтаваная.

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках